823

Вызваленая журналістка Студзінская расказала пра галадоўку, сукамерніц і катаванне музыкай на Акрэсціна

26.07.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Журналістку «Радыё Свабода» за кратамі катавалі музыкай. Сярод «Саня останется с нами» і «Любимую не отдают» трапіліся песні Данчыка – супрацоўніка «Свабоды».

Пасьля 10 дзён у турме на Акрэсьціна на волю выйшлі журналісты Свабоды Іна Студзінская і Алег Грузьдзіловіч. Іна Студзінская галадала за кратамі 9 дзён, Алег Грузьдзіловіч — 3 дні. Выпусьцілі пасьля 10 сутак і журналіста «Белсату» Ігара Ільяша.

Каля 8-й раніцы 26 ліпеня стала вядома пра вызваленьне зь менскай турмы на завулку Акрэсьціна журналістаў Свабоды Іны Студзінскай і Алега Грузьдзіловіча.

Адвакатка Алега спаслалася на сьледчага з упраўленьня Сьледчага камітэту Менску, які паведаміў ёй, што Алега Грузьдзіловіча вызвалілі. Яшчэ аднаго журналіста Свабоды Алеся Дашчынскага выпусьцілі з Акрэсьціна раней, 23 ліпеня.

Журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч пасьля 10 дзён зьняволеньня

Журналістаў Свабоды Іну Студзінскую, Алега Грузьдзіловіча і Алеся Дашчынскага затрымалі пасьля ператрусаў у іх дамах 16 ліпеня. Тады ж рэдакцыйны офіс у Менску быў ускрыты і разгромлены.

Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.

Студзінская галадала на знак пратэсту 9 дзён

Іна Студзінская пасьля вызваленьня паведаміла Свабодзе, што яна галадала на знак пратэсту 9 дзён, ніводнага допыту не было, працэсуальнага статусу яна не мае, ніякага абвінавачваньня ёй ня выставілі, пакінулі ў статусе падазраванай. Перад вызваленьнем яна падпісала паперу аб яўцы. Прынцыпова адмовілася падпісваць паперу аб невыдаваньні.

Іна Студзінская расказала, што адчувае сябе нармальна. Цяпер яна пачала паступова выходзіць з галадаваньня, п’е ўзвары, зьбіраецца абсьледавацца ў лекараў, у тым ліку на каранавірус.

Ёй ня выставілі абвінавачваньня, пакінулі ў статусе падазраванай. Допыту ў сьледчага не было. Далі падпісаць толькі абавязаньне аб яўцы ў Сьледчы камітэт. Падпіскі аб невыдаваньні яна не давала.

«Нейкая вялікая справа заведзеная на нявызначаных асобаў, – расказала Іна Студзінская. — Мне далі азнаёміцца са сьпісам сьледчай групы, ён быў мо на 50 старонках. Я запыталася: тут усе, хто ёсьць у краіне? Мне кіўнула сьледчая, сказала: амаль што».

Справа тычыцца «арганізацыі масавых беспарадкаў» ад 14 ліпеня 2020 году да 12 студзеня 2021-га. Іншых падрабязнасьцяў справы Іна Студзінская ня ведае. Умовы на Акрэсціна для «палітычных» жорсткія, працягвае яна.

«І ў турме можна выжыць. Але нары былі цьвёрдыя, матраца і падушкі не далі, да чацьвярга я была ў тым жа адзеньні, у якім забралі. Абмылак быў за шчасьце. Я 9 дзён галадала на знак пратэсту, перадачу мне перадалі ў чацьвер, але яе зьелі сукамэрніцы. Я піла ваду. Было фактычна катаваньне сьвятлом — гарэлі ўвесь час тры яркія лямпы — і гучнай музыкай: уключалі гімн і песьні „Саня астанецца с намі“, „Любімую не аддаюць“; але і было 2 песьні ў выкананьні Данчыка», — распавяла Іна Студзінская.

Грузьдзіловіч: «Гэта дэманстратыўна грубае абыходжаньне зь людзьмі, затрыманымі па палітычных артыкулах»

Алег Грузьдзіловіч пасьля вызваленьня з турмы на Акрэсьціна сказаў, што застаецца падазраваным і што ён даў падпіску аб яўцы. Тры дні ён галадаў за кратамі на знак пратэсту супраць затрыманьня і салідарнасьці зь Інай Студзінскай, якая галадала 9 дзён, з патрабаваньнем дапусьціць да яе адваката.

Алег Грузьдзіловіч паведаміў Свабодзе пасьля вызваленьня, што мае статус падазраванага па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх; караюцца арыштам, ці абмежаваньнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да чатырох гадоў).

