503 0

Як зрабіць выбары незаўважнымі? БАЖ прэзентаваў маніторынг асвятлення парламенцкай кампаніі-2016

28.09.2016 Крыніца: Група маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Маніторынг: “Асвятленне парламенцкіх выбараў 2016 г. у беларускіх СМІ”
(4 ліпеня – 21 верасня 2016 г.)
Выніковы даклад

Уводзіны

Даклад падсумоўвае вынікі маніторынгу асвятлення парламенцкай кампаніі 2016 г. у Беларусі. Маніторынг меў на мэце спрыяць прафесійнаму і аб’ектыўнаму асвятленню выбарчай кампаніі.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, якая праводзіла гэты маніторынг, імкнулася з’вярнуць увагу калег на неабходнасць нескажона, неперадузята і поўна інфармаваць выбаршчыкаў пра электаральны працэс, праграмы кандыдатаў, а таксама меркаванні іх прыхільнікаў і апанентаў.

Метадалогія маніторынгу дазваляе апісваць як агульны кантэкст, так і асобныя выпадкі непрафесійнага асвятлення выбарчай кампаніі. Медыйныя матэрыялы аналізаваліся з гледзішча якасных і колькасных паказчыкаў. Найбольш істотнымі для іх ацэнкі з’яўляліся міжнародна прызнаныя прынцыпы і стандарты асвятлення выбарчых кампаній, а таксама нормы журналісцкай этыкі.

Даклад улічвае дадзеныя, атрыманыя цягам усяго перыяду маніторынгу.

Падсумаванне

Дзяржаўныя медыя асвятлялі выбарчую кампанію ў сваёй традыцыйнай манеры, а менаіта:

  • дамінантнае становішча ў іх займалі Цэнтральная і іншыя выбарчыя камісіі. Прадстаўнікі гэтых камісій (найчасцей старшыні) мелі найбольшы эфірны час параўнальна з усімі іншымі персаніфікаванымі суб’ектамі маніторынгу. Да таго ж дзяржаўныя медыя рэпрэзентавалі гэтыя камісіі як найбольш кампетэнтныя крыніцы інфармацыі датычна выбарчага працэсу;

  • у навінавых праграмах пераважала дэперсаніфікаваная манера рэпрэзентацыі кандыдатаў у дэпутаты. Што праўда, зрэдчас дзяржаўныя медыя стваралі калектыўны партрэт кандыдатаў, падзяляючы іх на розныя катэгорыі;

  • палітычныя партыі, якія ўдзельнічалі ў выбарах, заставаліся ў цені і былі рэпрэзентаваныя пад агульнай назвай “палітычныя партыі”. Доля часу і плошчы, адведзеная ім, была мізэрная;

  • дыскусіі з выбаршчыкамі адсутнічалі. Апошнія, як правіла, былі рэпрэзентаваныя дэперсаніфікавана;

  • прыкладна аднолькавую ўвагу дзяржаўныя медыя надалі назіральнікам з краін СНД і місіі БДІПЧ АБСЕ і ацэньвалі іх дзейнасць пераважна нейтральна;

  • параўнальна са спартыўнымі выпускамі інфармацыйных праграм ці прагнозамі надвор’я, выбарчая тэматыка альбо была сувымернай, альбо саступала ім. З завяршэннем летняй алімпіяды не паменшыла спартыўнай інфармацыі, але і не павялічылася істотна доля выбарчай тэматыкі;

  • нягледзячы на тое, што кандыдаты атрымалі магчымасць звярнуцца да выбаршчыкаў па тэлебачанні і радыё, увага да гэтых зваротаў ніяк не акцэнтавалася. Тэлевізійныя праграмы падавалі іх выступы пад назвай “Выбары 2016” альбо “Выступления кандидатов в депутаты Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь шестого созыва”. Канкрэтныя прозвішчы кандыдатаў, а таксама дакладны час выступу кожнага з іх не ўказваліся;

  • інфармацыйныя сайты буйнейшых дзяржаўных медыя таксама не падавалі канкрэтнай інфармацыі пра дзень і час выступаў кандыдатаў па ТБ і радыё;

  • недзяржаўныя медыя надалі большую ўвагу кандыдатам і палітычным партыям, што ўдзельнічалі ў выбарах. Пры гэтым, праўда, ані партал tut.by, ані друкаваныя недзяржаўныя медыя не сталі рэальнымі канкурэнтамі дзяржаўных тэле- і радыёканалаў;

  • па завяршэнні выбарчай кампаніі дзяржаўныя і недзяржаўныя медыя падавалі адрозныя ацэнкі працэдуры галасавання, падліку галасоў, вынікаў галасавання дый самой выбарчай кампаніі.

