731

«Ягор Марціновіч быў душой нашай камеры». Журналіст Ігар Ільяш выйшаў з Акрэсціна і распавёў пра затрыманне, ўмовы ў зняволенні і захоп свайго канала сілавікамі

26.07.2021 Крыніца: "Наша Ніва"

Журналіст «Белсата» Ігар Ільяш выйшаў на волю 26 ліпеня пасля 10 сутак на Акрэсціна. Ён застаецца фігурантам крымінальнай справы па артыкулу 342 КК. У зняволенні Ігар сядзеў у адной камеры разам з галоўрэдам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам. 

«Мяне затрымалі раніцай 16 ліпеня: пачалі грукаць у дзверы, я адкрыў, заляцела шэсць чалавек. Гэта быў ГУБАЗ, паказалі пастанову на ператрус. Вынікі яго, думаю, многія бачылі на праўладных каналах: сілавікоў вельмі зацікавіла мая бібіліятэка, асабліва кнігі пра гісторыю Трэцяга Рэйха. Хаця гэта абсалютна навуковая літаратура, дзе выкрываюцца злачынствы Гітлера і нацыстаў, — расказвае Ільяш. — 

Мяне не білі, не было кайданкоў, паводзілі сябе ветліва. Неадэкватны супрацоўнік быў толькі адзін, які ўжо пасля мацюкаўся ў мой бок, абяцаў, што будзе біць.

Магчыма гвалту не было, бо сілавікі фактычна адразу атрымалі доступ да майго тэлеграм-канала. Я разумеў, што калі яны прыйдуць, то адна з галоўных мэтаў будзе завалодаць маім каналам. Таму я нават не вылагініваўся, доступ да каналу быў адкрыты на маім ноутбуку. Губляць сілы на барацьбу за канал не было ніякага сэнсу.

Страта каналу — не вялікая праблема для мяне. Падпісчыкаў было не шмат, бо галоўным былі рэпосты і перадрукі, кожны пост разыходзіўся шырока, па 8-10 тысяч прачытанняў. І цяпер вярнуць гэты ахоп для мяне не стане праблемай, думаю, новы канал за пару тыдняў набярэ больш падпісчыкаў, чым было ў мінулым. Пасля ператрусу забралі тэхніку, мяне павезлі ў Следчы камітэт, дзе мне паведамілі, што я затрыманы. І затым — на Акрэсціна».

У ізалятары часовага ўтрымання Ігар пяць  дзён правёў у адной камеры разам з галоўным рэдактарам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам.

«Ягор быў у добрым маральным стане. Бадзёры, вясёлы, быў сапраўднай душой камеры. Трымаўся цвёрда і ўпэўненым у сабе. Ягор расказваў, што яго білі ў дзень затрымання, калі перавозілі кудысьці ў мікрааўтобусе. Адзелі нейкі шлем у машыне, каб не было слядоў, і білі праз гэты шлем. Чаму — ён не казаў. Але ў камеры Ягор адчуваў сябе нармальна, не скардзіўся на здароўе.

Ён гуляў ва ўсе магчымыя гульні: там былі нарды, шахматы, шашкі. У камеры дошак для гульняў няма, але поле малюецца на лаве ці на дошках нараў, фігуркі з хлеба. Была яшчэ спецыфічная турэмная гульня з не вельмі прыстойнай назвай «Мандавошка»: поле малююць на лаве, з хлеба кубікі і фігуркі. Правілы дакладна не ўзгадаю, але тэрміны ў гульні з турэмнай тэматыкі: «бур», «кіча» і гэтак далей. Я сам не гуляў, а Ягор вельмі зацікавіўся, — пасміхаецца Ільяш. — Ягор вельмі моцна падтрымліваў людзей. У нас было шмат палітычных, хтосьці трапляўся амаль што выпадкова, за фотаздымак з мітынга, за тое, што кінуў камень проста сабе пад ногі, і гэта трапіла на нейкі запіс. І цяпер людзі праходзяць па 342 ці нават 293 артыкулах, для іх гэта шок. Сядзелі з намі і фігуранты так званых «тэрарыстычных спраў», напрыклад, «справы АГСБ». Ім было цяжка, але Ягор іх заўсёды падбадзёрваў.

Некаторым казаў: не хвалюйся, ты хутка выйдзеш. І так і аказвалася — па «тэрарыстычных справах» людзі часта выходзілі пасля 10 дзён. Альбо Ягор супакойваў сукамернікаў: маўляў, усё гэта можна перажыць. Акрамя таго, Ягор распавядаў шмат гісторый. Пад вечар «маладыя палітвязні» нават самі яго прасілі распавесці нейкую цікавую гісторыю, і ён узгадваў штосьці з журналісцкай дзейнасці ці нейкія цікавосткі з палітыкі, гісторыі з беларускіх рэалій.

За тыя пяць дзён, што мы былі разам, ён быў бадзёры. Быў упэўнены, што яго затрыманне, затрыманне Дынька і Скурка не адаб’ецца на працы «Нашай Нівы» і выданне працягне дзейнасць. Пра вызваленне Андрэя Дынько ён не ведаў. Але ў вакно камеры, ён убачыў сваю маці — яна стаяла пад Акрэсціна. Ягор зразумеў, што кагосьці з нашаніўцаў будуць адпускаць ці ўжо адпусцілі. Але на жаль, маці ў той дзень не дачакалася Ягора.

Момант, калі Марціновіча этапавалі на Валадарку быў даволі непрыемны і драматычны. У яго скончваўся тэрмін утрымання ў 13.30. Час прыйшоў — і нічога не адбылося, не адпускаюць і не кажуць пра арышт. Ягор пачаў грукаць у дзверы, пытацца пра свой статус. Яму адказвалі: чакайце-чакайце. Так працягвалася да вечара, і ўвечары яму без ніякіх папер проста сказалі: вы арыштаваныя, паедзеце на Валадарку». 

Адзначым, што ў пракуратуру Мінска пададзена скарга па факце парушэння Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, паколькі мера ўтрымання Марціновічу і Скурко была абраная пазней за 72 гадзіны, як тое прадпісвае закон.

Ігар таксама адзначае: для палітычных адмыслова ствараюць цяжкія ўмовы на Акрэсціна:

«У тых камерах, дзе я быў, перанаселенасці не было. Але для палітычных мэтанакіравана ствараюцца невыносныя ўмовы: людзі спяць на голых дошках, матрасы і бялізну не выдаюць, замест падушкі — пластыкавая бутэлька з вадою. Святло гарыць 24 гадзіны, шпацыр ці душ — няма нічога. Да таго ж бываюць начныя пераклічкі, часам па два разы за ноч, проста каб не даць людзям нармальна спаць. Таксама палітычным не аддаюць перадачы».

Сёння Ільяш на волі, але ён усё яшчэ падазраваны па артыкуле 342 КК: арганізацыя альбо ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак. Яму забаронены выезд з Беларусі, але і сам Ігар кажа, што нікуды не паедзе без жонкі, Кацярыны Андрэевай, якая адбывае 2-гадовы тэрмін у калоніі за стрым з Плошчы перамен.

«Да таго, што па мяне прыйдуць, я быў гатовы, я разумеў гэта з таго дня, калі арыштавалі Кацярыну. У чым канкрэтна мяне падазраюць, я не ведаю. Але мая пазіцыя з лістапада 2020 года не змянілася: я з’еду з Беларусі толькі разам з Кацяй. Пакуль яна не выйдзе на волю, я нікуды з Беларусі не з’еду», — кажа Ігар.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!