Але ніводнага допыту ў Алега не было, ён адмовіўся даваць паказаньні падчас затрыманьня, не падпісаў пратакол ператрусу 16 ліпеня. У Сьледчым камітэце 16 ліпеня яго спрабавалі дапытаць, але ён адмовіўся ад дачы паказаньняў.

Вось што ён расказаў пра свае апошнія дні.

«Уварваліся раніцай у кватэру. Грукат у дзьверы — я адразу падняўся. Не тое каб чакаў, але прадбачыў такое. Супрацоўнікі ў цывільным ужо увайшлі ў тамбур, я адчыняў дзьверы спакойны, але мяне схапілі, адзін, здаецца, сказаў: «СОБР!», хоць сахраўцаў у форме там я не бачыў. Другі кажа: «Міліцыя!». У кватэру ўварваліся 7 чалавек, на мяне накінулі кайданкі. Правялі ператрус, забралі тэхніку і ўсе наяўныя грошы. Адвезьлі ў СК, я адмовіўся даваць паказаньні без адваката. Выклікалі дзяжурнага абаронцу. І пасьля 10 дзён на Акрэсціна.

Па 342 артыкуле тут шмат. Таксама шмат людзей у «тэрарыстычнай справе» аб падрыве ў Вялейцы. Па ёй сядзеў доктар, які займаўся пэйнтболам, нейкі асьпірант БНТУ… Забіраюць усіх пры хоць якім падазрэньні. Праўда, пасьля і адпускаюць: ведаю, што і доктар, і асьпірант ужо на волі».

Спачатку Грузьдзіловіча завялі ў камэру, дзе быў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, яны абняліся, але праз хвіліну журналіста вывелі ў іншую камэру. Там быў нашанівец Андрэй Скурко. «Яму цяжка, ён інсуліназалежны, мае праблемы са здароўем», — тлумачыць Грузьдзіловіч.

«У Сьледчым камітэце ў кабінэтах усё завалена кампутарамі і бел-чырвона-белай сымболікай. Там мне прапанавалі допыт, але я адмовіўся. Дзяжурны адвакат, якога мне далі, так і не паведаміў жонцы, што мяне накіравалі ў турму на Акрэсьціна, аб чым я яго прасіў».

26 ліпеня Алег Грузьдзіловіч перад вызваленьнем даў падпіскі аб яўцы і невыдаваньні матэрыялаў справы.

«Абставінаў справы я паведаміць не магу, але я іх і ня ведаю, ведаю, што там шмат людзей — чуў ад сукамэрнікаў. Апрача таго, у камэрах была вялікая колькасьць людзей, затрыманых у так званай „вялейскай справе“ (падазрэньне на тэрарызм), але некаторых зь іх таксама адпускаюць».

Алег тры дні, да вызваленьня, трымаў галадоўку пратэсту. Перадачу ён атрымаў толькі па вызваленьні, ні матраца, ні падушкі, ні бялізны ня меў, прагулак не давалі, яшчэ не вярнулі пашпарт.

«Гэта дэманстратыўна грубае абыходжаньне зь людзьмі, затрыманымі па палітычных артыкулах. У „непалітычных“ матрацы былі. Стаўленьне да нас сярэдняе, але агулам можна сказаць, што міліцыянты настроеныя даволі жорстка да палітычных. Толькі адзін выказаў маленькае спачуваньне. Усе астатнія былі вельмі жорстка настроеныя.

Гэта робіцца, каб узьдзейнічаць на палітычных. Ім ствараюць невыносныя ўмовы з самага пачатку. Усе палітычныя вязьні кажуць, што мы закладнікі гэтай сытуацыі. Я разумею, што быў загад пакуль прыпыніць гэтую справу. Якое будзе разьвіцьцё, залежыць ад палітычнай сытуацыі».

Раніцай 26 ліпеня таксама вызвалілі журналіста «Белсату» Ігара Ільяша.

Журналіст тэлеканалу «Белсат» Ігар Ільяш пасьля 10 сутак зьняволеньня.

Ігар Ільяш — журналіст, які спэцыялізуецца на расьсьледаваньнях, аўтар кнігі «Беларускі Данбас» і муж палітзьняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай). Яго затрымалі 16 ліпеня, толькі праз чатыры дні да яго дапусьцілі адваката.

23 ліпеня стала вядома, што Ільяш ёсьць падазраваным паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

У першым камэнтары на волі Ігар распавёў, што адчувае сябе добра і бадзёра, у яго падпіска аб неразгалошваньні.

«Толькі сёньня даведаўся, што іншых калегаў пачалі адпускаць яшчэ ў пятніцу. Для мяне не зразумела, у чым мяне і на якой падставе падазраюць. Ёсьць абмежаваньне на выезд з краіны, але па Беларусі перамяшчацца магу».

За кратамі па-ранейшаму застаюцца дзясяткі прадстаўнікоў незалежных СМІ Беларусі.

Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!