Асноўныя факты

Дзяржаўныя медыя

Нягледзячы на тое, што падчас агітацыйнай кампаніі дзяржаўныя медыя павялічылі ўвагу да кандыдатаў, рэпрэзентуючы іх галоўным чынам неперсаніфікавана, Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК) разам з абласнымі камісіямі (АК) захавала сваё лідзіруючае месца. Так, паводле выніковых дадзеных (11.07.16 – 11.09.16), у тыднёвай праграме “Главный эфир” (“Беларусь 1”) яны мелі амаль 44% эфірнага часу, у тэлевізійнай праграме “Наши новости” ОНТ — 17 %, у праграме “Радыёфакт” – амаль 34% параўнальна з усімі астатнімі суб’ектамі маніторынгу. У рэгіянальных тэлепраграмах (“Навіны. Гомель” і “Навіны-рэгіён” — ТРК “Магілёў”) дамінавалі абласныя і ўчастковыя камісіі (да 40% часу параўнальна з усімі астатнімі суб’ектамі выбарчага працэсу).

Як можна бачыць на адпаведных графіках, дзяржаўныя медыя, назіральнікі місій СНД і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ацэньвалі дзейнасць гэтых камісій станоўча. Напрыклад, прадстаўнік назіральнай місіі СНД сп. Ташыбаеў казаў: “… мы бы хотели отметить хорошую подготовку руководителей округовых избирательных комиссий, профессиональный подход со стороны председателей участковых комиссий…” (“Радыёфакт” – 02.08.16). Назіральнік той жа місіі сп. Віктар Мялешка пдкрэсліў: “За время пребывания на Слонимщине я посетил целый ряд избирательных участков как в городе, так и на селе, наблюдал за работой окружной избирательной комиссии. Избирательный процесс в Слонимском районе проходит на высоком организационном уровне” (“Слонімскі веснік”– 14.09.16). Дый самі прадстаўнікі гэтых камісій пазітыўна ацэньвалі сваю працу.

Адрозна ад іх і дзяржаўных службоўцаў, маніторынгавыя праграмы рэпрэзентавалі патэнцыйных, а потым і зарэгістраваных кандыдатаў у пераважна дэперсаніфікаванай форме, г.зн. не называючы іх прозвішчаў, не пазначаючы іх партайнай прыналежнасці. Вось адно з тыповых апісанняў, якое агучыла карэспандэнт тэлепраграмы “Навіны-рэгіён” ТРК “Магілёў”: “Акрамя інтэлігенцыі, свае кандыдатуры на дэпутацкія месцы ў парламенце вылучылі прамыслоўцы, транспартнікі, будаўнікі – восем працэнтаў ад агульнай колькасці; столькі ж – прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, чвэрць прадстаўленых кандыдатур – жанчыны. Восем працэнтаў – моладзь да трыццаці год. Ад васьмідзесяці пяці патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, – было агучана падчас прэс-канферэнцыі, – у акруговыя камісіі вобласці паступіла сто восем пакетаў дакументаў. Паводле суб’ектаў вылучэння яны размеркаваліся наступным чынам: сорак два – грамадзяне шляхам збору подпісаў, васямнаццаць – ад працоўных калектываў”.

У праграме “Главный эфир” (21.08.16) старшыня Белтэлерадыёкампаніі сп. Давыдзька, азнаёміўшыся з выступамі кандыдатаў, намаляваў такі партрэт, падзяліўшы іх на тры групы: “Первая группа — это такие, знаете, состоявшиеся, опытные люди: директора школ, предприятий, производств. Они уверены в себе. Они, как правило, хорошо подготовились к выступлению, знают что делают, зачем идут в парламент. И умеют держаться перед камерой.

Вторая группа, категория людей, — это, грубо говоря, партия сказала «надо», значит я ответил «есть». То есть, они не сильно, возможно, верят там в победу, но в мере своих способностей пытаются сделать узнаваемым свой бренд, ну и себя, и партию.

