1311

«Я зразумела, што ёсць толькі адзін варыянт — здавацца». Маналог Шуры Піліповіч-Сушчыц пра падрыхтоўку да 7 сутак на Акрэсціна ФОТАГІСТОРЫЯ

21.12.2020 Крыніца: Надзея Бужан, "Наша Ніва"

20-гадовая фатографка «Нашай Нівы» Шура Піліповіч-Сушчыц знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна. Наступныя 7 сутак яна будзе адбываць арышт за працу на Маршы памяці Рамана Бандарэнкі.

Адразу пасля прысуду Шуру не ўзялі пад варту. Прыкладна месяц яна жыла з думкай, што ў любы — самы непадыходзячы — момант па яе могуць прыйсці. Тыдзень таму дзяўчыне пазваніў участковы, і яны абгаварылі дату, калі яна прыйдзе «здавацца». Гэтыя сем дзён Надзея Бужан правяла разам з Шурай і задакументавала падрыхтоўку да арышту.

«Гэта было маё першае і, спадзяюся, апошняе затрыманне. Яно адбылося вельмі па-дурному. Вось я прыходжу да месца здымкі, і нейкая жанчына ў спіну кажа мне: «О, журналістка, вы спазніліся, тут толькі што такое было!»

І я так на яе пакрыўдзілася! Я так бегла, каб паспець, а яна мне кажа, што я спазнілася. Літаральна праз 2 хвіліны людзі сталі масава бегчы, хавацца. Пачаўся новы хапун, і я падумала, што зараз ёй дакажу і здыму ўсё-ўсё!

Дастаю фотаапарат і бачу, як да мяне падбягае губазік і пальчыкам паказвае: «Ідзі сюды». Я была абазначана бэйджам журналіста. Са мной былі ўсе дакументы.

Сілавік спытаў: «Што за СМІ?», потым абярнуўся і крыкнуў іншаму: «Наша Ніва» падыходзіць?» — «Не, забірай!» Ну ўсё. Пад локаць — і ў бусік.

Быў момант, жанчыну затрымалі за тое, што яна здымала маё затрыманне. Тады з жанчын затрымалі толькі нас удваіх, бо я — журналіст, а яна запісвала відэа на тэлефон. Калі нас перакідвалі з бусіка ў аўтазак, у аўтазаках скончыліся месцы. Мы стаялі на вуліцы хвілін 30 і чакалі, калі прыедзе новая машына. Мужчынам звязалі рукі, нам дазволілі проста стаяць.

У нейкі момант адзін з сілавікоў паварочваецца да маёй спадарожніцы і кажа: «Ну ладна, ідзі». І я так з надзеяй гляджу на гэта і думаю: «Дзякуй богу, што ёсць сэксізм!» Але надзея згубілася, калі адразу ж пачула ў свой бок: «А ты стой!»

Цяпер я ведаю, што такое «стакан». Стакан для мяне — гэта поўнае адчуванне страты кантролю. Я не ведаю, куды я еду, які зараз час. У мяне забралі рэчы, я ў замкнёным памяшканні. Я нават не магу вырашыць: мне стаць ці сесці. Я не магу ўстаць, мне не хапае росту камеры. Быццам бы мяне заціснулі ў школьнай шафцы. Адзіны плюс — я паспела выплакацца, што дапамагло быць спакойнай у РУУС.

Калі мы трапілі ў РУУС, да мяне падышоў міліцыянер і спытаў: «Гэта вы журналістка? Калі ў вас усё нармальна з дакументамі, то хутка вас выпусцім». Я ўзрадавалася, бо гэта ж мой выпадак. Так на працягу 16—17 гадзін мне ўсе абяцалі, што мяне вось-вось выпусцяць.

У мяне ёсць гэтакая наіўная справядлівасць. Яна гудзіць ува мне. Я разумею: як ты ні трактуй законы, я ўсё роўна законна знаходзілася на здымцы. І я ведаю, што зрабіла ўсё правільна: сказала, што я журналіст, паказала дакументы, паводзіла сябе карэктна.

Мне выдалі павестку, якую я нават не перачытвала ў РУУСе, бо я не спала і не ела больш за 30 гадзін і проста разгубілася. У павестцы суд быў прызначаны на чацвер. І я не звярнула ўвагу, што дата на павестцы была выпраўлена ручкай з 18 лістапада на 19 лістапада. Калі мой адвакат дазваніўся да суда, то даведаўся, што мне ўжо прысудзілі 7 сутак. Пару хвілін асэнсавання, а потым слёзы. Таму што гэта рэальны тэрмін! Пазней зноў з’явілася спадзяванне, што мы зможам абскардзіць прысуд, які прайшоў без мяне. Мне сорамна, што я нічога не разумею ў сваіх правах, трэба быць падрыхтаваным. Адвакат для мяне як клубок у страшным лесе, за якім я проста іду і які накіроўвае мяне.

