НЕ - ВАЙНЕ!
269

З вамі гаворыць тэлевізар, альбо чаму не трэба слухаць імперскую прапаганду

28.10.2022 Крыніца: Мар'яна Ліс, "Штодзень"

Вельмі цяжка давесці некаторым сваякам, што самая страшная зброя ўсіх часоў і народаў – тэлевізар. Сам ён не забівае, але выгадоўвае забойцаў і тых, хто ўхваляе забойствы

Прапаганда імперскіх амбіцый вядома  яшчэ з часоў старажытных цывілізацый. Персы, якія нястомна захоплівалі  новыя землі і часам сілком перасялялі народы, не заўжды карысталіся  зброяй. Яны шчодра плацілі  аратарам, каб тыя на сваіх выступах расхвальвалі квітнеючую Персію, яе законы і парадкі. Глядзіш – і некаторыя землеўладальнікі самі жадалі далучыцца да вялікага Персідскага міру. Гісторыя сведчыць, што нават грэкі ў  VІ  ст. да нашай эры з гонарам насілі персідскае адзенне і ўпрыгожванні, замаўлялі персідскі посуд і стравы (не здзіўлюся, калі і мову вывучалі).

Персідскі цар Камбіз так моцна жадаў захапіць Егіпет, што прыдумаў  і распаўсюдзіў легенду, быццам ён унук фараона і нашчадак Бога Ра. І ўвогуле, Егіпецкія землі не аддзельныя ад Персідскіх. У захопленых краінах цар прызначаў сатрапаў і размяшчаў вялікія войскі, надзяліўшы іх зямельнымі ўчасткамі. Каб у выпадку чаго хутка душыць паўстанні.

Такім чынам, прапаганда як з’ява існавала задоўга да ўзнікнення самога тэрміна.

Яе масавае выкарыстанне адносіцца да Першай сусветнай вайны.  У той час для павышэння лаяльнасці і маральнага духу грамадзян рознымі краінамі актыўна прымяняліся такія сродкі як малюнкі, улёткі, вершы, фатаздымкі, радыёперадачы.

Да 1914 года слова “прапаганда” ўваходзіла толькі ў слоўнікі па літаратуры і валодала годным, узнёслым значэннем. Праз два гады гэтае слова  стала кепскім. У рэшце рэшт, ім сталі называць адкрытую хлусню.

У другой палове XX ст. мільёны людзей лёгка  верылі прапагандзе таталітарных рэжымаў.  Кіраўніцтва СССР шырока выкарыстоўвала яе і падчас Халоднай вайны, і падчас вайны ў В’етнаме. Падчас югаслаўскіх войн 1990-х гадоў прапаганда выкарыстоўвалася для стварэння страху і нянавісці, для настройвання сербскага насельніцтва супраць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў (баснійцаў, харватаў, албанцаў і іншых нясербаў).

Цяпер, у наш час, мы бачым не ўлёткі, а прапагандысцкія фільмы, ток-шоу, каментары і надакучлівыя навіны. У іх замоўчваюцца некаторыя факты, іншыя вырываюцца з кантэксту, распаўсюджваюцца  пэўныя погляды і чуткі, скажоная інфармацыя і заведама ілжывыя звесткі з мэтай фарміравання патрэбнай грамадскай калектыўнай думкі і маніпулявання свядомасцю.

Прапаганда  навязвае людзям тыя ці іншыя перакананні па прынцыпе «мэта апраўдвае сродкі». Распальваецца сацыяльная варожасць,  адбываецца эскалацыя канфліктаў, абвастрэнне супярэчнасцяў у грамадстве, абуджэнне нізінных інстынктаў і інш. Гэта дазваляе раз’яднаць людзей, зрабіць іх паслухмянымі. А тэхналогія стварэння “вобраза ворага” дазваляе згуртаваць натоўп і навязаць яму пэўныя перакананні і стэрэатыпы, стварыўшы ілюзорную, паралельную рэальнасць з перавернутай сістэмай каштоўнасцяў.

Асаблівасць расейскай прапаганды – заліваць вострыя пытанні патокамі хлусні. Яна аператыўная, бесперапынная, нелагічная і выкарыстоўвае прынцып шматразовага паўтарэння, з дапамогай якога інфармацыя ўкараняецца ў глыбіні падсвядомасці. Зрэшты, даследаванні ў галіне псіхалогіі пацвярджаюць паспяховасць такой мадэлі.

Расейская прапаганда не перастае распавядаць, як сілы РФ паспяхова “знішчаюць”, “ліквідуюць” або бяруць у палон ворагаў – украінскіх “нацыяналістаў”, “неанацыстаў” і “бандэраўцаў”. У рэчаіснасці гаворка ідзе аб любых украінскіх вайскоўцах. У ходзе баявых дзеянняў загінулі тысячы мірных грамадзян, але пра гэта не згадваецца. Як і пра тое, што на баку РФ ваююць расейцы-неанацысты.

Вельмі цяжка давесці некаторым сваякам, што самая страшная зброя ўсіх часоў і народаў – тэлевізар. Сам ён не забівае, але выгадоўвае забойцаў і тых, хто ўхваляе забойствы. У выпадку безальтэрнатыўнай інфармацыі гэта зброя працуе выдатна. Хто валодае інфармацыйным полем – той валодае светам, бо сам стварае яго. Свядомасць тых, хто сядзіць перад тэлевізарам, створана ілжывымі СМІ.

Пра разнастайныя варыянты выкарыстання прапаганды пісаў у сваіх творах “Скотны двор” і “1984” Джордж Оруэл. Ці не таму ён цяпер забаронены, як і іншыя годныя пісьменнікі?

Дарэчы, пра кнігі. Самая лепшая абарона ад тэлевізара і прапаганды – гэта асвета і начытанасць, гэта культура,  крытычнае мысленне і інтэлект. У такіх колах прагляд тэлевізара даўно стаў прыкметай благога тону. Сёння мала каго можна здзівіць словамі «Я не гляджу тэлевізар, у мяне яго няма».

Прапаганда, тэрор  і хлусня не дапамаглі ні Персідскай, ні Рымскай, ні Асманскай, ні Мангольскай, ні Юаньскай, ні Брытанскай імперыям.  Усе яны заканчваюць аднолькава – развальваюцца.

Чытайце яшчэ:

МУС прызнаў адразу 625 чалавек "экстрэмістамі". Сярод "новенькіх" — галоўны рэдактар "Новага часу" Аксана Колб

Аляксандр Сацук: «Жонка Сяргея баіцца, каб рэчы з дома не пачалі выносіць...»

Выйшаў на волю з калоніі журналіст “Першага рэгіёна” Сяргей Гардзіевіч

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!