И третий вот самый интересный, как мне кажется, такой вот приход новых людей в нашу избирательную историю, вообще, да. Это вот такие кандидаты «на авось». За ними нет никакого опыта, они идут на выборы, не зная «зачем», не умея, собственно говоря, себя подать и часто несут околесицу”. Пададзеныя ацэнкі кожнай з груп не пакідалі сумневу за каго галасаваць.

Другі ўдзельнік дыскусіі, галоўны рэдактар дзяржаўнай газеты «Звязда» сп. Карлюкевіч дапоўніў: “Мне здаецца, яшчэ ёсць такая катэгорыя вельмі вядомых асоб… у інфармацыйнай прасторы…  Іх праграмы скіраваны на, ну, папярэдне ўжо плануемыя ў сваім уяўленні, што людзі ведаюць, што гэта будуць аўтары гэтых праграм выключна крытыкаваць, выключна выстаўляць пэўныя лозунгі,  вось, і дастаткова, ну лозунгі без глебы”.

А галоўны рэдактар газеты “Беларусь сегодня” сп. Якубовіч выказаў меркаванне, што адказныя кандыдаты ў дэпутаты “должны… риторику сменить и говорить так, что «я помогу власти вот в вопросе парковок, если я стану кандидатом в депутаты, я помогу власти навести порядок в микрорайоне по таким, по таким вопросам…”. Прапанова, як можна бачыць, моцна абмяжоўвала заканадаўчы статус будучых дэпутатаў, а, да таго ж, і ставіла пад сумнеў неабходнасць падзелу ўлады ў нашай краіне.

Апісваючы падобным чынам кандыдатаў, маніторынгавыя праграмы адвялі ім дастаткова шмат часу (ад 7 да 14% у залежнасці ад праграмы), што стварала ўражанне прысутнасці апошніх у медыйным полі, але ніякім чынам не знаёміла выбаршчыкаў з палітычнымі платформамі кандыдатаў і тых плітычных партый, якія іх падтрымлівалі.

Што да медыйнай прысутнасці палітычных партый, дык яна была не проста меншай, а мізэрнай, калі пра іх увогуле штосьці казалі. Напрыклад, праграмы “Наши новости” ОНТ, “Панарама” (“Беларусь 1”), “Главный эфир” (“Беларусь 1”) нічога не казалі пра канкрэтныя палітычныя партыі. А ў тых выпадках, калі пра іх штосьці казалася, доля часу і плошчы была меншай за 0,5% (напрыклад, гл. Графікі інфармацыйнага парталу belta.by ці праграмы “Радыёфакт”).

Замест канкрэтных апазіцыйных партый у дзяржаўных медыя была прадстаўлена “апазіцыя” ў якасці дэперсаніфікаванага суб’екта. Праўда, медыйная ўвага была зусім невялікай, можна сказаць нікчэмнай, параўнальна з папярэднімі выбарчымі кампаніямі.

Рэальным персаніфікаваным актарам гэтай кампаніі стаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ). Падчас мінулагодняй прэзідэнцкай кампаніі яго роля не была такой заўважнай. Дзейнасць гэтай праўладнай арганізацыі была пададзена выключна ў пазітыўным ключы, а яе прадстаўнікі мелі доступ да эфіру, у адрозненне ад хоць якіх апазіцыйных партый, рухаў ці няўрадавых арганізацый (прыклад у праграме ”Наши Новости” ОНТ, 03.08.16).

Павышаную медыйную увагу да БРСМ, напэўна, можна патлумачыць шматбаковасцю яе дзейнасці падчас выбарчай кампаніі. Як паведаміў першы сакратар сп. Белякоў, “союз молодежи всегда был достаточно активным участником политических кампаний, в том числе и этой…”; “из членов БРСМ включено шесть представителей в состав областных и Минской городской комиссии; округовых комиссий – девяносто человек и участковых – около трех с половиной тысяч членов БРСМ. По состоянию на первого августа уже аккредитовано сто восемь наблюдателей, причем мы планируем до двадцатого августа аккредитовать не менее пяти с половиной тысяч представителей БРСМ”; “мы подключимся уже и в период агитации за кандидатов” (“Радыёфакт 08.08.16). Інакш кажучы, арганізацыя займалася не толькі мабілізацыяй маладых выбаршчыкаў, не толькі падлікам галасоў і назіраннем, але і падтрымлівала сваіх кандыдатаў падчас агітацыйнай кампаніі. Урэшце, як стала потым вядома, лідар гэтай арганізацыі быў прызначаны дэпутатам верхняй палаты парламенту.

