569

Як рабіць журналісцкія расследаванні з дапамогай адкрытых дадзеных у інтэрнэце

10.01.2019 Крыніца: Мікола Бянько для Baj.by

Дзяніс Івашын — вядомы ў Беларусі медыя-актывіст, які нямала зрабіў за апошнія гады ў сферы выкрыцця дэструктыўных рухаў, што пагражаюць нацыянальнай бяспецы. З нядаўняга часу рэдактар Беларускай службы міжнароднай валанцёрскай супольнасці Informnapalm Дзяніс Івашын выступае ў якасці трэнера па методыцы працы OSINT (Open source intelligence) для журналістаў, якія плануюць у сваёй працы карыстацца адкрытымі крыніцамі ў інтэрнэце.

Журналісцкія расследаванні Івашына пра парамілітарныя казацкія фармаванні і патэнцыйных агентаў уплыву РФ ў сілавых структурах выклікалі грамадскі рэзананс. За серыю публікацый на тэму забудовы ў Курапатах, апублікаваных у газеце “Новы Час”, на Дзяніса Івашына двойчы падавалі ў суд фігуранты расследаванняў. У верасні 2018 года Дзяніс Івашын быў уганараваны прэміяй Гомельскай філіі ГА “БАЖ” “За адданасць прафесіі” імя Уладзіміра Вербавікова.

Дзяніс Івашын расказвае Baj.by пра метадалогію OSINT.

— На жаль, толькі адзінкі з беларускіх журналістаў звяртаюцца да адкрытых крыніцаў у інтэрнэце. А шкада, бо з дапамогай OSINT можна выявіць проста безліч фактаў, аргументаў і ўвогуле атрымаць дадатковую базу доказаў для свайго матэрыяла. Таму я заклікаю калег-журналістаў больш актыўна далучацца да вывучэння адкрытых крыніц.

У сеціве існуе багата інфармацыйных рэсурсаў, у тым ліку наш Informnapalm альбо англійскі Bellingcat, дзе падрабязна распавядаюць пра метады працы з адкрытымі крыніцамі. Любы журналіст-пачатковец, які хоча паспрабаваць сябе ў гэтым жанры, проста можа азнаёміцца з найбольш удалымі ўзорамі расследаванняў на сайтах згаданых супольнасцяў, каб потым выкарыстоўваць досвед у сваёй працы.

Дзяніс Івашын

Выведка паводле адкрытых крыніц базуецца на комплексным вывучэнні, зборы і сістэматызацыі абсалютна ўсёй інфармацыі, якая толькі ёсць у свабодным доступе. Калі мы гаворым пра сацыяльныя сеткі, то пачынаць трэба з выяўлення акаўнта фігуранта расследавання. Паверце, на асабістых старонках знаходзіцца шмат цікавай інфармацыі. Чалавек сам публікуе тыя ж сэлфі, з якіх мы можам зрабіць высновы пра сяброўскія і працоўныя адносіны, маёмасць, аўтамабілі, месцы адпачынку, звычкі і г. д. У чалавека такая прырода, што ён імкнецца выхваляцца.

Часам мэтазгодна не толькі задзейнічаць OSINT, але і ў выпадку патрэбы звяртацца да так званых “закрытых крыніц” дзяржорганаў (напрыклад, запыты ў Міністэрства юстыцыі). Дарэчы, у маім расследаванні незаконнай забудовы ахоўнай тэрыторыі ля Курапатаў я звяртаўся ў мінюст, у выніку чаго атрымаў досыць цікавыя зачэпкі для далейшага расследавання.

Варта адзначыць, што ва Украіне, Расіі і нават у ЗША доступ да дадзеных пра ўласнікаў і юрасобаў бясплатны, а ў Беларусі мінюст за аналагічную інфармацыю патрабуе адну базавую велічыню. Абмежаванні ў доступе да інфармацыі з боку беларускай дзяржавы абумоўленыя тым, што кіруючы клас спрабуе сябе абараніць ва ўсіх сэнсах. Мы ж разумеем, што трываласць беларускага рэжыма грунтуецца на зрошчванні чынавенства з алігархатам, які з’яўляецца своеасаблівым гаманцом улады. І ніхто не хоча, каб журналісты расследавалі магчымыя карупцыйныя сувязі, каб выводзіліся на паверхню незаконныя здзелкі. Тут трэба дадаць, што у Беларусі ёсць пэўныя абмежаванні ў доступе нават да грамадска важнай інфармацыі (экалагічнай, прававой, статыстычнай).

У інтэрнэце гуляе багата базаў дадзеных пра расійскіх ці ўкраінскіх грамадзян (напрыклад, базы дзяржаўнай аўтаінспекцыі, база падаткаплацельшчыкаў). У Беларусі нічога падобнага няма. З аднаго боку, гэта добра, бо дзяржава абараняе прыватную інфармацыю грамадзян, абараняе сваю інфармацыйную прастору. З іншага боку, гэта паказвае, што нашая краіна амаль як Паўночная Карэя — простаму чалавеку атрымаць патрэбную інфармацыю праблематычна.

