536

Выйграла стыпендыю ў нямецкім універсітэце, стала прарывам года рэдакцыі. Расказваем пра журналістку Любоў Каспяровіч, якой далі 15 сутак

18.05.2021 Крыніца: NN.BY

Журналістку Tut.by Любоў Каспяровіч асудзілі на 15 сутак. Яе затрымалі ў пятніцу 14 мая, калі яна брала інтэрв'ю ў сяброў студэнтаў, справу якіх у той дзень разглядалі ў Доме правасуддзя. Расказваем пра гэту дзяўчыну, якая цяпер сядзіць на Акрэсціна за сваю працу.

 Выйграла стыпендыю ў нямецкім універсітэце, стала прарывам года рэдакцыі. Расказваем пра журналістку Любоў Каспяровіч, якой далі 15 сутак

Любові 28 год. Яны вырасла ў вёсцы Мілейкі Івацэвіцкага раёна ў вялікай сям’і — іх у бацькоў трое дачок. Любоў — малодшая з сясцёр.

Інстытут журналістыкі БДУ дзяўчына скончыла з чырвоным дыпломам. А паўгода студэнцкага жыцця правяла ў Германіі — выйграла стыпендыю ў Рурскім універсітэце ў Бохуме. Той вопыт яе вельмі натхніў — перш за ўсё атмасферай свабоды. Навучальныя курсы выбіраеш самастойна, прысутнасць ці адсутнасць студэнтаў на парах адзначаць забаронена, а рэктар можа разліваць глінтвейн на ўваходзе ў бібліятэку і запрашаць на выбары ў студэнцкае самакіраванне.

Пасля журналістка скончыла магістратуру ў БДУ. Паралельна яна вяла ў першых курсаў пары па выпуску вучэбнай газеты.

Пэўны час Любоў была рэдактаркай сайта «Адукацыя. Інфо». Гэта платформа з навінамі пра стыпендыі на вучобу для беларусаў за мяжой. Дзяўчына і сама шмат часу прысвячала развіццю. Яна ездзіла на журналісцкія семінары і іншыя адукацыйныя праграмы ў ЗША, Літву, Ліван (у апошнюю краіну Любоў трапіла ў неспакойным 2019-м — падчас забастовак і пратэстаў). Адзін з такіх курсаў аднойчы занёс яе на Паўночны Каўказ.

Журналістка супрацоўнічала таксама з парталам «Имена». 

У штаце Tut.by яна з 2018 года. Піша для раздзелаў «Грамадства» і «Кругагляд». Летась на вялікай лятучцы рэдакцыя прызнала журналістку прарывам года.

Любоў — вельмі старанны і адданы справе чалавек. Вось толькі дзве гісторыі, якія сведчаць пра гэта:

  • Стыпендыю на вучобу ў Германію дзяўчына ў першы раз не атрымала. Але не здалася, стала ўзмоцнена падцягваць нямецкую мову — наведвала па чатыры заняткі на тыдзень. Плюс нефармальныя мерапрыемствы ў інстытуце Гётэ. І гэта апроч вучобы ва ўніверсітэце і падпрацоўкі журналістам.

  • Для артыкула пра паўстанцаў-паплечнікаў Кастуся Каліноўскага Любоў доўга шукала інфармацыю. Адзіная кніга з біяграфіяй усіх удзельнікаў была на літоўскай мове. Каб атрымаць яе, журналістка звязалася з прафесарам, што яе складаў. А пасля з дапамогай гугл-перакладчыка вывучала матэрыял.

У вольны час Любоў любіць падарожнічаць, няньчыцца з пляменнікамі. У дадатак да нямецкай яна вывучыла ангельскую мову.

Дзяўчына адлічвала дні да сустрэчы са сваёй калегай Кацярынай Барысевіч, якую 19 мая мусяць вызваліць. А цяпер сама апынулася за кратамі.

На судзе Любоў шмат разоў звяртала ўвагу на парушэнне закону — яе не азнаёмілі з пратаколам, сведка, які выступаў пад кодавым імем Іваноў, увесь час знаходзіўся з ёй у адным памяшканні і чуў ход справы, яе працягвалі ўтрымліваць у ізалятары па заканчэнні 72 гадзін. Але суддзя Сяргей Кацар палічыў гэта нязначным.

«Люба цудоўна трымалася, яна разумнічка. Я ганаруся ёй», — кажа сястра журналісткі.

Журналістку TUT.BY Любоў Каспяровіч пакаралі арыштам на 15 сутак. Як адбываўся працэс

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!