Выбаршчыкі рэпрэзентаваліся галоўным чынам ананімна. Іхнія галасы былі чутныя пераважна ў тых выпадках, калі гаворка ішла пра неабходнасць удзелу ў выбарах.

Увага да дзейнасці назіральнікаў з краін СНД і місіі БДІПЧ АБСЕ, як мы адзначалі вышэй, была размеркаваная прыкладна пароўну. Дамінавала нейтральная манера рэпрэзентацыі,  кароткія інтэрв’ю з прадстаўнікаміі гэтых місій раз-пораз з’яўляліся ў дзяржаўных медыя. Разам з тым трэба адзначыць, што меркаванні прадстаўнікоў назіральнай місіі СНД гучалі ў эфіры электронных медыя часцей за меркаванні іх калег з місіі БДІПЧ АБСЕ. Напрыклад, у праграме “Панарама”, паводле дадзеных за перыяд з 25.07.16 па 10.09.16, прадстаўнікі місіі СНД прамаўлялі наўпрост, а не ў пераказе журналістаў, у два разы даўжэй за сваіх заходніх калег. Да таго ж, меркаванні апошніх часам ацэньваліся негатыўна.

У тых жа медыя прысутнічалі, хоць і ў значна меншым аб’ёме, і меркаванні прадстаўнікоў місіі назіральнікаў ад Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС).

Нягледзячы на тое, што маніторынгавыя медыя падавалі дастаткова шмат інфармацыі пра выбарчы працэс (галоўным чынам арганізацыйнага і падрыхтоўча-тэхнічнага плану), выбарчая тэматыка была далёка не прыярытэтнай. Як мы адзначалі ў прамежкавых бюлетэнях, чатырохгадовы цыкл парламенцкіх выбараў у Беларусі супадае з гэткім жа цыклам летніх алімпійскіх гульняў. Але калі падчас папярэдніх выбараў кандыдатаў рэгістравалі пасля заканчэння алімпійскіх гульняў, то на гэты раз – да іх завяршэння, у выніку чаго ладная частка выбарчай кампаніі супала з тэлевізійнымі трансляцыямі гэтай спартыўнай падзеі. У выніку час, адведзены выбарчай тэматыцы, альбо саступаў спартыўным навінам (як у выпадку з тэлевізійнай праграмай “Наши новости” ОНТ, “Навіны”, Радыё “Сталіца”), альбо быў сувымерны (як у выпадку з праграмай “Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё) ці “Навіны-рэгіён” ТРК “Магілёў”) (гл. адпаведныя выніковыя графікі). Да таго ж сюжэты, прысвечаныя выбарам, з’яўляліся не на пачатку, а, як правіла, у сярэдзіне інфармацыйных выпускаў. У некаторых выпадках выбарчая тэматыка была сувымерная па часе з прагнозам надвор’я ў інфармацыйных праграмах.

Прамы доступ

Зарэгістраваныя кандыдаты атрымалі магчымасць выступіць у эфіры дзяржаўных электронных медыя — тэлеканалаў «Беларусь 3», “СТВ”, мясцовых радыё, а таксама бясплатна надрукаваць свае праграмы ў вызначаных ЦВК дзяржаўных газетах. Трансляцыя выступаў кандыдатаў па ТБ адбывалася з 19.00 да 20.00, а па радыё — з 07.00 да 08.00 і прыпадала на працоўныя дні.

У праграме перадач тэлеканала “Беларусь 3” гэты эфір быў пазначаны як "Выбары-2016". Цікава, што пад гэтай агульнай назвай трансляваліся не толькі выступы кандыдатаў, але і дэбаты. Да таго ж праграма не паведамляла, што мае адбыцца ў перадачы і хто ў ёй бярэ ўдзел.

