3445

Вынікі 2015 года. Папаўненні ў журналісцкіх сем’ях

02.12.2015 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” працягвае падводзіць вынікі года. Сённяшні сюжэт – пра папаўненні ў журналісцкіх сем’ях.

Мы распыталі маладых мамаў і татаў, як змянілася іх жыццё пасля нараджэння "маленькай будучыні" і ці збіраюцца пасля дэкрэту вяртацца ў прафесію.

Таццяна Гусева з інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” гаворыць, што зараз замест журналіста стала вельмі ўважлівым чытачом. І вельмі цэніць час, які праводзіць з сынам.

– Майму сыну толькі 1,5 месяцы. Ніякага дэкрэтнага адпачынку "перад" у мяне не было, да самага нараджэння я працавала і перастала гэта рабіць толькі тады, калі мяне паклалі ў радзільню. І, калі б не мой сын, я б так і далей працавала, працавала і працавала. Таму я вельмі ўдзячная яму за гэты адпачынак 

Адпачынкам яго, канешне, не назавеш. Але дзякуючы яму я атрымала магчымасць пажыць звычайным нармальным жыццём. З дзецьмі час вельмі запавольваецца, ужо не трэба хутчэй-хутчэй нешта пісаць, таму ёсць магчымасць нарэшце паглядзець на рэчы навокал.

Як актыўны чытач медыяў я заўважыла, што ў сучасных СМІ, аказваецца, вельмі мала засталося самога чалавека. Мы пішам пра грамадскія падзеі нейкія, палітычныя справы, а самога чалавека засталося вельмі мала. Большасць тэкстаў у СМІ чамусьці прысвечаныя не яму, а цяпер мне гэтага вельмі не хапае.

Зразумела, што я не збіраюся сядзець дома ўсе тры гады. Безумоўна, я буду нешта пісаць і паступова ператварацца з чытача ў журналіста. Але цяпер я маю час, які ўсім людзям вельмі важна не згубіць, – час сапраўднага жыцця, час інвестыцый у будучыню. Калі сын падрасце, я ўжо не буду яму так патрэбная, – гаворыць маладая маці Таццяна Гусева.

У сям’і Глеба Лабадзенкі і Таццяны Шапуцька сёлета нарадзіўся ўжо другі сын – Дамінік. І хоць старэйшаму, Стэфану, толькі 3 гады, Таццяна кажа, што паспявае і падпрацоўваць на сайце “Новага Часу”, і вучыцца ў магістратуры.

– Я дапамагаю на сайце газеты “Новы Час” з дзяжурствамі, а таксама час ад часу пішу туды артыкулы, каб за гэтыя гады не згубіць навыкаў і кантактаў з людзьмі. Бо, калі нічога не рабіць, праз шэсць гадоў вярнуцца ў прафесію будзе вельмі цяжка. Калі Дамініку будзе 2-3 гады, я збіраюся вярнуцца ў журналістыку цалкам. Светапогляд мой асабліва не змяніўся, я раней цікавілася рознымі грамадска-палітычнымі тэмамі і зараз імі цікаўлюся. Ну, можа трошкі больш увагі стала надаваць такім тэмам, як сацыяльная дапамога, маладыя сем’і, але кардынальна нічога не памянялася, – гаворыць маладая маці Таццяна Шапуцька.

Сумуе па працы і журналістка Таццяна Бублікава. Але прызнаецца, што ўначы, калі Агата засынае, яна ўсё ж рэдагуе свой маленькі журналісцкі праект.

– Я не чакала, што так зменіцца маё жыццё з нараджэннем Агаты. Мне вельмі не хапае таго, што раней яго напаўняла: навінаў, сустрэчаў з сябрамі-журналістамі, і нават заходзіць у Фэйсбук цяпер атрымліваецца толькі раз-два на тыдзень. Але я вельмі сумую па сваім актыўным жыцці. І, як толькі будзе магчымасць, збіраюся ўліцца ў яго зноў. Пакуль гэта не атрымліваецца – Агата без мяне не застаецца адна. Але, трэба прызнацца, па начах я ўсё ж рэдагую адзін маленькі журналісцкі праекцік.

Дарэчы, нядаўна я чытала вынікі аднаго даследавання. Аказваецца, амерыканскія вучоныя высветлілі, што чым больш актыўныя ў дзяўчынак маці, тым больш сацыяльна актыўнымі вырастаюць і самі дзяўчынкі. Таму я хутка вярнуся, – кажа Таццяна.

А вось яшчэ адна сёлетняя маці Вольга Шыракаступ з баранавіцкага выдання “Intex-press” гаворыць, што пасля нараджэння ў іх сям’і маленькага Кастуся яна пачала чакаць і чытаць уласную газету разам з мужам.

– Вельмі сумую па сваёй працы і заўсёды чакаю, калі выйдзе мая газета. У нас нават з’явілася новая форма адпачынку дома. Напрыклад, я сяджу кармлю сына, а муж мне чытае маю газету, ці “БелГазету”, ці навіны на нейкім сайце. Вось так мы бавім час вечарамі, хоць раней сумеснага такога вольнага часу не было.

Хоць я і сумую па сваёй працы, але, думаючы пра будучыню ў прафесіі, адразу разумею, наколькі мала часу змагу прысвячаць сыну. І таму зараз вельмі хочацца "ўкласці" ў яго як мага больш, – гаворыць Вольга.

А вось адзіны сёлетні тата-журналіст, да якога нам удалося датэлефанавацца, кажа, што нават і рады змене статусу. Бацька Казіміра Ілля Маліноўскі гаворыць, што новы статус прымусіў яго стаць больш клапатлівым у дачыненні да сваёй сям’і.

– Зараз сапраўды вельмі цяжка працаваць на поўную моц, бо банальна не спіш па начах. Даводзіцца таксама займацца многімі рэчамі, якімі да нараджэння Казіміра займалася мая жонка: хадзіць у крамы, гатаваць ежу, прыбірацца ў кватэры часам. Але гэта зрабіла мяне больш клапатлівым і чуллівым. Я нават на канцэрт “Нейра Дзюбеля” не пайшоў, – смяецца Ілля.

Таксама ГА “БАЖ” нагадвае, што бацькамі сёлета сталі сябры нашай арганізацыі Марына Маўчанава, Алена Насковіч, Вольга Кузьміч і Юра Сідун, Вікторыя Мікуліч, а зусім нядаўна – Марыйка Мартысевіч і Павел Касцюкевіч.

Магчыма, мы не даведаліся яшчэ пра кагосьці, але вельмі жадаем усім дзецям хуткага і здаровага ўзрастання, а ўсім сёлетнім бацькам – мудрасці і радасці. А прэс-служба ГА “БАЖ” абяцае вярнуцца да гэтай тэмы ў наступным годзе... :)

Вынікі 2015 года. Штрафы фрылансерам

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!