399

Як Закон аб персанальных дадзеных зменіць умовы працы журналістаў. Тлумачым на схемах

24.12.2019 Крыніца: Юрыст, сябра ГА “БАЖ” Алег Мацкевіч для BAJ.BY

Праз год-паўтара беларускім журналістам, блогерам і журналістам-фрылансерам давядзецца працаваць у якасна новых умовах пасля ўвядзення ў дзеянне Закона аб персанальных дадзеных.

Якія змены ў працы чакаюць СМІ пасля ўступлення новага закона ў сілу, піша юрыст Алег Мацкевіч.

Складаны закон

Працу над праектам Закона “Аб персанальных дадзеных” Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД) пачаў у 2018 годзе.

13 чэрвеня 2019 года праект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні. Прадстаўляючы дакумент, дырэктар НЦЗПД Вадзім Іпатаў сказаў:

“Прыняццё Закона “Аб персанальных дадзеных” дазволіць забяспечыць належны ўзровень абароны персанальных дадзеных у дзяржаве і будзе спрыяць развіццю бізнесу, гандлёва-эканамічных адносін Рэспублікі Беларусь з іншымі дзяржавамі».

У другім чытанні законапраект павінны былі разглядзець на сёмай сесіі Палаты прадстаўнікоў шостага склікання, якая завяршыла сваю працу 5 снежня. Але падчас мінулай кадэнцыі парламента закон так і не прынялі. Праект № 1238 змяніў сваю працоўную назву на “Аб абароне персанальных дадзеных” і дасюль знаходзіцца ў спісе дакументаў, якія паступілі на разгляд.

Новы закон закране літаральна ўсе сферы жыцця грамадства і дзяржавы, таму можна зрабіць пэўныя высновы пра прычыны, чаму затрымліваецца яго прыняццё. Гэты нарматыўны прававы акт вылучаецца сярод іншых надзвычайнай складанасцю.

 

Апошнія ў Еўропе

Беларусь — апошняя* ў Еўропе краіна, дзе няма базавага закона аб персанальных дадзеных (далей — ПД), які б адпавядаў агульнапрынятым міжнародным стандартам. Дзейснае заканадаўства вызначае толькі агульныя пытанні абароны ПД без дакладнага механізма іх рэалізацыі, кропкава рэгулюе асобныя сферы, у якіх выкарыстоўваецца паняцце ПД. Вядзе рэй так званы “галіновы” падыход. На сёння ПД не вызначаюцца як інфармацыя, якая апрацоўваецца (аўтаматычна або ўручную), няма агульных прынцыпаў забеспячэння правоў суб’ектаў персанальных дадзеных. Няма нормаў, якія рэгулююць тэрміны захоўвання, мэты збору, праблему мінімізацыі аб’ёму сабраных ПД, не прапісаная дакладна працэдура атрымання дазволу на іх збор і апрацоўку.

Беларусь — адзіная* краіна ў Еўропе, якая не падпісала і не ратыфікавала Канвенцыю 1981 года аб абароне асобаў у адносінах да аўтаматызаванай апрацоўкі дадзеных асабістага характару (Табліца подпісаў і ратыфікацыі Канвенцыі №108).

У сувязі з уступленнем на тэрыторыі ЕС у траўні 2018 года ў сілу GDPR** неабходнасць прыняцця нацыянальнага закона аб персанальных дадзеных стала відавочнай і непазбежнай.

 

У чым сутнасць новаўвядзення

Закон урэгулюе адносіны, звязаныя са зборам, апрацоўкай, распаўсюдам, прадастаўленнем ПД, якія ажыццяўляюцца з выкарыстаннем сродкаў аўтаматызацыі або без іх, калі пошук і доступ да персанальных дадзеных забяспечваецца па пэўных крытэрах.

 

Законапраект вызначае паняцце “персанальныя дадзеныя”. Эксперты зазначаюць, што паняцце “персанальныя дадзеныя” з’яўляецца дынамічным і залежыць ад нормаў заканадаўства той ці іншай краіны, практыкі правапрымянення, пазіцыі дзяржаўных органаў і іншых фактараў.

 

У новым законе будуць вызначаныя такія паняцці, як агульнадаступныя персанальныя дадзеныя і спецыяльныя персанальныя дадзеныя.

 

Збор, апрацоўка, распаўсюд і прадастаўленне персанальных дадзеных дазваляецца толькі са згоды суб’екта ПД, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных самім Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.

 

 

Больш жорсткія патрабаванні вызначаюцца для аперацый са спецыяльнымі персанальнымі дадзенымі: іх збор, апрацоўка, распаўсюд, прадастаўленне не дапускаюцца за выключэннем выпадкаў, якія прадугледжаны самім Законам.

 

Праект Закона вызначае правы і абавязкі суб’ектаў персанальных дадзеных і тых, хто ажыццяўляе аперацыі з ПД, — аператараў, меры забеспячэння абароны ПД, паўнамоцтвы дзяржаўных органаў у сферы кантролю і нагляду за персанальнымі дадзенымі, адказнасць за парушэнне заканадаўства.