Што праўда, у праграме перадач канала “СТВ” звароты кандыдатаў былі вылучаныя асобна — “Выступления кандидатов в депутаты Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь шестого созыва”. Але прозвішчы кандыдатаў, а таксама дакладны час іх выступаў адсутнічалі. Разам з тым, праграма перадач гэтага канала мела і рубрыку “Выборы 2016”, дзе далей невыразна было пазначана “Дебаты”. Такая своеасаблівая інфаграфіка, як і сама назва (пад гэтай назвай на тэлеканале “Беларусь 3” адбываліся выступы кандыдатаў) ніяк не акцэнтавала ўвагу да інфармацыі.

У той час як надрукаваныя ў газетах тэлепраграмы не канкрэтызавалі хто і калі будзе выступаць ці ўдзельнічаць у дэбатах, назвы кінафільмаў і серыялаў не толькі падаваліся вялікімі і тлустымі літарамі, але і суправаджаліся анатацыямі, у якіх фігуравалі нават прозвішчы галоўных герояў. Напрыклад, ТБ-праграма канала “Беларусь 2” рэпрэзентавала “ДЕТЕКТИВ «ОБМАНИ МЕНЯ-2» наступным чынам: “Убойный отдел ГУВД. Самые громкие… дела достаются… капитанам Филлипову, Лернеру, Ильинскому и старшему лейтенанту Стрельниковой» (“Беларусь 2”, 29.08.16).

Напрыканцы адзначым, што ні самі каналы, ні шырока рэкламаваны дзяржаўнымі медыя інфармацыйны партал “Выборы 2016”, ні спецпраект БЕЛТА “Парламентские выборы 2016”, ні сайт Белтэлерадыёкампаніі не падавалі інфармацыю пра выступы і дэбаты (дзень, час і канкрэтныя прозвішчы кандыдатаў). Да таго ж, сайт Белтэлерадыёкампаніі не выклаў ніводзін з выступаў. Тым самым ён пазбавіў магчымасці пазнаёміцца са зместам праграм абраных кандыдатаў тых выбаршчыкаў, якія раней не змаглі паглядзець трансляцыю па тэлебачанні.

Такім чынам, адсутнасць хоць якога сур’ёзнага анансавання ў медыя выступаў і дэбатаў кандыдатаў, а таксама канкрэтнай інфармацыі пра тое, хто і калі мусіў прамаўляць, ёсць фактычна працягам агульнай тэндэнцыі дэперсаніфікаванай рэпрэзентацыі галоўных дзеючых асоб выбарчай кампаніі ў дзяржаўных медыя. Выкарыстанне абстрактнай назвы “Выборы 2016”, пад якой тэлеканал “Беларусь 3” дэманстраваў таксама і расійска-савецкія дакументальныя фільмы (напрыклад, фільм пра стварэнне савецкага аўтамабіля “ЗИЛ” цягам 40 хвілін — 29.08.16) дэзарыентаваў выбаршчыкаў і пазбаўляў іх магчымасці азнаёміцца з праграмамі сваіх кандыдатаў.

Недзяржаўныя медыя

Недзяржаўныя медыя, відавочна, менш увагі надалі арганізацыйнай і тэхнічнай інфармацыі датычна выбарчага працэсу. Да таго ж яны імкнуліся пазбягаць дэперсаніфікаванай манеры рэпрэзентацыі яго суб’ектаў. Перадусім гэта тычыцца інфармацыйнага партала tut.by і газеты “Народная Воля”. Гэтыя рэсурсы імкнуліся мінімізаваць ужыванне абстрактных і дэперсаніфікаваных паняццяў — такіх як “палітычныя партыі”, “кандыдат”ці “электарат”.

Пасля рэгістрацыі кандыдатаў на інтэрнэт-старонках партала tut.by з’явілася дастаткова вялікая колькасць прозвішчаў кандыдатаў і інфармацыі пра іх. Тое ж самае тычыцца і палітычных партый, якія былі ў той ці іншай ступені прадстаўленыя пад сваімі афіцыйнымі назвамі. У адмысловай перадачы "Гость TUT.BY" партал ладзіў інтэрв’ю з лідарамі партый, што бралі ўдзел у выбарах. На перадачу (працягласцю  35–55 хвілін)  запрашалі лідараў як апазіцыйных, так і праўладных партый (1–3 чалавекі). Вядучы, як правіла, практыкаваў крытычны погляд на праграмы партый і іх кандыдатаў.

