НЕ - ВАЙНЕ!
2076

Выклікі сацыяльных сетак: каментаваць нельга забаніць

27.01.2016 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

На мінулым тыдні на семінары ў Мінску прадстаўнікі двух журналісцкіх аб’яднанняў – ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і ГА “Беларускі саюз журналістаў” – абмяркоўвалі этыку паводзінаў журналістаў у сацыяльных сетках.

Выступіць па гэтай тэме прапанавалі рэдактарцы сайта “Заўтра тваёй краіны” Марыне Загорскай і намесніцы рэдактара газеты “Звязда” Вользе Мядзведзевай.

Выклікі сацыяльных сетак: каментаваць нельга забаніць, Марына Загорская

Марына Загорская пералічыла некаторыя выклікі, якія паўсталі перад беларускімі журналістамі са з’яўленнем сацыяльных сетак:

Больш кантэнту незалежна ад прасторы і часу

–Як журналіст і рэдактар я бачу, што сёння прапанова інфармацыйнага кантэнту стала значна перавышаць запатрабаванні чытача. Аб’ём гэтага кантэнту павялічваецца дзякуючы сацыяльным сеткам і ўсё новым сродкам масавай інфармацыі ў інтэрнэце. Інфармацыя распаўсюджваецца імгненна і незалежна ад геаграфічнай адлегласці. Напрыклад, не паспела рэдакцыя сайта “Медиа-Полесье” выйсці з хрышчэнскай палонкі ў Лунінцы, як Анджэй Пачобут у Гродне ўжо паставіў лайк пад гэтай навіной.

Гісторыі ствараюць не толькі журналісты

–У стварэнні і распаўсюдзе інфармацыі сёння ўдзельнічаюць не толькі журналісты, а наогул усе людзі. Мы рэгіструемся ў сацыяльных сетках, ствараем свае блогі, куды выкладаем фоткі, навіны, надзеі. Мы падключаем відэакамеру да камп’ютара – і вось у нас ужо ўласная міні-студыя… Не абавязкова нашы навіны будуць цікавыя для ўсіх, але для кагосьці менавіта яны цікавейшыя за паведамленні самых вядомых СМІ.

Таму сёння ў журналістыкі з’явілася новая роля – не толькі ствараць арыгінальны кантэнт, але і збіраць на сваіх старонках створанае іншымі людзьмі. Зыходзячы з гэтага ў абавязкі журналіста дадаецца праактыўны “фактчэкінг” і своеасаблівы “кантроль чутак”.

Чаму традыцыйныя СМІ павінны любіць сацыяльныя сеткі?

http://www.socialmediaexaminer.com/wp-content/uploads/2013/01/ck-stock-photo-19649213-share-button.jpg

Сацыяльныя сеткі дазваляюць нам дзяліцца ў іх уласным кантэнтам

–Здаецца, што людзі, якія сядзяць у Твітары ці Фэйсбуку, не прыходзяць туды спецыяльна па навіны. Але 78% з іх кажуць, што, убачыўшы цікавую інфармацыю, ціснуць на спасылку і пераходзяць на той ці іншы сайт. Такім чынам, сацыяльныя сеткі становяцца “кур’ерамі”, якія даносяць наш кантэнт чытачу.

На нядаўняй сустрэчы ў Мінску рэдактар “Медузы” Галіна Цімчанка прызналася, што 55-60% наведвальнікаў выданне мае менавіта з сацыяльных сетак. На мой сайт “Заўтра сваёй краіны” таксама вялікая частка людзей прыходзіць з сацыяльных сетак. І трэба адзначыць, што гэта вельмі добрыя чытачы – глыбіня праглядаў у іх складае 3,5–4 старонкі (што супастаўляльна з паказчыкамі людзей, якія прыходзяць адмыслова на сайт).

Большасць беларускіх СМІ маюць свае старонкі ў сацыяльных сетках. Хачу прывесці ў прыклад найбольш паспяховых. Для мяне было нечаканасцю, але на першым месцы ў Беларусі апынулася “Радыё Свабода” – яны маюць 45 000 падпісчыкаў у Фэйсбуку, далей ідзе TUT.BY – каля 35 000 падпісчыкаў, Citydog.by – 21 000 падпісчыкаў, Onliner.by – каля 15 000, Naviny.by – 10 600 і гэтак далей.

