1061

Ягор Марціновіч: Чалавек без прафесійнага досведу прыйсці на працу ў "Нашу Ніву" не можа

16.08.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Рэдактар “Нашай Нівы” Ягор Марціновіч распавёў для Baj.by пра "кухню" рэдакцыі: структуру, арганізацыю працы і каштоўнасці. А яшчэ адказаў на найбольш частыя прэтэнзіі да выдання. Калі хочаце ведаць, як працуе сёння Nn.by, гэты матэрыял для вас.

Ягор Марціновіч

Прынцыпы і правілы працы калектыва “Нашай Нівы”

Працоўная мова — беларуская

"У нас быў шокавы запуск аддзела маркетынга, і атрымалася так, што беларускамоўных людзей, якія могуць ачольваць аддзел, фактычна няма, гэта быў вялікі іміджавы правал. Калі вы з беларускамоўнага выдання прыязджаеце ў нейкі банк і прэзентуеце свае ідэі па-руску, гэта выглядае іміджава незразумела. Але мы выгадавалі ў сваім калектыве беларускамоўнага кіраўніка аддзела маркетынга", — тлумачыць рэдактар.

Сайт Nn.by мае дзве версіі — рускамоўную і беларускамоўную. Найперш увага надаецца беларускамоўнай старонцы, бо яе наведвальнікі і ёсць мэтавай аўдыторыяй медыя.

“Калі я дам волю рускай версіі сайта, яна хутка задушыць беларускую. Калі руская версія абгоніць па праглядах беларускую, нам трэба будзе трансфармавацца ў нешта іншае ці зачыняцца, бо згубіцца сэнс”, — гаворыць Марціновіч.

Універсальнасць работнікаў

Гэта той самы выпадак, калі кожны журналіст у рэдакцыі — універсальны і можа зрабіць усё. Калі б штат "НН" узрос да 50 чалавек, гэта было б немагчыма, у невялікай рэдакцыі ручное кіраванне дае вынік.

Самастойны выбар нагрузкі

У Nn.by няма строгіх патрабаванняў да аб’ёма працы, можна выбіраць сваю нагрузку. Але трэба быць гатовым да таго, што праз год-паўтара вас могуць замяніць на больш актыўнага, працаздольнага супрацоўніка.

Арыенцір на прагляды

— На мой погляд, гэта спрацавала выдатна. На першай планёрцы я сказаў, што ад сёння заробкі прывязаныя да праглядаў, — гаворыць Марціновіч. — Зразумела, ёсць папраўкі на эксклюзіўнасць, гэта не тычыцца і каштоўнасных тэмаў — калі нам у пяцісоты раз трэба напісаць пра беларускамоўныя дзіцячыя садкі, мы напішам. Калі казаць цынічна, я ўспрымаю сферу журналістыкі бліжэй да сферы абслугоўвання.

Мы мусім нейкім чынам пераканаць чытача ўзяць прадукт у нас. Нам не патрэбна маралізатарства. Калі ты будзеш некага вучыць жыць, то чалавек інстынктыўна пяройдзе да таго, хто не будзе яму казаць, што і як рабіць.

Наша місія — распаўсюд беларускамоўнай інфармацыі. Калі пра крымінал чытаюць па-беларуску, я не супраць ставіць 50 навін па гэтай тэме. Гэта, можа быць, выглядае не вельмі этычна, але гэта апраўдана.

Вялікія матэрыялы лепш пакідаць на выходныя з перавыданнем на працягу тыдня. Бо ў лепшым выпадку такі матэрыял пакінуць 16-й закладкай і забудуць.

Ёсць “Звязда”, “Радыё Свабода” — у іх іншыя фінансавыя магчымасці, яны могуць сабе дазволіць рабіць вялікія матэрыялы. Мы перадрукуем гэта ў іх, а самі напішам пра сэкс. Чытачу ўсё адно, хто аўтар тэкста.

У Еўропе існуюць два падыходы да жоўтай прэсы: у Брытаніі асвятляецца кожны чых прынцэсы, а ў Францыі 30 год таму прэса дамовілася не пісаць пра тое, што Мітэран жыве на дзве сям’і.

Паколькі наша грамадства, нашы медыя яшчэ не вызначыліся з гэтымі правіламі, значыць, можна ўсё.

