НЕ - ВАЙНЕ!
375

Як змагаліся рэгіёны ў жніўні-2020: выстава беларускіх фатографаў у Беластоку

11.08.2022 Крыніца: belsat.eu

Берасце, Маладзечна, Горадня, Ганцавічы, Бабруйск, Чачэрск, Глыбокае і Шаркаўшчына – здымкі з гэтых гарадоў можна пабачыць на выставе «Кожны дзень. Супраціў у беларускіх рэгіёнах», што пачала працу ў «MediaPortBelarus» у Беластоку 9 жніўня.

У медыях у асноўным паказана, як у жніўні 2020 года змагаўся Менск, але важна паказаць, што беларусы выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў па ўсёй краіне – ад Маладзечна да Берасця, адзначае ў размове з «Белсатам» адна з арганізатарак выставы, журналістка з Маладзечна Зоя Хруцкая.

Паводле арганізатаркі, вельмі мала праектаў расказвае, што адбывалася ў беларускіх рэгіёнах два гады таму, і можа нагадаць, як аб’ядналіся беларусы, колькі людзей выйшла на пратэсты ў Горадні, Чачэрску альбо Глыбокім.

«Таму я вырашыла, што важна абʼяднаць здымкі з усёй краіны ў адну выставу. Хаця і два гады мінула, але мы перажылі гістарычныя падзеі, нам вельмі важна іх пераасэнсаваць і далей пра іх расказваць. Бо ад іх залежыць, як мы жывем цяпер і як будзем жыць у будучыні. Таму я лічу, што важна падкрэсліць значнасць тых падзеяў, якія мы перажылі, і яшчэ больш казаць пра гэта пад новым пунктам гледжання. Я хацела расказаць менавіта пра рэгіёны: як там адбываўся супраціў і пратэсты, як там адбываліся гарачыя падзеі жніўня 2020 года», – кажа Хруцкая.

Тут мы бачым, як людзі ідуць па цэнтры Горадні, поўную людзей плошчу Леніна ў Берасці, па якой 16 жніўня тысячы берасцейцаў нясуць стометровы нацыянальны сцяг. Альбо васьмёра жыхароў Чачэрску: цяпер палова з іх у эміграцыі, а другая палова атрымала 6–6,5 года калоніі. Тут і апошні здымак Мікіты Крыўцова з Маладзечна, які знік 12 жніўня 2020 года і быў знойдзены павешаным у лесе ў Менску праз 10 дзён. 

Мы можам пабачыць працы Настассі Уткінай, Змітра Лупача, Руслана Кулевіча, Ірыны Купцэвіч, Сяргея Ляпіна. Арганізатары выставы не могуць называць усіх прозвішчаў аўтараў: некаторыя з іх застаюцца ў Беларусі, ім пагражае рэальная небяспека. Як пагражала яна актывістцы з Бабруйску Наталлі: жанчына заставалася ў Беларусі апошнія два гады, але ўсё ж была вымушаная зʼехаць. У Беластоку ёй нічога не пагражае, тут Наталля толькі тыдзень, але да сёння жанчына не можа паверыць, што цяпер яна ў бяспецы:

«У Беларусі немагчыма было заставацца. Два гады краіна жыве пад знакам рэпрэсіяў, працягваюцца жорсткія затрыманні. Людзей затрымліваюць ужо па трэцім коле, сёння быць на тэрыторыі Беларусі проста небяспечна для жыцця і здароўя».

Спадарыня Наталля адзначае, што ёй цікавая гэтая выстава.

«За кожным фотаздымкам стаіць глыбокая гісторыя падзеяў два гады таму, а таксама асабістыя гісторыі людзей, якія мы можам бачыць на здымках. А яшчэ гэта памяць, каб мы не забываліся. Але, лічу, усё, што тады было зроблена, было не марна, гэта быў час, калі мы змаглі паказаць: мы разам, мы нацыя, мы народ, мы можам дапамагаць адно аднаму. І можам трымацца разам, здольныя змагацца за сваю перамогу і за сваю свабоду», – ставіць кропку ў размове беларуска.

Выстава будзе працаваць у Беластоку да 1 верасня. 

Чытайце яшчэ:

Беларускія і ўкраінскія праваабаронцы заклікалі ўлады Ўкраіны спрасьціць легалізацыю беларусаў

Алег Грузьдзіловіч у зьняволеньні цяжка перахварэў на ковід

Фотограф Евгений Отцецкий презентовал мультимедийный проект про Площадь перемен

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!