З развіццём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій магчымасці працы журналіста пашыраюцца. І вольная журналісцкая супольнасць, і IT-адмыслоўцы ствараюць новыя механізмы для расследаванняў. Але ёсць і контртэндэнцыя, калі дзяржава імкнецца ўсімі сродкамі закрыць доступ да базаў дадзеных. Увесь час ідзе своеасаблівая гонка, спаборніцтва паміж дзяржавай і незалежным грамадствам. Перамогуць тыя, хто праявіць больш крэатыву, высілкаў, імпэту.

Парады па метадах працы OSINT ад Дзяніса Івашына

Паводле словаў колішняга начальніка выведвальнага кіравання Міністэрства абароны ЗША Самуэля Уілсана, 90 адсоткаў усіх выведвальных дадзеных паступае з адкрытых крыніцаў інфармацыі, і толькі 10 адсоткаў — дзякуючы агентурнай дзейнасці.

Выкарыстанне выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі (ангел. OSINT — open source intelligence) грае ключавую ролю для журналісцкіх расследаванняў, бо дазваляе пры мінімуме выдаткаваных сродкаў атрымаць максімум неабходных звестак, а таксама пацвердзіць дадзеныя, атрыманыя з закрытых крыніцаў.

Найбольш распаўсюджанымі крыніцамі адкрытага доступу для збору неабходнай інфармацыі з’яўляюцца:

  • сродкі масавай інфармацыі: інфармацыйныя сайты і парталы, друкаваныя выданні ведамстваў (таксама pdf-фармат), тэлевізія, радыёстанцыі;

  • вэб-супольнасці: сацыяльныя сеткі, форумы, сэрвісы відэахостынгу;

  • разнастайныя дзяржаўныя базы дадзеных (напрыклад, Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў, Адзіны дзяржаўны рэгістр нерухомай маёмасці, электронныя гандлёвыя пляцоўкі і інш.);

  • органы выканаўчай, заканадаўчай і судовай уладаў (разнастайная справаздачная, даведачная і статыстычная інфармацыя, даступная як анлайн, так і паводле запытаў);

  • спецыялізаваныя выданні міністэрстваў і ведамстваў (анлайн-версіі і асобнікі бібліятэчнага фонду);

  • сэрвісы спадарожнікавага назірання: Google Earth, TerraServer, Wikimapia, DigitalGlobe i іншыя;

  • вэб-камеры вонкавага назірання — фіксацыя выяваў у рэжыме рэальнага часу.

 

Выкарыстанне дапаможных анлайн-сэрвісаў:

- пошук аб’ектаў паводле сэрвісаў Google Image, TinEye, Яндекс.Изображения, findface.pro;

- сайты для пошуку інфармацыі пра ўласніка телефонах нумароў — NubBuster, Pipl, nomer.org; тэлефонныя базы дадзеных.

- застасаванне адмысловага IT-софту для збору інфармацыі з камп’ютарных сетак.

 

Крыніцы умоўна-адкрытага доступу:

Дадзеныя з дзяржаўных архіўных фондасховішчаў (архівы гістарычныя, абласныя, грамадскіх аб’яднанняў, Нацыянальны архіў РБ і інш.);

Тэхнічная і бізнэс-дакументацыя, справаздачы і г. д.

 

Правядзенне OSINT патрабуе валодання адпаведнай метадалогіяй з пэўным наборам вузкаспецыялізаваных ведаў. З умовай слушнага выкарыстання і спалучэння атрыманай інфармацыі выведка адкрытых крыніц інфармацыі дае вялікія магчымасці для правядзення журналісцкіх расследаванняў. Аднак адзінай універсальнай методыкі OSINT не існуе.

Як правіла, кожны расследавальнік выкшталцоўвае сваю ўласную, заснаваную на асабістым досведзе і ведах. Вядома ж, выведка адкрытых крыніцаў ніколі не гарантуе стоадсоткавага станоўчага выніку, асабліва калі інфармацыя пра аб’ект даследавання ніколі не трапляла ў адкрыты доступ. Аднак развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій адбываецца інтэнсіўнымі тэмпамі, таму калісьці закрытая інфармацыя, закрытыя базы дадзеных патрапляюць у інтэрнэт.

Сённяшнія рэаліі інфармацыйнай эпохі з кожным днём пакідаюць людзям усё менш шанцаў пазбегнуць раскрыцця асабістай інфармацыі. Выключэннем можа быць, хіба, тубылец палінэзійскіх выспаў, які ніколі не карыстаўся электроннымі сродкамі камунікацыі і не быў зарэгістраваны ў дзяржаўных базах дадзеных.

Важна зазначыць, што падчас правядзення расследаванняў з выкарыстаннем выведкі адкрытых крыніцаў важна прытрымлівацца журналісцкай этыкі і прафесійных стандартаў.