НЕ - ВАЙНЕ!
483

За адзін дзень усе журналісты ператварыліся ў ваенных карэспандэнтаў. Пагаварылі з украінскімі калегамі пра працу падчас вайны

10.05.2022 Крыніца: Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў

Як працуюць нашы ўкраінскія калегі ва ўмовах вайны? Ці пішуць пра што-небудзь, акрамя яе? Якія беларускія медыя чытаюць? І ці могуць журналісты ва Украіне па-ранейшаму заставацца нейтральнымі ў сваіх матэрыялах?

На гэтыя і іншыя пытанні БАЖ адказалі дырэктар Чарнігаўскай медыягрупы Яраслаў Сухамлін і галоўная рэдактарка анлайн-медыя “СвідоміЮлія Бондар.

Спачатку пра калег і іх праекты

Кампанія “Чарнігаўская медыягрупа”, якую ўзначальнае Яраслаў Сухамлін, працуе ад 1997 года. Да вайны тут увасаблялася шмат праектаў: некалькі друкаваных газет, глянцавы часопіс “BOOM!”,  былі свае кіёскі для распаўсюду прэсы ў Чарнігаве, сайты GOROD.cn.ua0462.ua,  GOROD.sumy.uamynizhyn.com , радыё. Таксама група ладзіла афлайнавыя імпрэзы, сярод якіх экскурсіі па старажытным Чарнігаве і вядомы ў горадзе і за яго межамі летні фестываль “Зелена сцэна”. У 2019 годзе Яраслаў і яго калегі распавядалі пра сваю шматгранную дзейнасць групе беларускіх журналістаў, якія прыязджалі ў Чарнігаў абмяняцца досведам з украінскімі калегамі.

Анлайн-медыя “Свідомі”, якім ад нядаўняга часу кіруе Юлія Бондар, тры гады таму стварыла журналістка Настасся Бакуліна. Асноўная канцэпцыя выдання да вайны была такая: рэдакцыя падавала пяць галоўных навін з Украіны ў дзень. Асноўнай пляцоўкай журналісты абралі Instagram, бо арыентуюцца на моладзь. Медыя канцэнтруецца на палітычных падзеях — улада, законы, мітынгі, знешняя палітыка. Такім чынам журналісты рэдакцыі змагаліся з ідэяй “Я па-за палітыкай”, праз лёгкую падачу навін прывучалі моладзь да палітычнай актыўнасці. Цяпер, акрамя Instagram, старонкі медыя існуюць у Facebook, Telegram, плануюць запусціць сайт.

 

— Калегі, раскажыце, як атрымліваецца наладзіць працу журналістаў у час вайны?

Яраслаў Сухамлін:

— Арганізаваць працу надзвычай цяжка. Уявіце, што надыходзіць дзень, калі ўсё, што вы стварылі, рассыпалася на кавалачкі. Калектыў, бізнес, планы, фінансы — усё абсалютна. Усім цяжка, людзі баяцца за свае сем’і, ніхто нічога не разумее і спрабуе прызвычаіцца да новых умоў. Ад самага пачатку вайны і да сёння ў нашай кампаніі працуюць толькі інтэрнэт-сайты. Астатнія праекты пастаўленыя на паўзу, верагодна, да заканчэння вайны.

Ад першага дня вайны і да пачатку красавіка, Чарнігаў бязлітасна бамбілі расійскія захопнікі. Кожны дзень. І кожную ноч. Людзі, жанчыны, старыя людзі, дзеці жылі ў падвалах паўтара месяца. Шмат хто застаўся без цяпла, электрычнасці, газа, вады.

Доступ да інтэрнэту або адсутнічае або эпізадычны і слабы. У такіх умовах журналісты і працавалі. Сказаць, што гэта цяжка — нічога не сказаць. Акрамя таго, наш рэдактар ​​пайшоў служыць войска, дызайнер — у тэрабарону.

Некалькі тыдняў журналісты былі пад абстрэламі без сувязі. Быў час, калі стужку навін напаўняў уласнаручна. Чарнігаў пакінула каля 70 працэнтаў супрацоўнікаў рэдакцыі, але некаторыя з іх працуюць дыстанцыйна, у тым ліку і я.

