НЕ - ВАЙНЕ!
2615

Вынікі 2015 года: Камісія па этыцы

16.12.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Старшыня камісіі Анатоль Гуляеў распавёў, якія “кейсы” ў гэтым годзе яму даліся найцяжэй і чаму старшыня не вельмі заклапочаны з нагоды адхілення з’ездам ГА “БАЖ” паправак у Кодэкс этыкі.

Медыйны рэгуліроўшчык: нелюбімы, але патрэбны

– Уявім сабе медыяпрастору як горад, у якім жыве пэўная колькасць людзей. І кожны мае нейкі свой аўтамабіль, на якім ездзіць. Але ездзіць як хоча, хаця ведае пра існаванне пэўных правілаў. На іх у значнай ступені забыліся, бо на скрыжаваннях доўгі час не было “медыйных рэгуліроўшчыкаў”. Мы – адныя з тых, каму выпала такая няўдзячная доля. Тых, хто размахвае жазлом, заўсёды не любяць, хаця без іх праблем было б больш.

За першыя 4-5 гадоў працы Камісіі па этыцы, здаецца, на яе разгляд паступіла адна заява. Потым іх рабілася ўсё больш і больш. Гэта было звязана з двума, як мне падаецца, фактарамі. Адзін – аб’ектыўны: грамадства развівалася, пачынала больш сябе паважаць і заўважаць тое, чаго раней не заўважала. Раней, калі табе не плюнулі ў фізіяномію са старонкі газеты, то нібыта і не пакрыўдзілі...

Другі фактар – суб’ектыўны. Быў добры савецкі фільм “О бедном гусаре замолвите слово”. Там адзін з герояў – чыноўнік па асаблівых даручэннях пры імператары – казаў: “Дайце мне даручэнне, а асаблівым я яго і сам зраблію”. Вось нам далі гэтае “жазло”, мы сталі сур’ёзна займацца сваёй справай, і атрымалася, што гэта – “асаблівае даручэнне”. Усім заявам мы надавалі сур’ёзную ўвагу, прымалі аргументаваныя пастановы, і людзі бачылі, што ёсць сэнс звяртацца.

2015 год па колькасці зваротаў у камісію быў не вельмі напружаны – іх было ўсяго чатыры. Звычайна да нас паступае ад 15 да 20 заяваў за год. Хаця і гэта няшмат – нашы суседзі літоўцы разглядаюць у год каля 120, а шведы – каля 600 заяваў. А вось калегі з Расіі – усяго 5-7. Але ў гэтым годзе мы сур’ёзна папрацавалі над папраўкамі ў Кодэкс этыкі.

 

Змены ў этычны кодэкс: “Ніхто нікуды не дзенецца”  

– Спроба ўнесці змены ў этычны кодэкс ГА “БАЖ”, прыняты ў 2006 годзе, была заканамернай. Няхай гэты дакумент тычыцца найперш сферы маралі, але ідуць гады, мяняюцца тэхналогіі, носьбіты інфармацыі і, адпаведна, нейкія змены ў гэтым дакуменце таксама абавязаныя з’яўляцца.

Дакумент адслужыў амаль дзесяць гадоў, і мы палічылі, што неабходна ўнесці пэўныя змяненні. У 2015 годзе адбыўся з’езд, які гэтыя змяненні не прыняў. Некаторыя аргументы я ўзгадваю з тужлівай усмешкай – кшталту “ўсё адно гэтага ніхто выконваць не будзе”…

Але гэта можа вытлумачыць. Самарэгуляванне на аснове этычных кодэксаў – не што іншае як самаабмежаванне. Ва ўсіх падручніках пра гэта напісана. А самаабмяжоўвацца і прыкладаць дадатковыя высілкі не ўсе хочуць... Ну і ладна. Ніхто нікуды не дзенецца, бо пройдзе зусім няшмат часу, і ўсе зразумеюць, што змены прымаць неабходна. Таму мы іх не адкладаем у доўгую скрыню, яны ў нас ляжаць гатовыя і, думаю, нават будуць папаўняцца.

Гэтая праца і гэты час не былі дарэмнымі: за мінулы год напісана шмат артыкулаў на тэму прафесійнай этыкі, у маім асабістым блогу на сайце БАЖ усё прысвечана гэтай тэме. Я лічу, што нейкае ўяўленне пра прынцыпы этыкі ў грамадскай свядомасці засталося – шляхам дастаткова актыўнай працы і абмеркавання.

Акрамя таго, у 2015 годзе нас прынялі ў Сетку арганізацый медыйнага самарэгулявання, і наш прадстаўнік будзе ў міжнароднай Камісіі па разглядзе скаргаў, звязаных з прапагандай.

 

Самае складанае рашэнне 

– Чаму мінулы год прынёс толькі 4 заявы? Я думаю, па многіх праблемах – кшталту некарэктнага выкарыстання інфармацыі, працы з крыніцамі, мовы СМІ – мы выказаліся раней, і гэта заўважана супольнасцю. Тобок – нейкі пласт праблем нам удалося зняць.

Але самі заявы былі дастаткова сур’ёзныя. Даволі няпростым было рашэнне па заяве Галіны Супрановіч – мы доўга яго разбіралі, спрачаліся. Можна сказаць, што “тэхналагічна” гэтае рашэнне было самым скаладаным.

Па “Вечернему Могилеву” не ўзнікала спрэчак, тут ўсё было ясна...

Па “Хартыі-97” нам давялося пахадзіць-павысвятляць абставіны і асобы заяўнікаў, але ў прынцыпе ў сваім рашэнні камісія была адзінадушнай. Дзе няма аргументаў, там іх няма…

Але самае складанае рашэнне, якое адарвала нямала нерваў, – гэта разгляд заявы Валера Каліноўскага. Мы ўсе ведаем гэтых людзей – і Валера Каліноўскага, і Святлану Калінкіну, гэта добрыя разумныя людзі, класныя журналісты, і вось такі непрыемны збег абставінаў… Усе мы ішлі на гэтае пасяджэнне з цяжкім сэрцам і там спрабавалі знайсці нейкі варыянт, хаця ў прынцыпе рашэнне было нам зразумела. Мноства фармулёвак было перабрана, проста катастрофа нейкая… Але ў выніку, мне здаецца, мы знайшлі адпаведную фармулёўку, якая перадала сутнасць справы і нікога не зняважыла.

Наогул, мне шанцуе. Я ўжо трэці тэрмін старшыня Камісіі па этыцы, і калегі, з якімі мне даводзіцца пацаваць, – як правіла, добрыя прафесіяналы, людзі вельмі прыстойныя, сумленныя, з якімі прыемна мець справу.

Тым не менш, мушу адзначыць, што практычна кожнае наша рашэнне ўспрымаецца негатыўна абодвума бакамі канфлікту. Адныя лічаць, што кагосьці недастаткова моцна пакаралі. Многім хочацца, каб мы ставілі пытанне пра выключэнне з арганізацыі. А другі бок, які мы вызначаем як парушальніка этыкі, найчасцей лічыць: “А за што? Усе так робяць, а я што?” Тобок – як правіла, і тыя, і другія на нас крыўдуюць. Уся гэтая праца – перманентны канфлікт.

Але сказаць, што з некім сапсаваныя стасункі, я не магу. Ну, хаця б таму, што калегі не прызнаюцца, што яны цябе моцна не любяць. Але я вельмі спадзяюся, што фігуранты нашых абмеркаванняў разумеюць, што мы проста абавязаныя расстаўляць усё па сваіх месцах.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!