Калі я выйшла пасля другога суда, я адчула сябе бруднай, мне проста хацелася ў душ, адмыцца ад гэтага ўсяго. Пасля першых пяці хвілін суда я зразумела, што гэта проста катаванне цягам 40 хвілін, дзе сам вердыкт ужо не будзе сюрпрызам.

Ніхто не ведаў, ці забяруць мяне пад варту адразу пасля суда. Таму я вырашыла падрыхтавацца: на мне былі два камплекты адзення, са мной быў заплечнік з рэчамі першай неабходнасці. Але тады гэта было ўсё адно неяк нерэальна. Зараз я ўсведамляю, што адбываецца. Я рэальна збіраю сумку і бяру рэчы, якія мне там спатрэбяцца. Калі чытаеш навіны, прывыкаеш да слова «суткі».

Усім даюць суткі. 20 000 чалавек атрымалі суткі. Але калі іх даюць табе, ты разумееш, што гэта рэальна турма, рэальнае абмежаванне волі. Было вельмі прыемна, што людзі ўдзячныя табе за тое, што ты ахвяруеш свой час дзеля іншых.

Я разумею, што 7 сутак — гэта не паўгода. Я сама супакойваю сябе, сяброў і бацькоў, што гэта не так страшна, як можа быць. Зараз мае думкі пра тое, што там ты страчваеш кантроль. Я буду сядзець у месцы, дзе мне будзе нясмачна пахнуць, дзе невядома, якія ў мяне будуць суседкі. Сем дзён твой лёс у руках іншых людзей. Гэта тваё жыццё, у якім ты не вырашаеш нічога. Часам мяне накрывае паніка, таму што я разумею, што гэта не адэкватна, так не павінна адбывацца. Я вельмі эмацыйны чалавек, мне не хапае стрыжня.

Я адчуваю сорам, што прымушаю іншых людзей хвалявацца за мяне. Заўсёды знаходзіцца чалавек, якога я супакойваю. Напэўна, мяне напружвае і пужае гэтая мітусня. Але я разумею, што мне проста трэба гэта перажыць.

Месяц я жыла ў разуменні, што, можа быць, заўтра я буду спаць не дома. Я рэальна не ведала, у які момант за мной могуць прыйсці. Нават у сацыяльных сетках рабіла апытанку сярод сяброў. Было цікава, як бы яны паводзілі сябе на маім месцы — з’ехалі б ці здаліся. У нейкі з дзён у дамафон пазванілі, калі дома быў толькі мой 9-гадовы брат. Міліцыянер пакінуў нумар тэлефона і папрасіў перазваніць. Я зразумела, што гэта час «Х» і трэба штосьці вырашаць. На наступны дзень я прачнулася і зразумела, што ў мяне ёсць толькі адзін варыянт — здавацца. Села, сабралася з думкамі і набрала міліцыянеру. Гэта быў такі складаны момант для мяне. Пазваніць чалавеку, вобраз якога мяне пераследаваў цэлы месяц і з якім я не хацела сустрэцца.

Так атрымалася, што ў РУУСе няма свабоднай машыны. Таму участковы прапанаваў завезці мяне на Акрэсціна на таксі ці на маршрутцы. Мы дамовіліся, што нас да Акрэсціна падкіне мой бацька. Сітуацыя проста трагікамічная. Мой бацька на сваёй машыне, сваімі рукамі павязе мяне ў турму.

Участковы паставіўся да мяне нават з нейкім клопатам. Пачаў размаўляць са мной па-беларуску. Прапанаваў абавязкова адбыць суткі да Новага году. Але чаму, калі ён такі адэкватны чалавек, ён займаецца тым, чым займаецца?

Ненатуральнае адчуванне, калі ты сам сабе абіраеш лук у турму. Мы з мамай злавілі сябе на думцы, што абмяркоўваем беларускія турмы за гарбатай і думаем, куды лепш патрапіць.

Так склалася, што ўсё, што я зрабіла за гэты тыдзень, — проста не распачынала нічога новага. У мяне скончыўся абанемент на танцах, я закрыла адзін з фотапраектаў, папярэдзіла ўсіх сяброў, каб мяне не шукалі, нават знайшла сабе падмену на карэктарскую працу.

Я проста займалася тымі рэчамі, якія мяне супакойваюць маральна. Нейкая руціна, якая нагадвае, што я жыву і жыццё працягваецца. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!