 

Юлія Бондар:

— Наша змена пачалася якраз раніцай 24 лютага. З-за свайго фармату — пяць навін на дзень — мы трохі разгубіліся. Але ўсё ж запусцілі стужку навін і публікавалі ўсё тое важнае, што з’яўлялася. Рэдактаркамі былі я і Настасся Бакуліна, а тры журналісты пісалі навіны. І ўсё ж людзей для такога аб’ёму інфармацыі было мала, таму прапанавалі ў сацсетках на валанцёрскіх пачатках далучыцца да каманды.

Цяпер навіны для нас піша 21 валанцёр. Ёсць валанцёры сярод дызайнераў і выпускаючых рэдактараў. Іх мы адразу папярэдзілі, што не зможам плаціць. Асноўная ж каманда па-ранейшаму атрымлівае заробкі.

Частку грошай мы пералічваем на армію, пра што папярэджваем нашых падпісчыкаў. Таксама мы запусцілі англамоўную сторонку, для гэтага ўзялі перакладчыкаў-валанцёраў.

У першыя дні вайны працу журналістаў наладзіць было няпроста. Фізічнай рэдакцыі ў медыя няма. Большасць каманды знаходзілася ў Кіеве і Харкаве, яшчэ частка — на Палтаўшчыне і Львоўшчыне. Усе, хто жыў у Кіеве, Харкаве і абласцях, з’ехалі на захад Украіны або за мяжу. Ужо некалькі тыдняў рэдакцыя працуе ў новым фармаце.

 

Раскажыце, як мяняецца праца журналіста ва ўмовах вайны. Што, напрыклад, катэгарычна нельга рабіць?

Яраслаў:

— Вайна накладае значныя абмежаванні на журналістаў. Напрыклад, нельга здымаць і выкладаць перамяшчэнні ўласных войскаў або наступствы абстрэлаў з прывязкай да мясцовасці. Гэта можа дапамагчы ворагу. Нельга, каб сваімі дзеяннямі ці публікацыямі журналіст стварыў небяспеку для сваіх грамадзян ці войска.

Юлія:

— У першыя дні вайны журналісты былі злосныя праз стомленасць і недасып. Цяпер можна крыху адпачываць. Яшчэ ў пачатку вайны не заўсёды быў час правяраць сапраўднасць навін. Часам трапляліся навіны без пацверджання. Цяпер плынь навін зменшылася. Журналісты зразумелі, каму можна давяраць.

Шмат калег адмовіліся ад рускамоўнай старонкі. Пакінулі толькі англамоўную і ўкраінамоўную версію.

Актыўна пачалі працаваць лакальныя журналісты, большасць журналістаў з рэпарцёраў перайшлі ў фіксеры, каб дапамагаць замежным медыям. Узрос попыт на дакументальнае фота, бо часу на вялікія тэксты не стае, а ўсе каналы ТБ транслююць адну і тую ж інфармацыю, каб адны тэлевізійшчыкі маглі адпачываць, пакуль іншыя ў эфіры.

Рэдакцыі сталі дзяліцца адна з адной фотаздымкамі, бо не ўсе маглі патрапіць у зону баявых дзеянняў. Напрыклад, у Марыупалі працавала два фатографы — Мсціслаў Чарноў і Яўген Малалетка. Таму ўсе выкарыстоўвалі іх здымкі з пазначэннем аўтарства.

Значную ролю ў часы вайны адыгрываюць лакальныя медыя, якія працягваюць працаваць ва ўмовах акупацыі.

Мы, напрыклад, сочым за херсонскім выданнем “МОСТ” і мелітопальскім “РИА Мелитополь”. Гэтым крыніцам мы давяраем. Таксама нашы медыя словы “Расія”, “РФ” пішуць з маленькай літары. І канешне, украінскія медыя зусім забыліся пра тэму COVID-2019.

Мстислав Чернов и Евгений Малолетка остались единственными журналистами в Мариуполе. Показали миру обстрелянный роддом

"Моя работа — документировать". О чем рассказывают журналисты из Германии, Украины и России, которые работают на войне

— Значыць, цяпер нашы ўкраінскія калегі пішуць толькі пра вайну?

