400 0

Як пісаць пра падарожжы і зарабляць на гэтым?

01.07.2017 Крыніца: Алена Ляшкевіч для baj.by

Travel-журналіст Дэвід Коуд, які працуе на амерыканскае выданне Huffington Post, прыехаў у Мінск ды распавёў пра свой досвед. Аказваецца, ніякіх адмысловых навыкаў звычайнаму журналісту, які хоча пісаць пра вандроўкі, не трэба, а вандраваць можна практычна задарма. Як так?!

Падчас сустрэчы, якая адбывалася ў Прэс-клубе, Дэвід Коуд найперш параіў выкінуць з галавы думку, што travel-журналістыка — гэта камандзіроўка ад выдання, якое і і бярэ на сябе ўсе выдаткі. Вандроўку журналіст можа арганізаваць і сам. Праўда, для гэтага давядзецца парупіцца. Пачынаць варта са складання партфоліо, як і ў любой іншай сферы. Калі вы хочаце пісаць пра вандроўкі, значыць, збірайце партфоліо па гэтай тэматыцы. Няхай спачатку вашы артыкулы нават не будуць аплочвацца, ці будуць публікавацца на зусім маланаведвальных сайтах. Калі ёсць нейкая падборка на непапулярным сайце, можна прапанаваць свае паслугі буйнейшаму рэсурсу і так паступова дабрацца да самых чытаных.

Партфоліа спатрэбіцца і непасрэдна для арганізацыі вандровак: на яго можна спасылацца, прапаноўваючы пастаўшчыкам турыстычных паслуг пра іх напісаць. Як прыклад Дэвід Коуд распавёў аб вандроўцы ў Швейцарыю з дачкой на 2 тыдні. Ён разаслаў шэрагу ўладароў гатэляў і арганізатараў турыстычных забаў спасылкі на свае артыкулы з прапановай згадаць іх у наступных публікацыях. Адгукнулася прыкладна чвэрць ці траціна тых, да каго ён звярнуўся. Кожны з адрасатаў, канечне, разважае: а ці дапаможа мне гэты журналіст прывабіць больш кліентаў? А журналіст, у сваю чаргу, думае: ці будзе маім чытачам цікава і карысна, калі я напішу пра гэтага пастаўшчыка? Калі іх інтарэсы сыходзяцца, журналіст і едзе ў вандроўку. Дэвід Коуд раіць для пачатку спрабаваць не самыя папулярныя накірункі, магчыма, у сезон, калі турыстаў мала.

Яшчэ набірае сілу трэнд social travel: сам Дэвід перад Беларуссю наведаў Польшчу і Украіну, дзе шукаў дармовае жытло праз сайт Couchsurfing, а перасоўваўся аўтаспынам. Такія вандроўкі арыентаваныя не на спажыванне турыстычных паслуг, кшталту дарагіх гатэляў і рэстаранаў, а на кантакт з мясцовымі людзьмі, знаёмства з іх жыццём. “Таму калі вы мне скажаце, што не маеце грошаў на вандроўкі, я вам не паверу” – сказаў Дэвід Коуд.

Навыкамі, якія, на думку Дэвіда, неабходныя travel-журналісту, валодае амаль кожны прадстаўнік прафесіі: трэба ўмець пісаць, наладжваць кантакты з людзьмі і фатаграфаваць.

Праўда, фотаздымкі павінны быць вельмі якаснымі, бо вялікая частка аўдыторыі не чытае тэксты, а выявы глядзіць з задавальненнем. Магчыма, варта падумаць, каму яшчэ прапанаваць travel-кантэнт, акрамя СМІ, і якім ён можа быць: відэа, мультымедыя, інфаграфіка… Можа быць, зацікавяцца тураператары, перавозчыкі…

Дэвід Коуд аб’ехаў больш за 100 краін у розных частках свету і лічыць, што так можа зрабіць кожны. Сам ён паходзіць з незаможнай сям’і канадскіх фермераў, спачатку падаваў дакументы ў Стэнфардскі ўніверсітэт, атрымаў адмову, падаў у Ельскі — і быў залічаны. Наконт апошняга Дэвід кажа, што цяпер туды нашмат лягчэй трапіць беларусу, чым канадцу ці немцу: Ель зацікаўлены ў разнастайнасці культур, рас, бэкграўнду сваіх студэнтаў і шукае іх па ўсім свеце. За ўвесь час гэты ўніверсітэт скончыла толькі адна грамадзянка Беларусі, якую Дэвід знайшоў па базе выпускнікоў і папрасіў пазнаёміць з мясцовымі. У выніку праз яе звязаўся з трыма людзьмі: у аднаго жыве, другі дапамагае скласці культурную праграму, а трэці запрасіў выступіць у Прэс-клубе.

Калі Дэвіда запыталі, якія ён мае планы на 5 дзён у Беларусі, той паведаміў, што адкрыты да прапаноў. І тут жа атрымаў з аўдыторыі запрашэнне на дачу, якое з энтузіязмам прыняў.

Дэвід Коуд падзяліўся сваім першым успамінам пра нашу краіну: неяк яго бацька-фермер набыў трактар Belarus і хлопчык потым вельмі здзівіўся, даведаўшыся, што так завецца не толькі трактар.

ТОП-3 краін для вандровак, на думку Дэвіда Коуда: Японія, Тайвань і Італія. У ЗША вельмі папулярныя Ісландыя і Новая Зеландыя.

Абіраючы больш ці менш экзатычны накірунак, кажа Дэвід, варта думаць, што лічыць экзотыкай ваша патэнцыяльная чытацкая аўдыторыя і што яна найверагодней будзе шукаць у Гугле. Ну і, бадай, галоўнае — атрымліваць асалоду ад кантактаў, знаёмстваў з людзьмі і культурамі, і, канечне, ад пісання пра гэта.

Фота аўтара

Каментары