412 0

Як Naviny.by не далі закрыць вясковую краму

10.07.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Мы працягваем публікаваць гісторыі пра тое, як праца журналістаў дазволіла ў лепшы бок змяніць рэчаіснасць, дапамагла заўважыць і вырашыць жыццёвую праблему, паўплываць на рашэнні ўладаў.

Сёння гісторыя ад Аляксандра Ярашэвіча з Naviny.by.

Аляксандр Ярашэвіч

— Восенню мінулага года да нас звярнулася жанчына, якая родам з Бярэзінскага раёна. Алена Рогач скардзілася, што ў яе роднай вёсцы ўлады закрываюць сельскую краму. А да суседняй вёскі многія людзі сталага веку проста не ў стане дабрацца.

І вось мы вырашылі зрабіць матэрыял не толькі пра сітуацыю ў гэтай вёсцы Месціна, а агулам паглядзець на тое, як выглядае сітуацыя з вясковымі крамамі. Мы звярнуліся ў Белкаапсаюз, і выявілася, што за апошнія гады колькасць гандлёвых аб’ектаў у малых населеных пунктах істотна скарацілася — за год практычна на 500 крамаў.

Праз гэту сітуацыю ў канкрэтнай вёсцы мы паказалі агулам карціну па краіне. Таксама мы пагутарылі з прадстаўнікамі Бярэзінскага райпо. Яны тлумачылі, што крама ў вёсцы Месціна апошнія дзесяць гадоў стратная, а з надыходам ацяпляльнага сезона гэтыя страты стануць яшчэ большымі. Таму краму вырашана зачыніць.

Ніякіх прыватных крамаў у вёсцы ніколі не было. “У нашу дзіру ніхто не падзе, ні адзін прадпрымальнік, бо вельмі далёка”, — казалі мясцовыя жыхары.

А праз нейкі час пасля публікацыі мы атрымалі ліст ад той самай Алены Рогач:

— Дзякуй Вам вялізны, што так хутка адрэагавалі. Ваш артыкул вельмі дапамог у вырашэнні нашай праблемы. Днямі ў нашу вёску прыехалі прадстаўнікі Белкаапсаюза з Мінска і Беразіно. Для размовы з імі сабраліся амаль усе жыхары Месціна. Нават самы стары інвалід вайны.

У рэшце рэшт чыноўнікі пагадзіліся пакінуць краму. І будучай зімою і надалей.

Зінаіда Цімошак: Я займаюся праблемамі, калі людзі гатовыя пра іх не толькі расказваць, але і самі нешта рабіць

Каментары