Яраслаў:

— Выжыць і пермагчы — галоўныя задачы. Таму сапраўды пераважаюць тэмы пра вайну. Чытач хоча ведаць, што адбываецца на фронце, якая сітуацыя ва Украіне ў цэлым і ў нашым рэгіёне ў прыватнасці. Мы пішам пра дасягненні нашых вайскоўцаў, пра жах, які ўчыняюць расійскія акупанты — абстрэльваюць, скідаюць бомбы на жылыя кварталы. Таксама мы расказваем гісторыі тых, хто дапамагае гораду функцыянаваць, хто сумленна робіць сваю працу: вайскоўцы, валанцёры, медыкі, пекары, камунальшчыкі, проста людзі, якія самаарганізаваліся і дапамагаюць адзін аднаму.

Пішам і пра канкрэтныя побытавыя рэчы, якія могуць быць карыснымі ва ўмовах фактычна заблакаванага горада: дзе што можна купіць, як атрымаць дапамогу, дзе знайсці лекі, калі дадуць ваду і электрычнасць.

Юлія:

Сёння “Свідомі” пішуць пра вайну, пра асвету, якая змянілася падчас вайны, пра валанцёраў і пра знешнюю палітыку, але ўсё роўна праз фокус Украіны.

 

У вас быў 2014 год. Можа, журналісты ўжо былі падрыхтаваныя да таго, што прыйдзецца працаваць на вайне?

Яраслаў:

— Наш паўночны рэгіён Украіны не адчуваў напоўніцу ваенныя падзеі на ўсходзе. Я кажу не пра ваенных або валанцёраў, а пра звычайных людзей. Адпаведна, журналісты таксама не працавалі у рэальных ваенных дзеяннях. Трэба было хутка вучыцца. Нам дапамагалі нашы профільныя медыйныя арганізацыі, дапамаглі сродкамі абароны, аптэчкамі, паўэрбанкамі і іншымі патрэбнымі рэчамі. Такая цэхавая падтрымка вельмі важная.

 

Юлія:

— Я б сказала, што да вайны журналісты адначасова былі і не былі падрыхтаваныя. Прадчуванне вайны висела ў паветры ад лістапада. І мы ўжо ад лістапада пачалі актыўна сачыць за тым, што адбываецца на мяжы. У той жа час жыццё працягвалася.

А пачатак вайны стаў для журналістаў такім краш-тэстам, калі за адзін дзень усе ператварыліся ў ваенных карэспандэнтаў.

 

— Што цяжэй за ўсё даецца журналісту на вайне?

Яраслаў:

— Глядзець на пакуты людзей і расказваць ім пра іх, пра гора, што прынесла Расія на нашу зямлю, пра забітых дзяцей, разбураныя дамы, пра тое, колькі жыццяў, сем'яў, лёсаў назаўжды разбураныя… А дзеля чаго?

Што робіць Расія на нашай зямлі, з кім ваюе?

 

Юлія:

— Вельмі цяжка заставацца нейтральным. Некаторыя рэдактары ў сацсетках адкрыта ненавідзяць расіян, некаторыя могуць у эфіры адправіць Расію па курсе карабля. Хаця падручнікі і замежныя журналісты адзначаюць, што трэба трымаць у фокусе абодва бакі, украінскім журналістам гэта рабіць вельмі цяжка. Але трэба адзначыць, што інфармацыю прадстаўляюць заснаваную на фактах, а не на асабістых перакананнях.

 

— Калегі, як на вашу думку змянілася роля журналіста ва Украіне ў часы вайны?

Яраслаў:

— Ніяк не змянілася. У нас вольная краіна. Мы даўно звыклі да таго, што кожны можа свабодна выказваць сваю думку і сацсетках, і ў медыя. За гэта ніхто не насварыцца, а тым больш, не пасадзіць за краты. Падчас вайны, напэўна, узрастае адказнасць за тое, што піша журналіст. І тут гаворка не проста пра нейкія недакладнасці ў тэксце, а пра тое, што інфармацыя можа прывесці да страты людскіх жыццяў.