Сацыяльныя сеткі спрашчаюць камунікацыю паміж людзьмі

–Тут заўсёды ёсць доступ да неабходных экспертаў, меркаванняў, каментароў. Перад сустрэчай я прааналізавала свае тэлефонныя званкі і прыйшла да высновы, што ўсё больш і больш камунікую з людзьмі праз сацыяльныя сеткі. Не важна, дзе чалавек знаходзіцца – на сустрэчы, у транспарце ці нават за мяжой: калі ён гарыць зялёным, я заўсёды магу да яго звярнуцца і хутка атрымаць патрэбную інфармацыю.

Праўда, спецыфіка беларускага інтэрнэту такая, што ў ім амаль адсутнічаюць дзяржаўныя чыноўнікі. І нават калі старонкі чыноўнікаў існуюць, то ў іх звычайна не ідзе гаворкі пра дзяржаўныя справы і афіцыйную працу. Хоць у суседніх Украіне, Польшчы ці нават Расіі ўжо стала маветонам для чыноўніка не мець старонкі ў сацыяльных сетках і не карыстацца ёй для кантактаў з прэсай.

Да таго ж, сацыяльныя сеткі – выдатны інструмент, каб адсочваць удзел чалавека ў тых ці іншых мерапрыемствах і падзеях. Прыгадаю асабісты досвед, калі 11 красавіка 2011 года я выпадкова апынулася побач з месцам тэракту ў мінскім метро. Я тады скіроўвалася весці заняткі ў Беларускім калегіуме і запосціла інфармацыю пра выбух. Літаральна праз колькі хвілін мне пачалі тэлефанаваць мае студэнты і запытваць, ці чакаць ім мяне на заняткі – яны ўбачылі ў сацыяльных сетках мой допіс.

http://delovoi-etiket.ru/wp-content/uploads/2012/01/my_foto_etika_otnosheniu.jpg

Выклікі для этыкі

–Разам з тым, найноўшыя тэхналогія прымушаюць задумацца і пра паводзіны журналіста ў сацыяльных сетках. Некалькі год таму адна мая калега зрабіла ў Фэйсбуку допіс: “Ну як прымусіць журналістаў не паведамляць у Фэйсбуку інфармацыю да таго, як ён здасць яе рэдактару свайго СМІ?”

Думаю, на дадзены момант гэтая праблема ўрэгуляваная – у рэдакцыйных палітыках з’явіліся пункты пра тое, што спачатку трэба адпісацца ў сваё выданне, а потым ужо паступаць з гэтай інфармацыяй як заўгодна. Некаторыя журналісты нават навучыліся падаграваць інтарэс да сваіх яшчэ неапублікаваных матэрыялаў. Напрыклад, віртуозна і з выкананнем усіх норм журналісцкай этыкі гэта робіць карэспандэнт “Еўрарадыё” Зміцер Лукашук – ён посціць вельмі добрыя “затраўкі” пра тых, з кім пагутарыў і анансуе з’яўленне матэрыялаў на сайце.

Але тут узнікае новае пытанне: наколькі журналісты могуць адкрываць сваю журналісцкую “кухню” перад чытачамі і калегамі? Вельмі многія журналісты ў Беларусі лічаць, што яны могуць расказаць у сацыяльных сетках пра працэс падрыхтоўкі таго ці іншага матэрыялу. Я не бачу ў гэтым нічога кепскага, але кіраўніцтва некаторых рэдакцый разумее, што такім чынам могуць быць сапсаваныя стасункі з чыноўнікамі, і выданне больш не зможа больш атрымліваць ад іх інфармацыю.

Трэба сказаць, што пакуль я не ведаю ніводнай беларускай рэдакцыі, дзе існавалі б прапісаныя правілы паводзінаў журналістаў у сацыяльных сетках. Пакуль што гэта толькі вусныя дамоўленасці адносна таго, як гэта павінна выглядаць. Журналісты кажуць, што значна вальней адчуваюць сябе ў сацыяльных сетках, чым на старонках СМІ. Хоць ёсць і зваротны бок медалю.