Персанальныя дадзеныя і журналістыка

Прыняццё Закона аб персанальных дадзеных, безумоўна, паўплывае на працу журналістаў, рэдакцый СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў, блогераў і журналістаў-фрылансераў.

Працаваць журналістам, не аперыруючы персанальнымі дадзенымі, проста немагчыма. Амаль у кожным аўтарскім матэрыяле можна сустрэць фота- або відэаздымкі персанажаў, апісанне іх гісторый, звычак, поглядаў, перакананняў, біяграфічныя дадзеныя і г. д. І ўсё гэта — персанальныя дадзеныя.

Першае, на што варта звярнуць увагу, збор, апрацоўка, распаўсюд, прадастаўленне персанальных дадзеных без згоды грамадзяніна дапускаецца ў мэтах ажыццяўлення законнай прафесійнай дзейнасці журналіста і (або) дзейнасці СМІ, накіраваных на абарону грамадскага інтарэсу.

Закон аб персанальных дадзеных, бадай, будзе першым нацыянальным законам, які ўводзіць у абарот і раскрывае значэнне панятку “грамадскі інтарэс”: патрэба грамадства ў выяўленні і раскрыцці інфармацыі пра пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю насельніцтва і навакольнаму асяроддзю, інфармацыі, якая ўплывае на выкананне сваіх абавязкаў дзяржаўнымі службовымі асобамі, якія займаюць адказную пасаду, грамадскімі дзеячамі.

Можна спадзявацца, што ў будучым беларускія чыноўнікі ўжо не змогуць забараняць журналістам весці фота- або відэаздымку, прыкрываючыся правам на прыватнае жыццё.

Сумная навіна ў тым, што такая “палёгка” чакае толькі тых, хто з’яўляецца журналістам у разуменні Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”. Калі ж у вас няма працоўнай дамовы або іншых дагаворных адносін з юрыдычнай асобай, якая выконвае функцыі рэдакцыі СМІ, згаданым правілам скарыстацца не ўдасца.

І тут магчымыя два варыянты.

Першы: адпаведна норме будучага закона пытацца згоды ў грамадзяніна на аперацыі з яго персанальнымі дадзенымі. Пры гэтым вуснай згоды замала. Закон патрабуе рабіць гэта толькі ў пісьмовай форме, у выглядзе электроннага дакумента, або ў іншай электроннай форме. Ёсць над чым задумацца.

Другі варыянт менш лагодны: ён прадугледжвае карыстанне прадугледжаным у законе правам. У выпадку прыцягнення да адказнасці трэба будзе пісаць заявы, скаргі, нарэшце, ісці ў суд. Даказваць, што “журналістам” можа быць не толькі “журналіст сродку масавай інфармацыі”, але і любы грамадзянін, які займаецца журналістыкай як працай. І што такі падыход магчымы не толькі ў цывілізаванай Еўропе, але і ў Беларусі. Адным словам, займацца імплементацыяй норм міжнароднага права ў нацыянальнае заканадаўства.

Таксама журналістам варта звярнуць увагу на тэрмін “спецыяльныя персанальныя дадзеныя”.

Аперацыі са звесткамі пра палітычныя погляды, сексуальную арыентацыю, судзімасці і г. д. не дапускаюцца нават у мэтах ажыццяўлення дзейнасці журналіста, скіраванай на абарону грамадскага інтарэсу.

Але гэта не значыць, што чытачы СМІ будуць пазбаўленыя гэтай інфармацыі. Яе можна атрымаць са згоды грамадзяніна ў пісьмовай форме, або ў выглядзе электроннага дакумента, а таксама з адкрытых крыніцаў, калі персанальныя дадзеныя сталі агульнадаступнымі з волі самога грамадзяніна.

Апрача гэтага, варта адзначыць, што, згодна з праектам Закона, збор, апрацоўка, распаўсюджанне, прадастаўленне ПД магчымыя і ў выпадках, прадугледжаных іншымі заканадаўчымі актамі. Так, журналіст, які прысутнічае ў адкрытым судовым пасяджэнні, можа збіраць персанальныя дадзеныя ў адпаведнасці з прынцыпамі адкрытасці і публічнасці судовага разбіральніцтва, замацаванымі нормамі Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса.

Закон аб персанальных дадзеных яшчэ не прыняты. Але для таго, каб праз некаторы не такі ўжо і далёкі час журналістам ды іншым  зацікаўленым асобам без цяжкасцяў перайсці на новыя ўмовы працы, трэба рыхтавацца да іх ужо цяпер.

-----

*выключэннем з’яўляецца Ватыкан

**Генеральны рэгламент па абароне дадзеных

***унесена і ўлічана ў праекце Закона па прапанове старшыні Свабоднага прафсаюза Беларускага Міколы Шараха

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!