Мы — грамадска-палітычнае выданне з элементамі забаўляльнага кантэнту. Гэта свядома абраная ніша. Нашы канкурэнты —  “Камсамолка” і “Анлайнер”.

Гадоў дзесяць таму недзяржаўным СМІ было прасцей, бо не было Tut.by ў цяперашнім выглядзе. Партал закрывае ўсе тэмы, і гэта катастрофа для іншых медыя.

Прэс-туры — зло

Гэта паказуха і не ўнікальная інфармацыя.

Сайт — галоўная пляцоўка

Стаўкі на сацсеткі няма, бо рабіць асноўнай чужую пляцоўку — тупік.

"Наша Ніва" не палігон, а прафесійнае СМІ

— Гэта складана тлумачыць тым, хто памятае старыя часы і фарматы, і лёгка тым, хто толькі пачынае працаваць у прафесіі. Калі я прыйшоў у "НН" у 2009 годзе, там было два журналісты і я — трэці. Кожнаму давалі магчымасць паспрабаваць сябе. Гэта было вузканішавае СМІ. Цяпер мы імкнемся да статуснасці, прадстаўнічасці і г. д.

Таму чалавек без прафесійнага досведу прыйсці да нас на працу не можа, хай патрэніруецца на кімсьці іншым.

Лонгрыды — толькі за грошы

— Як спецпраекты. Гэта шмат працы, гэта складана чытаць. З цяперашнім тэмпам жыцця складана ўявіць, хто будзе чытаць да канца лонгрыд. Іміджава гэта крута, таму, калі нам аплочваюць, мы робім.

«Хартыя галаўнога мозгу» — стоп

— Раней "НН" успрымалася, як зацятая апазіцыйная газета. Але такі падыход страшэнна адштурхоўвае рэкламадаўцаў і нават саміх журналістаў, бо яны пачуваюцца ўвесь час на вайне, нават калі такой няма. Гэта нервуе Мінінфармацыі. Калі ты працуеш з Варшавы, то ок — цябе не дастануць, можна быць радыкальным. Тут гэта не пракаціць.

Дзяржаўніцкі падыход

— Трэба адыходзіць ад пазіцыі, калі ты мог крыкнуць нешта з-за слупа і схавацца. Аўдыторыя гэта не цэніць. Недзяржаўнае, крытычнае медыя можа ў цяперашніх умовах працаваць і не быць падкантрольным каму-небудзь. Напэўна, з замежнымі СМІ іншы парадак. Але, калі ты працуеш легальна, я мяркую, усё магчыма. З такім падыходам можна знайсці супольную мову і з чыноўнікамі.

Канешне, я фаталіст і размею, што 4 красавіка я працую спакойна, а 5 красавіка да мяне могуць прыйсці і ўсё зруйнаваць.

 

Камерцыйныя адносіны з партнёрамі

— Наладзіць гэта з нуля вельмі складана. Але трэба аднойчы набраць паветра і сказаць, што за нейкую інфармацыйную паслугу трэба заплаціць. Чаму іншыя працуюць на камерцыйных асновах, а ты мусіш пра іх пісаць бясплатна? Але, калі ты прамаўляеш слова “заплаціце”, то мусіш мець добрую статыстыку, каб паказаць, што ты — не маргінальны рэсурс.

 

Абавязковая прысутнасць у офісе

— Калі я прыйшоў, з рэдакцыяй супрацоўнічала шмат людзей. Але прагназаваць, планаваць іх дзейнасць было складана. Фактычна цяпер мы працуем толькі з тымі, хто ў штаце. Фрылансеры нам не патрэбныя. Я хачу быць упэўнены, што магу спытаць чалавека, чаму ён не на працы і сказаць, куды яму трэба схадзіць на заданне.

У Беларусі наш супрацоўнік не можа ўзмацняць канкурэнтаў, то бок не можа пісаць матэрыялы для іншых беларускіх медыя.

Але калі прыйдзе журналіст не з нашага штату, прапануе добры матэрыял і мы знойдзем паразуменне па ўмовах, то так — апублікуем.

Пакуль ты не станеш кіраўніком і перад выплатай заробку не задумаешся, дзе ўзяць яшчэ тры тысячы, не зразумееш, навошта эканоміць на фрылансерах.

Праца на аўдыторыю

— Мы дасягнулі мэты нарасціць трафік. Не зважаючы на меркаванні калег, трэнераў, экспертаў. Мы павінны працаваць найперш для чытача. Аўдыторыя прыходзіць за інтэрпрэтацыяй інфармацыі, пэўным адборам, а не за механічным напаўненнем.