Кандыдатаў гэты партал рэпрэзентаваў пераважна нейтральна, а станоўчыя і адмоўныя ацэнкі былі збалансаваныя.

У адрозненне ад tut.by, агульнанацыянальная “Народная Воля” падавала больш кантрастныя (пераважна адмоўныя) ацэнкі дзейнасці ЦВК, улады, дзеючага парламента, Прэзідэнта, выбарчых участкаў і г.д. Разам з тым, канкрэтных кандыдатаў яна ацэньвала галоўным чынам нейтральна.

“Комсомольская правда в Белоруссии” (“Таўстушка”) пэўны перыяд маніторынгу ўвогуле не друкавала ніякіх матэрыялаў, прысвечаных тэме выбараў. А калі пазней пачала пісаць пра некаторых кандыдатаў, то плошча, адведзеная ім, была мізэрная. Палітычныя партыі ўзгадваліся адно мімаходзь.

На пачатку кампаніі рэгіянальныя недзяржаўныя газеты (“Intex-press” і “Газета Слонімская”) таксама не выявілі хоць якой сур’ёзнай увагі да выбарчай тэматыкі. Але пазней досыць часта факусіравалі сваю ўвагу на мясцовых кандыдатах у парламент, пра якіх пісалі нейтральна.

Ацэнкі выбарчай кампаніі

Традыцыйна журналісты дзяржаўных медыя, а таксама іх суразмоўцы станоўча ацэньвалі выбарчую кампанію.

У праграме “Главный эфир “ Беларусь 1 (11.09.16) старшыня ЦВК спн. Ярмошына сказала: “Это были самые либеральные выборы за последние двадцать лет». Як дэмакратычныя ацаніў іх і кіраўнік місіі СНД сп. Лебедзеў: "Они были демократичными и прозрачными. И, самое главное, они обеспечили право граждан Беларуси на свободное волеизъявление".

Як прыклад для пераймання ахарактарызавала выбары місія назіральнікаў ад ШАС: "То, что мы увидели, безусловно, можно отнести к разряду образцового проведения выборов депутатов в парламент”.

Што да пазіцыі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ, то яна была інтэрпрэтаваная дзяржаўнымі медыя неадназначна.

Так, беларускія афіцыйныя асобы заяўлялі: “Мы выполнили практически все установки и замечания БДИПЧ ОБСЕ. Семьдесят пять процентов прозрачных урн, а также доступ к подсчету голосов. Буквально у столов стояли наблюдатели, которым было позволено видеть, как идет подсчет голосов на каждом избирательном участке” (“Наши Новости” ОНТ – 12.09.16). Праўда, праз некалькі дзён пасля гэтага дзяржаўны інфармацыйны партал belta.by напісаў: “Лидия Ермошина констатировала, что по одному из самых прогрессивных избирательных округов – Старовиленскому в городе Минске – ей пришла фотография, где показаны спины членов избирательных комиссий, которые считают голоса”.

Кент Харстэд, спецыяльны каардынатар назіральнікаў АБСЕ, сказаў: “Беларуси еще нужно проделать много работы, чтобы прийти к выполнению стандартов ОБСЕ. Белорусские власти выполнили свои обещания частично. В некоторых моментах был прогресс, в некоторых — все повторилось»; «Мы расстроены медленным прогрессом. Многое могло было быть сделано за этот год, но не было”.

Недзяржаўная газета “Народная воля” дала слова незалежным беларускім назіральнікам. Адзін з каардынатараў кампаніі “За справядлівыя выбары” сп. Калякін: “Аб’яўленыя афіцыйныя вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў не адпавядаюць рэальнаму волевыяўленню выбаршчыкаў”.

Яшчэ адзін з каардынатараў гэтай кампаніі сп. Ухналёў заявіў:“Адсутнічала празрыстасць, аб’ектыўнасць, здзяйснялася жорсткая дыскрыцмінацыя ў адносінах да прадстаўнікоў, вылучаных апазіцыйнымі партыямі”. Паводле яго слоў, падчас  датэрміновага галасавання назіральнікі зафіксавалі “шматлікія факты завышэння выбарчымі камісіямі фактычнай колькасці выбаршчыкаў, якія прагаласавалі”.

