2068

Вынікі 2015 года. Два шляхі “Белорусов и рынка”

18.12.2015 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

ГА “БАЖ” працягвае падводзіць вынікі адыходзячага года. Адной са значных падзеяў айчыннай медыясферы cёлета стаў канфлікт і практычна поўная змена складу рэдакцыі газеты “Белорусы и рынок”.

На пачатку года стваральнік, распрацоўшчык канцэпцыі і галоўны рэдактар выдання Вячаслаў Хадасоўскі, які кіраваў газетай на працягу ўсіх 25 гадоў яе існавання, прадаў большую частку акцый некалькім прыватным асобам.

Новыя акцыянеры прызначылі новага галоўнага рэдактара – былую рэдактарку часопіса “Белорусское сельское хозяйство” Валянціну Вештарт. Пасля гэтага практычна ўвесь былы калектыў выказаў недавер новаму кіраўніку і распачаў новы інтэрнэт-праект “Белрынок”.

Напрыканцы года прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звязалася з абодвума рэдакцыямі і распытала, як яны адчуваюць сябе пасля вымушанага “разводу”.

Валянціна Вештарт,  газета “Белорусы и рынок”

– Самы галоўны вынік года – тое, што выданне, якое ўпэўнена ішло да ліквідацыі, змагло ўтрымацца на рынку, працягвае выходзіць і самае галоўнае – развіваецца. Станоўчая дынаміка ў нас назіраецца па ўсіх асноўных паказчыках. Мы заўважаем рост і па падпісцы, і па накладах, і па наведванні сайта.

Больш заўважны рост мы назіраем у сферы прыцягнення рэкламы. Гэты рост складае больш за 50% у параўнанні з маем. Усё гэта можна заўважыць, калі проста адкрыць нашу газету. Каб убачыць, як газета развіваецца, дастаткова проста яе купіць.

Пакуль мы яшчэ не сталі прыбытковым выданнем, але аб’ёмы стратаў скараціліся на вельмі значны адсотак. Зараз асноўныя намаганні мы ўкладаем у падвышэнне пазнавальнасці выдання. Мы хочам, каб яе ўзгадалі ў бізнес-асяроддзі. Таму газета выходзіць, і чытаць яе не толькі цікава, але і карысна!

Ірына Крыловіч, праект “Белрынок”

– Наш праект узнік менавіта з-за канфлікту. Нас абвінавацілі ў тым, што мы нібыта не ўмеем працаваць у журналістыцы, няздольныя, жывем нейкімі старымі ўяўленнямі пра рынак медыя ў Беларусі. І гэта стала штуршком да стварэння нашага праекту, бо мы мусілі даказаць, што нешта можам.

Нас, напэўна, зачапілі за нейкі прафесійны гонар, досвед, якім не захацелі скарыстацца новыя кіраўнікі. Таму мы вырашылі рызыкнуць і стартавалі. У калектыва была пэўная маральная стомленасць пасля канфлікту, але было прынята рашэнне пачынаць адразу. І атрымалася някепска.

Мы будуем наш сайт на арыгінальным кантэнце. На сайце працуюць больш за два дзясяткі аўтараў, якія пішуць арыгінальныя матэрыялы. Гэты фармат запатрабаваны. На дадзены момант у нас больш за 40.000 праглядаў у месяц, мы заўважаем штомесяцовы рост аўдыторыі.

І гэта нават крыху болей за тыя паказчыкі, якіх мы чакалі на дадзеным этапе. За гэтыя паўгады нам прышлося фактычна пачаць выданне спачатку – зарэгістраваць юрыдычную асобу, распрацаваць сайт, навучыцца весці ўсе адміністрацыйныя працэсы і г.д.

Наш новы сайт з 11 мая абнаўляўся кожны будзённы дзень, а цяпер мы абнаўляем яго і ў выходныя. І зараз мы таксама актыўна працягваем развівацца, наведваем розныя семінары па анлайн-журналістыцы. Змены на сайце ў нас адбываюцца практычна кожны тыдзень. У нас вельмі шмат ідэяў па кантэнтнай палітыцы. Будзем яе рэалізоўваць і далей у 2016 годзе.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” віншуе журналістаў абодвух выданняў з надыходзячымі святамі і жадае ім поспехаў у 2016-м годзе! :)

Вынікі 2015 года. Папаўненні ў журналісцкіх сем’ях

Вынікі 2015 года. Штрафы фрылансерам

Вынікі 2015 года. Камісія па этыцы

Вынікі 2015 года. Служба і прафесія Антона Сурапіна

Вынікі 2015 года. Чым жыла Mediakritika.by

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!