У нас сфармаваная правацэнтрысцкая супольнасць, мы мусім яе падтрымліваць.

— Цяпер трэба абіраць новыя арыенціры, бо немагчыма 5-10 год працаваць на адных і тых жа асновах, — гаворыць Ягор Марціновіч.

 

Якая навіна мае шанец з'явіцца на сайце Nn.by?

Эмацыйнае ўздзеянне (“Паглядзіце ў якой позе пасол Бабіч даваў інтэрв’ю БТ” ФОТАФАКТ). Навінаў з эмацыйным уздзеяннем мусіць быць 60–70 %.

Грамадская значнасць (“Галоўны таксіст Мінска адкрыў бізнес-цэнтр, пакуль чакаў амністыі”). Такіх матэрыялаў прыкладна 20 %.

Практычная карысць (“Квіток на цягнік можна будзе купіць нават у шляху”).

На сайце цягам дня з’яўляецца каля 70 навінаў. Наведвальнік Nn.by чытае 4 матэрыялы за сеанс і праводзіць на сайце 12 хвілін.

 

Адказы на прэтэнзіі да Nn.by:

Смешныя і часам абсурдныя матэрыялы пра “свецкіх ільвоў” і “брэтэлькі Бонд”

— Мне балюча бачыць, як навіны пра смерць расійскіх вядомых асобаў збіраюць мільённыя прагляды, а навіны пра смерць беларусаў чытаюцца мінімальна: памёр Максім, ну хрэн з ім. Таму мы ствараем сваё інфармацыйнае поле, сваіх селебрыці.

Брэтэлькі Ганны Бонд павінны замяніць брэтэлькі Крысціны Арбакайтэ і іншых расійскіх зорак.

На сайце зашмат усяго, неструктураванае напаўненне

— Какафонія — хутчэй плюс, чым мінус. Чалавек пераходзіць з тэмы на тэму. Навігацыя на сайце патрэбная толькі журналістам ці тым, хто шукае рубрыку “Спорт”. Вэб-візар паказвае, што ніхто не націскае на рубрыкі. Яны патрэбныя толькі для каталагізацыі і архівацыі матэрыялаў.

Доўгія загалоўкі

— Кароткія загалоўкі негатыўна ўплываюць на прагляды матэрыялаў, бо чалавек зрокам проста праслізгвае іх.

 

Крыху статыстыкі Nn.by

  • Дырэкт 26 % (наведвальнікі адкрываюць 8 старонак);
  • Пошук гугла 23 % (наведвальнікі адкрываюць 2 старонкі);
  • Яндэкс Дзэн 13 %;
  • Гугл навіны 10 %;
  • Яндэкс навіны 5 %;
  • УКантакце і Фэйсбук 3 %.

 

Правілы, датычныя знешняй камунікацыі рэдакцыі

Пазітыўна інфармуй пра працу рэдакцыі.  Гэта добра ўспрымаецца супольнасцю.

Не думай катэгорыяй "ён жа свой". Калі вы называеце сябе незалежным СМІ, пішаце пра дзяцей чыноўнікаў, то пішыце і пра дзяцей апазіцыі. Вы ні тым, ні тым не належыце.

Вядзі "вайну" на сваёй тэрыторыі. У выпадку нейкіх канфліктаў лепш вынесці інфармацыю ў публічную сферу першым, на сваёй пляцоўцы, дзе ў цябе ёсць падтрымка.

Не баяцца называць зло злом. Ёсць пытанні, калі трымаешся ў рамках паліткарэктнасці. Але практыка паказвае, што аўдыторыя любіць і цэніць, калі ты ідзеш у лоб. Калі бачыце, што нешта разыходзіцца з вашымі каштоўнасцямі, не трэба трымацца паліткарэктнасці.

Калі б’юць, адказвай

Навязвай свой парадак дня

Паняцця “зняць тэкст з сайта” не існуе

Пішы пра тое, што адбываецца ў Беларусі

Не ўскладняй

 

***

Агулам у рэдакцыі “Нашай Нівы” працуе 20 чалавек, з іх пяць — рэпарцёры. Мадэратары працуюць аддалена, з рэгіёнаў. Бухгалтар, праграмісты — на аўтсорсе.

Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў — 28 год.