НЕ - ВАЙНЕ!
3214

Як шведская рэгіянальная прэса здымае палітыкаў з пасадаў

22.01.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Галоўны палітычны аглядальнік шведскага выдання “Eskilstuna-kuriren” Алекс Воранаў (Alex Voronov) у межах праграмы інстытута “Fojo” наведаў Мінск і падзяліўся з беларускімі калегамі асаблівасцямі газетнай журналістыкі ў яго краіне.

Друкаваная прэса

– Наша выданне выходзіць у шведскім горадзе Эскільстуна, насельніцтва камуны якога каля 100 000 чалавек. Таксама ў нас ёсць дзве рэгіянальныя версіі, што друкуюцца са сваімі першымі палосамі ў сваіх камунах. Частка навінаў там агульныя для вобласці, а частка датычыць менавіта таго горада, дзе выходзіць газета.

Наклад канкрэтна нашай версіі газеты – 28 000 асобнікаў. 98% накладу распаўсюджваецца праз падпіску, каля 2% прадаюцца праз гандлёвыя сеткі (хоць мы лічым, што прысутнасць выдання ў крамах – гэта, хутчэй, рэклама газеты, чым рэальны сродак распаўсюду).

Наша газета была заснаваная ў 1890 годзе, калі ў Эскільстуне жыло каля 11 000 чалавек і існавала ўжо дзве газеты. Выданне стваралася як газета для рабочых, бо вялікая частка людзей зразумела, што ў горадзе няма СМІ, які б прадстаўляў іх інтарэсы. Тады вялікая колькасць рабочых вырашыла скінуцца па 5 крон (сярэдні заробак тады складаў 10 крон), каб стварыць сваё выданне.

Вельмі шмат змянілася за 120 гадоў, але наша газета па-ранейшаму фактычна належыць рэдакцыі – быў створаны спецыяльны фонд, які кіруе выданнем.

З надыходам лічбавых тэхналогій мы пачалі актыўна прасоўваць свой сайт, але імкнёмся захоўваць і папяровы наклад газеты, хоць з кожным годам наклады друкаванай прэсы ва ўсім свеце зніжаюцца, бо людзі ўсё больш аддаюць перавагу інтэрнэту.

У нас ёсць электронная версія Ekuriren.se: навіны, каментары, гісторыі – усё па раздзелах, як і ў газеце. Зараз вельмі шмат высілкаў ідзе на інтэрнэт, хоць наш рэдакцыйны цыкл пакуль па-ранейшаму заточаны на друкаванае выданне.

Гэта значыць, што я мушу напісаць свой рэдакцыйны каментар да 23:00, пасля чаго ён вярстаецца, і раніцай чытачы атрымліваюць яго ў газеце. Хоць бывае і так, што па нейкіх гарачых падзеях каментар рэдакцыі даводзіцца выстаўляць на сайт недзе ў сярэдзіне дня. Адпаведна, атрымліваецца, што падпісчыкі на наступны дзень атрымліваюць ужо крыху састарэлы матэрыял.

У Швецыі ёсць канцэрны, якія ўжо цалкам пераарыентаваліся на інтэрнэт і кажуць, што не вераць у "друкаваную" будучыню. Разам з тым, 80% прыбытку нам прыносіць менавіта рэклама ў друкаванай прэсе.

Калі груба палічыць, то 70-80% сродкаў рэдакцыя атрымлівае за кошт рэкламы ў газеце, і ўсяго 20-30% дае падпіска на выданне і іншыя крыніцы. З іншага боку, друкаваная прэса вымагае і зусім іншых выдаткаў, бо газету трэба друкаваць, развозіць, прадаваць.

Хоць год таму мы палічылі, што, калі б усе нашы падпісчыкі замест 200 крон у месяц за падпіску плацілі б 99 крон і чыталі б толькі электронную версію газеты, мы б змаглі наогул адмовіцца ад рэкламы.

Гісторыя з мэрам Стрэнгнэса

У нашым лэне (вобласці) ёсць горад Стрэнгнэс, дзе жывуць прыкладна 30 тысяч чалавек. Гэта горад з вялікім узроўнем самасвядомасці, бо там жывуць вельмі палітычна актыўныя грамадзяне.

За апошнія 20 год туды пераехала вельмі шмат жыхароў са сталіцы, многія з якіх кожны дзень ездзяць у Стакгольм на працу. Дык вось у гэтым горадзе, як і па ўсёй краіне ўцэлым, з-за скарачэння колькасці дзяцей сталі вызваляцца памяшканні муніцыпальных школ.

Такая тэндэнцыя назіраецца па ўсёй краіне. Дзяцей менш, адпаведна, школам ужо не патрэбныя ранейшыя памяшканні, за якія плаціць муніцыяльны бюджэт. Таму муніцыпальныя ўлады вырашылі перадаваць памяшканні іншым установам.

У гэты ж час у Стрэнгнэсе дзейнічае вельмі папулярная Еўрапейская школа – прыватная гімназія, дзе існуе пэўны накірунак у навучанні. Дык вось дырэктарам гэтай гімназіі быў муж мэра Стрэнгнэса.

Чыноўнікі стварылі спецыяльную камісію, якая мусіла вырашыць, ці варта перадаваць ранейшыя муніцыпальныя памяшканні гэтай школе. І яна прыйшла да высновы, што памяшканні сапраўды варта перадаць менавіта гэтай школе.

Здавалася б, звычайная справа. Але наша выданне атрымала інфармацыю пра карупцыю ў гэтым рашэнні. Пра тое, што дырэктар школы быў таемна задзейнічаны ў гэтым даследаванні.

Тады мы звярнуліся да ўладаў з просьбай выдаць нам службовую перапіску мэра горада з яе мужам – дырэктарам Еўрапейскай школы – адносна гэтых памяшканняў.

Трэба адзначыць, што ў Швецыі службовая перапіска чыноўнікаў (за вельмі рэдкімі выключэннямі, звязанымі з нацыянальнай бяспекай) з’яўляецца публічнай інфармацыяй.

Мэрыя адразу ж заняла пазіцыю, што гэта асабістая перапіска мужа і жонкі, а зусім не службовая. Мы ж, у сваю чаргу, звярнуліся з гэтай справай у суд. Нейкі час цягнулася разбіральніцтва адносна перапіскі, якая была прадстаўлена суддзям. І суд адназначна вырашыў, што перапіска ўсё роўна з’яўляецца службовай і падлягае разгалошванню.

Нам выдалі перапіску, і мы ўбачылі, што інфармацыя пра карупцыю пацвердзілася. З перапіскі вынікала, што менавіта рукой дырэктара школы былі напісаныя словы, якія потым назвалі "высновамі камісіі" пра перадачу памяшканняў гэтай школе.

Зразумела, што школа памяшканняў гэтых не атрымала. Было праведзена новае даследаванне, і памяшканні перададзеныя іншым установам, а праз пэўны час у Стрэнгнэсе змяніўся і мэр.

https://twitter.com/alexvoronov

Ігар Якавенка ў Мінску: Паратунак для традыцыйных СМІ – аўтарскія тэксты

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!