1598

Як гэта – быць адзіным незалежным журналістам на ўвесь раён?

06.07.2016 Крыніца: Сяргей Піскун для www.baj.by

«На сустрэчы з Лукашэнкам мяне абкружылі, нібыта я тэрарыстка». Тамара Шчапёткіна з Бярозаўшчыны распавяла baj.by пра свой няпросты лёс журналіста.

Тамара Васільеўна нарадзілася на хутары Пянькі Бярозаўскага раёна. Шмат гадоў выкладала рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе Белаазёрска. Калі напрыканцы 1990-х яна разам з мужам пераехала ў Бярозу, то ў райвыканкаме ўжо ведалі пра яе актыўную грамадзянскую пазіцыю. Таму папярэдзілі наўпрост: працаваць настаўніцай у райцэнтры ёй не дадуць.

Так Тамара Шчапёткіна наважылася ўжо ў сталым узросце прыйсці ў журналістыку. З 2002 па 2007 год яна працавала карэспандэнтам незалежнага выдання «Газета для Вас» з Івацэвічаў.

Людзі з Бярозаўскага раёна пачалі хадзіць да яе, як у райвыканкам, узгадвае журналістка. Прымаючы скаргі на несправядлівасць і беззаконне кіраўніцтва, Тамара Шчапёткіна нярэдка дамагалася выпраўлення сітуацыі.

«На сустрэчы з Лукашэнкам мяне абкружылі, нібыта я тэрарыстка»

Да прыкладу, у вёсцы Міжлессе старшыня калгасу абвінаваціў даярку -- шматдзетную маці -- у тым, што тая нібыта крадзе малако. З заробку жанчыны пачалі вылічваць пэўную суму. Пасля актыўных дзеянняў журналісткі абласная пракуратура загадала вярнуць даярцы ўсе ўтрыманыя раней грошы.

Дапамог канкрэтнаму чалавеку і артыкул Тамары Шчапёткінай «Ці мой дом крэпасць?», які не дазволіў уладам забраць кватэру ў перасяленкі з Чарнобыльскай зоны.

У 2007 годзе Тамара Васільеўна актыўна пісала пра пабудову на ўскрайку Бярозы прадпрыемства па вытворчасці пестыцыдаў, якое належала кампаніі «Франдэса».

– Гэта было дзікунствам, у людзей нават не спыталі іх меркавання! Мы сабралі некалькі тысячаў подпісаў і сталі чакаць прыезду ў горад Аляксандра Лукашэнкі. У той дзень мяне зранку пільнавалі два супрацоўнікі спецслужб, якія сядзелі пад вакном дома. Але калі я выйшла і села на ровар, то яны мяне чамусьці не заўважылі. Спакойна даехала да месца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, дзе пасля Юрый Чыж збудаваў лядовы палац. А вось там мяне ўжо абкружылі, нібыта я тэрарыстка. Аднак мяне адстаялі жанчыны, якія падтрымоўвалі нашу барацьбу з «Франдэсай». Вось мы разам і перадалі сабраныя подпісы Лукашэнку, – узгадвае Тамара Васільеўна.

У выніку праца прадпрыемства была прыпыненая на 8 месяцаў, пакуль на вытворчасці не ўсталявалі ачышчальнае абсталяванне.

«Гэта была газета, у працы якой удзельнічалі мясцовыя жыхары»

Больш за 10 гадоў Тамара Шчапёткіна рэдагавала самвыдатаўскі бюлетэнь «Бярозавы венік», які нядаўна прыпыніў выхад з-за фінансавых праблем.

– Я лічу, што для людзей, якім за 50 гадоў, друк яшчэ павінен быць, хаця лічыцца, што сёння ўжо ледзь не ўсе валодаюць кампутарамі. Пакуль тут у Бярозе людзі атрымлівалі бюлетэнь, то былі больш смелымі і актыўнымі, чым, напрыклад, у суседніх Івацэвічах, дзе магчымасці выдаваць такі бюлетэнь не было. Там людзі баяцца, калі бачаць дыктафон!

Таму я лічу, што мы з сябрамі вельмі шмат зрабілі. Гэта была газета, у працы якой удзельнічалі мясцовыя жыхары. Яны пісалі пра свае праблемы, скаргі, заўвагі, – распавядае Тамара Шчапёткіна. 

Сёння яна працягвае паведамляць пра праблемы мясцовых жыхароў.

– Я адзіны незалежны журналіст на Бярозаўшчыне – больш нікога няма! У асноўным асвятляваю справы з парушэннем правоў чалавека, – адзначае Тамара Васільеўна. 

«Тамара Васильевна, а оно вам надо? Ведь вы еле выжили!»

З-за сваёй журналісцкай дзейнасці Тамара Шчапёткіна рэгулярна сутыкалася з ціскам з боку ўлад і спецслужб. У 2008 годзе супрацоўнікі КДБ зладзілі ў яе кватэры ператрус за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі.

Неаднойчы журналістка атрымоўвала доказы таго, што яе тэлефон праслухоўваюць.

– У 2011 годзе да мяне прыйшлі людзі, якіх пасадзілі за ўдзел у Плошчы-2010, з просьбай схадзіць з імі ў КДБ. Было гэта якраз пасля таго, як я перанесла цяжкую аперацыю. І вось заходзім мы ў будынак КДБ, а мне там кажуць: «Тамара Васильевна, а оно вам надо? Ведь вы еле выжили!». Далі мне зразумець, што усё пра мяне ведаюць. А ў мінулым годзе, калі дапытвалі брэсцкага журналіста, сказалі: ты хочаш жыць як Шчапёткіна? І сціснулі кулак: «Она у нас видишь где?», – распавядае журналістка. 

Тамара Шчапёткіна марыць пра тое, каб у Беларусі і яе Бярозаўскім раёне незалежныя журналісты маглі працаваць без перашкод.

 – І каб нашыя дзяржаўныя газеты не былі, як зараз, прапагандысцкімі лістамі. Каб яны былі сапраўднай прэсай і пісалі пра сапраўднае жыцце. Нам трэба распавядаць пра праблемы, каб нешта змяніць да лепшага, – упэўненая Тамара Васільеўна.