Напрыклад, Віталь Цыганкоў, якія працуе на “Радыё Свабода”, вядзе вельмі цікавую старонку ў Фэйсбуку. Але ён прызнаецца, што на пост у сацыяльныя сеткі траціць больш часу, чым на матэрыял для сайта, і значна больш займаецца самацэнзурай. Бо на сайце “Радыё Свабода” заўсёды прысутнічае рэдактар, які можа заўважыць нейкія памылкі і адрэдагаваць матэрыял. Калі ж журналіст выстаўляе свой матэрыял у Фэйсбук, у яго няма рэдактара. А распаўсюджвацца гэты матэрыял можа імгненна.

І на завяршэнне яшчэ адзін “трывожны званочак”. Журналісты, з якімі я размаўляла, кажуць, што інфармацыя з сацыяльных сетак абавязкова павінна правярацца перад публікацыяй. Але тыя ж самыя людзі мне прызналіся, што часам яны спачатку публікуюць інфармацыю з сацыяльных сетак, а толькі потым шукаюць ёй пацверджанне...

Вольга Мядзведзева са “Звязды” прызналася, што яна – не самы актыўны карыстальнік сацыяльных сетак, хоць і кожны дзень зазірае ў сваю стужку ў Фэйсбуку:

– Я пачала актыўна карыстацца сацыяльнымі сеткамі пасля таго, як лайкнула нейкую публікацыю майго аднакурсніка Віталя, і ён мне напісаў. Мы адразу ж пачалі абмяркоўваць нейкія падзеі, сяброў…

Той выпадак стаўся “гістарычнай вехай”, пасля якой я значна больш надаю ўвагі сацыяльным сеткам. Некаторыя паведамленні ў Фэйсбуку я проста чытаю, некаторыя – ігнарую, некаторыя – перадрукоўваю на сваю старонку. Толькі аднаго фрэнда я выдаліла са стужкі. Гэта было ў самы разгар украінска-расійскага супрацьстаяння, і я вырашыла, што не хачу ў сваёй стужцы сутыкацца з агрэсіўнымі некарэктнымі выпадамі.

Калі прыгадаць скандал у сацыяльных сетках з Уладзімірам Чудзянцовым, то ён паслужыў нагодай для абмеркавання неабходнасці абнаўлення этычных кодэксаў як БАЖа, так і БСЖ.

https://image.jimcdn.com/app/cms/image/transf/dimension=336x10000:format=png/path/s38c4636cae15a480/image/i2013bc7dd6a95000/version/1384514091/image.png

Мы тады разважалі, што ў заходніх СМІ рэдакцыйныя правілы даволі жорстка рэгламентуюць паводзіны супрацоўнікаў пры вядзенні асабістых блогаў і акаўнтаў у сацыяльных сетках. У прыватнасці, не вітаецца (а часам і проста забаронена) крытыка на адрас канкуруючых СМІ, журналістаў з іншых выданняў, не кажучы ўжо пра абразы.

Самы строгі кодэкс мае брытанская карпарацыя ВВС, якое забараняе сваім супрацоўнікам не толькі выказваць свае палітычныя погляды, але і быць “у сябрах” у сацыяльных сетках з кім-небудзь з палітыкаў.

Аналізуючы ўсе гэтыя моманты, я прыйшла да высновы, што ўвёўшы такія правілы ў нашай рэдакцыі, некалькі чалавек нам давядзецца звольніць. Магчыма, нават і мяне, бо ў сетцы сярод сяброў у мяне ёсць у тым ліку і палітыкі, чыноўнікі. Некаторыя супрацоўнікі могуць недзе выказваць погляды, адрозныя ад палітыкі выдання.

Я лічу, што для большасці беларускіх журналістаў сацыяльныя сеткі – у першую чаргу, сродак рэкламавання сваіх публікацый і выданняў. Хоць для некаторых гэта магчымасць заявіць пра свае погляды. А для кагосьці з калег сацсеткі – гэта проста асабістая тэрыторыя, дзе ён зусім не журналіст ці аналітык, а аматар кіно, музыкі, ці нават проста коцікаў.

Фота прэс-службы ГА "БАЖ", delovoi-etiket.ru, etika-estetika-moral.jimdo.com

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!