Каардынатар кампаніі “Права выбару” Дзяніс Садоўскі пацвердзіў: “Грубыя парушэнні былі зафіксаваныя ва ўсіх акругах” (“Народная Воля” – 13.09.16).

Нарэшце, недзяржаўны інфармацыйны партал tut.by агучыў пазіцыю яшчэ аднаго боку: “США усомнились в честности парламентских выборов в Беларуси. США приветствуют мирный характер проведения парламентских выборов 11 сентября в Беларуси. Мы признаем некоторые улучшения выборного процесса, и мы отмечаем, что альтернативные голоса будут представлены в парламенте впервые за 12 лет, — отметил Кирби”.

Высновы

Мадэль асвятлення выбараў, якую выкарыстоўваюць дзяржаўныя медыя, не прадугледжвае шырокай заангажаванасці выбаршчыкаў у агітацыйную кампанію. Пра гэта сведчаць як неперсаніфікаваная манера рэпрэзентацыі кандыдатаў, так і адсутнасць хоць якога сур’ёзнага інфармавання пра іх выступы напярэдадні ці падчас агітацыйнай кампаніі.

Акцэнтаванне ўвагі на арганізацыйных і тэхнічных праблемах, а таксама дэперсаніфікацыя галоўных дзеючых асоб дыстанцуюць ад іх выбаршчыкаў і не садзейнічаюць заангажаванасці апошніх у выбарчы працэс.

Маргіналізацыя палітычных партый, перадусім апазіцыйных, і пазбаўленне іх “голасу”— яшчэ адзін заўважны элемент арганізацыі “ціхіх выбараў”. А праз спалучэнне іх з Алімпійскімі гульнямі яны ўвогуле апынуліся заслоненымі спартыўнай інфармацыяй.

Адсутнасць у дзяржаўных медыя хоць якога абмеркавання з боку выбаршчыкаў і экспертаў выбарчых платформ палітычных партый і праграм кандыдатаў дадаткова дэпалітызоўваў выбарчы працэс, пазбаўляючы яго сапраўднай канкурэнцыі.

У адрозненне ад дзяржаўных, недзяржаўныя медыя мелі больш канструктыўную візію выбарчай кампаніі і былі арыентаваныя на асвятленне як дзейнасці кандыдатаў, так і тых палітычных партый, што іх падтрымлівалі. Аднак іх уплыў быў нязначны. Атмасфера прадвызначанасці вынікаў выбараў паўплывала не толькі на паводзіны кандыдатаў, але і на асвятленне імі выбарчага працэсу.

Рознасць мадэляў асвятлення ў дзяржаўных і недзяржаўных медыя адлюстроўваюць і тыя ацэнкі, што гэтыя медыя распаўсюджвалі пасля дня

---

Аб’ектам аналізу сталі 18 беларускіх медыя, дзяржаўных і недзяржаўных, электронных і друкаваных, агульнанацыянальных і рэгіянальных: навінавая праграма “Панарама” (“Беларусь 1”); навінавая праграма “Наши новости” (ОНТ); штотыднёвая праграма “Главный эфир” (“Беларусь 1”); праграма ”Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё); навінавыя выпускі радыё “Сталіца”; праграма “Навіны. Гомель”(ТРК “Гомель”), праграма “Навіны-рэгіён” (ТРК “Магілёў”); штотыднёвая праграма “Віцебскі веснік. 7 дзён”(ТРК “Віцебск”); інтэрнэт-рэсурсы www.tut.by і www.belta.by; друкаваныя СМІБеларусь сегодня”, “Народная воля”, “Комсомольская правда в Белоруссии” (“Таўстушка”), “Заря” (Брэст),“Могилёвская Правда”, “Газета Слонімская”, “Intex-press”, “Слонімскі веснік”.

Усе ілюстрацыі і метадалогія - у далучаных PDF-файлах

Асвятленне парламенцкіх выбараў 2016 г. у беларускіх СМІ. Бюлетэнь №1 (4–24 ліпеня 2016 г.)

Асвятленне парламенцкіх выбараў у беларускіх СМІ. Бюлетэнь №2 (25 ліпеня – 14 жніўня 2016 г.)

Асвятленне парламенцкіх выбараў у беларускіх СМІ. Бюлетэнь №3 (15 жніўня — 6 верасня 2016 г.)

Каментары