 

Юлія:

— Па маіх адчуваннях, журналістам пачалі больш давяраць. Кажуць, што нельга пераходзіць асабістую мяжу, сябраваць са сваімі героямі. Але з украінскімі журналістамі такое не працуе, бо гэта наша вайна. Часта журналісты пачынаюць збіраць гуманітарку сваім героям, купляць ім тэлефоны, дапамагаць у пошуках родных, і паспяхова. Паміж журналістамі знікла канкурэнцыя, бо ўсе сканцэнтраваліся на адным ворагу.

— Юлія, пытанне да вас. Ведаем, што вы не з’ехалі з Украіны. І не збіраецеся?

—  Пакульне. Вельмі люблю свой горад Гарышнія Плаўні, што ў Палтаўскай вобласці. Як журналістка, якая піша пра вайну, я прайшла спецыяльнае навучанне і мінімальна была гатовая. Расіяне да нашай вобласці пакуль не дайшлі. Калі будуць блізка, магчыма, буду выязджаць. Таксама не буду жыць у акупацыі. Бо не змагу бачыць у сваім горадзе расійскія трыкалоры.

Ад 27 лютага — штодня сірэны. Нават якраз цяпер, калі адказваю на вашы пытанні. У суседнім горадзе ракета знішчыла завод, але дома ўсё адно лепш. Ёсць страх, што Расія пачне ўжываць хімічную зброю, але падрыхтавацца да гэтага немагчыма.

 

— Як у гэтай сітуацыі нашы ўкраінскія калегі і ўкраінцы ўвогуле ставяцца да беларусаў?

Яраслаў:

— Скажу не за ўсіх, за сябе. Заўсёды ўкраінцы цёпла ставіліся да беларусаў. І ставяцца, як да братняга народу, з павагаю, прыязнасцю, як роўны да роўнага. Мы разумеем мовы адзін аднаго без перакладчыка, мы — ментальна блізкія. Але, напэўна, ёсць і тое, што нас адрознівае. Ва ўкраінцаў глыбока на генным узроўні сядзіць завостраная прага да свабоды, адчайная казаччына. Нас немагчыма скарыць. Калі нашу краіну і нашых людзей прыціснуць да краю, яны самаарганізуюцца, паўстануць і будуць абараняцца. Беларусам, на маю думку, гэтага не стае.

Украінцы да апошняга спадзяваліся, што беларусы не падтрымаюць вайну. І афіцыйна беларускія войскі не ўступілі на нашу тэрыторыю. Гэта плюс.

Але ў тым ліку і з Беларусі былі ракеты па ўкраінскіх гарадах, падымаюцца расійскія самалёты, ідуць танкі. Ад гэтага ў нас гінуць мірныя людзі і разбураюцца дамы. Таму давер да беларусаў, мякка кажучы, пахіснуўся. Яны дазволілі зайсці на сваю тэрыторыю чужой арміі і забіваць украінцаў. Гэта няправільна, не па-людску, не па-суседску.

Зразумейце: на мой горад ляцелі ракеты з Беларусі, забівалі маіх землякоў, разбуралі дамы. Як мне да гэтага ставіцца. Ці магчымае прымірэнне? З беларусамі, думаю, так, калі яны абяруць святло замест цемры. А з расіянамі — не. Гэта назаўжды.

 

Юлія:

—  Стаўленне да беларусаў сапраўды пагоршылася. Да тых, хто падтрымлівае РФ, хто маўчыць. Але мы ведаем, што ёсць партызаны. Дастаткова беларусаў падтрымліваюць Украіну пастамі ў сацсетках. А яшчэ ў нас ёсць шмат мемаў пра тое, “адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад”.

 

— Чытаеце беларускія медыя?

— З беларускіх медыя чытаю “Белсат”, бо там працуе сяброўка, што пераехала з Беларусі ў Львоў. Падпісаная для працы на некаторыя беларускія тэлеграм-каналы. А вось “Нехта” ў нас не любяць, бо там публікуюцца фотаздымкі з месцаў выбухаў.

Интервью ООН. Андрей Бастунец: «Порой ситуация кажется невыносимой»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!