990 1

Як паўплывала «гарачая вясна» на рэйтынгі сайтаў беларускіх СМІ (аналіз)

13.04.2017 Крыніца: Паўлюк Быкоўскі, медыяаналітык, для baj.by

Радыё «Свабода» і тэлеканал «Белсат» пасля марафону акцый пратэстаў супраць «антыдармаедскага» дэкрэта паведамілі пра рэкордныя прагляды свайго кантэнту ў сацыяльных асяродках. А як наогул хваля пратэстаў паўплывала на інтарэс да навін?   

У ранейшыя перыяды фіксавалася падзенне інтарэсу да навін у Беларусі. Яно тлумачылася рознымі фактарамі, сярод якіх на першыя пазіцыі выходзіў дэфіцыт падзей, што могуць заўважна паўплываць на жыццё беларускай аўдыторыі.

Але ўвесну 2017 года сітуацыя змянілася, калі разгарнулася хваля пратэстаў супраць дэкрэта № 3. Шэраг СМІ, з якімі аўтар гэтых радкоў абмяркоўваў паводзіны аўдыторыі іх сайтаў, сведчылі пра рост трафіку і выключную цікавасць наведвальнікаў сайтаў да тэмы пратэстаў.

СМІ адгукнуліся на патрэбу людзей выказацца

Наўрад ці тэма пратэстаў успрымалася адназначна як тое, што можа паўплываць на жыццё аўдыторыі, але гэта была тэма, якая дакладна датычылася самога жыцця. Шмат якія рэпарцёры рабілі відэастрымы з акцый пратэсту, распытвалі людзей пра матывацыю і ўдзелу, і пра іх асабістае бачанне сітуацыі.

Мітынг у Пінску 11 сакавіка, на які не здолелі трапіць ягоныя арганізатары (кіраўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі былі прэвентыўна затрыманыя), у гэтым плане быў вельмі паказальным. Тыя, хто ў Пінску прыйшоў пратэставаць супраць дэкрэта № 3, не пабачылі на плошчы вядомых апазіцыйных палітыкаў. У выніку пунктам прыцягнення аказаліся журналісты, якія вялі трансляцыю. Удзельнікі мітынгу гуртаваліся вакол журналістаў. Было падобна, што людзі хочуць выказацца пра набалелае і карыстаюцца рэдкай магчымасцю.

Увогуле, хутчэй за ўсё, гэтая хваля пратэстаў у значнай ступені была выклікана патрэбай людзей выказацца і пачуць адзін аднаго. Адпаведна, ёсць гіпотэза, што тыя рэдакцыі, якія адгукнуліся на гэтую патрэбу, атрымалі прырост аўдыторыі.

Ці так гэта насамрэч?

Для аналізу тэндэнцый выкарыстаем інструмент SimilarWeb, які адлюстроўвае трафік сайтаў. Адразу зазначым, што інструмент дае лічбы, якія адрозніваюцца ад паказчыкаў Google Analytics, «Яндекс Метрика» або даследаванняў gemiusAudience, якое ў Беларусі прадстаўляе кампанія #DB3. Асноўнае адрозненне SimilarWeb заключаецца ў крыніцах дадзеных, сярод якіх няма закладак на сайтах, але ёсць закладкі ў браўзерах і мабільных прыладах карыстальнікаў (калі карыстальнікі не забаранілі ім збіраць такую інфармацыю). Дадзеныя SimilarWeb будуць больш дакладнымі для сайтаў з вялікім трафікам і значна менш дакладнымі — для не надта папулярных рэсурсаў.

«За неимением гербовой бумаги пишем на простой»

Мы не можам параўнаць трафік паводле больш дакладных інструментаў, але можам выкарыстаць з агучанымі вышэй агаворкамі дадзеныя SimilarWeb. Мы адабралі 40 сайтаў беларускіх медыяў, сярод якіх ёсць дзяржаўныя і незалежныя, цэнтральныя і рэгіянальныя, а таксама праекты, якія вяшчаюць з-за межаў Беларусі для беларускай аўдыторыі.

Графік паказвае, што пра адназначны рост трафіку ва ўсіх сайтаў казаць нельга — большасць рэсурсаў засталіся ў межах старога калідора, але некаторыя выкарысталі сітуацыю для павелічэння сваіх паказчыкаў.

Найбольшы рост у сайтаў belsat.eu (+120,6 % за паўгады) і svaboda.org (+109,4 %), а таксама belprauda.org (+69,51 %).

Калі казаць пра папулярныя рэсурсы, то ў вочы кідаецца выбітная сітуацыя ў News.TUT.BY. Тут рост трафіка зафіксаваны не такі высокі (+15,35 %), але ён адбываецца з высокіх стартавых пазіцый і таму найбольш уражвае. У сакавіку SimilarWeb зафіксаваў 19,9 млн наведванняў сайта News.TUT.BY — гэта амаль у два разы больш за колькасць насельніцтва Беларусі.

Таксама не асабліва кідкі рост у працэнтах паказвае сайт charter97.org (+14,21 %) і таксама гаворка ідзе пра прырост пры наяўнасці ўжо высокай пазіцыі па наведвальнасці сайта.

На першым графіку мы не можам добра разгледзіць сітуацыю з іншымі рэсурсамі, таму пабудуем новы графік без удзелу гэтых двух лідараў.

 

На новым графіку мы бачым важкі ўсплёск трафіку ў студзені 2017 года (belta.by, udf.by, kp.by і інш.), потым вяртанне да лістападаўскіх паказчыкаў у лютым і заўважны рост трафіку ў сакавіку. Праўда тут на першыя пазіцыі выходзяць іншыя выданні (belaruspartisan.org, nn.by і naviny.by), але і раней згаданыя выданні захоўваюць свае высокія пазіцыі па наведвальнасці сайтаў, або паказваюць невялікі рост.

Сайт дзяржаўнага агенцтва БелТА «гарачую вясну» перажыў у плюсе (+3,75 %), «Советская Белоруссия» ў значным плюсе (+28,21 %), праўда, наведванне гэтых сайтаў адрозніваецца амаль у тры разы. Горш сітуацыя склалася ў дзяржаўных тэлеканалаў tvr.by (-9,98 %) і ctv.by (-0,60 %), а вось ont.by таксама аказаўся ў плюсе (+18,14 %).

Ці адрозніваецца сітуацыя з наведваннем сайтаў у дзяржаўных і незалежных выданняў

Калі параўнаць сайты БелТА і News.TUT.BY або нейкую іншую пару дзяржаўных і недзяржаўных выданняў, то можна зрабіць выснову: першыя збольшага захавалі наведванне сайтаў, якое мелі раней, а другія — здабылі больш наведванняў, іх сайтамі аўдыторыя пачала карыстацца больш інтэнсіўна. Зазначым, што выключэнні ёсць з абодвух бакоў.

Каментары

Коллеги, трафик старого типа (измеряемый сервисами аналитики) уходит.
А новый трафик охваты и вовлечение меряется или очень слабо или иными инструментами.

Сделайте исследование как ER повысился в Марте в сравнении со среднегодовым через срез исследования соц каналов СМИ через popsters.ru