531

Вячорка і Шрайбман пра блогерства: чым уладараць «каралі інтэрнэту»

14.08.2019 Крыніца: Svaboda.org

Аўдыторыі прынамсі некаторых блогераў сувымерныя з аўдыторыяй онлайн-выданьняў. Дык можа за імі будучыня? Як здае свае пазыцыі папяровая газэта, дык можа і онлайн-выданьні на чарзе, а ўплываць будуць менавіта «каралі інтэрнэту»?

Юры Дракахруст абмяркоўвае гэтую тэму з дырэктарам новых мэдыяў Радыё Свабода Францішакам Вячоркам </strong>і палітычным аглядальнікам Арцёмам Шрайбманам.

Дракахруст: «Прагназаваць, што ў нашай краіне "каралі інтэрнэту" выйграюць выбары, пакуль не даводзіцца», — заявіла днямі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

А што здольныя выйграць «каралі інтэрнэту»?

Іх называюць па-рознаму — вядомыя, папулярныя блогеры, інфлюэнсары (ад ангельскага influence — уплыў).

Аўдыторыі прынамсі некаторых блогераў сувымерныя з аўдыторыяй онлайн-выданьняў. Дык можа за імі будучыня? Як здае свае пазыцыі папяровая газэта, дык можа і онлайн-выданьні на чарзе, а ўплываць будуць менавіта «каралі інтэрнэту»?

Францішак Вячорка

Францішак Вячорка

Вячорка: Гэта ня будучыня — гэта ўжо рэальнасьць. Большасьць моладзі і ў Беларусі, і ў Расеі, і ў іншых краінах рэгіёну, атрымліваюць навіны, фармуюць сваё бачаньне важных грамадзка-палітычных рэчаў на падставе відэа ў Youtube, пастоў у Instagram, паведамленьняў у Telegram.

Паводле апытаньня Лявада-цэнтру, сярод моладзі да 25 гадоў дзьве траціны атрымліваюць навіны ад відэаблогераў.

Сацыяльныя сеткі ўжо замянілі СМІ, якія ў Беларусі так і ня здолелі сфармавацца.

Інфармацыйнае поле Беларусі было сфармаванае ў апошнія 10 гадоў, і яно было сфармаванае не традыцыйнымі мэдыя, а лічбавымі аўтарытэтамі, такія як Сьцяпан Сьвятлоў, NEXTA. І цяпер ён — самы ўплывовы чалавек у фармаваньні грамадзкай думкі ў Беларусі.

Шрайбман: Праўда ў тым, што NEXTA апярэджвае многіх. Гэта адбываецца ў першую чаргу за кошт таго, што ён можа дазволіць сабе не правяраць інфармацыю, паправіўшы потым, калі будзе патрэба.

У NEXTA і іншых блогераў такога кшталту ёсьць пул людзей, якія скідваюць ім інфармацыю, часьцей больш апэратыўна, чым у традыцыйныя СМІ.

Але я нязгодны з Франакам наконт лічбаў. Штодзённая аўдыторыя TUT.BY — мільён чалавек, самыя папулярныя навіны на партале набіраюць 200-400 тысячаў праглядаў. А ў NEXTA у сярэднім па 100 тысячаў.

Калі дадаць іншыя онлайн-СМІ, то атрымаецца значна больш, чым у блогераў.

Часам СМІ спасылаюцца на блогераў, часам — блогеры на СМІ, і цяжка вызначыць, адкуль чалавек атрымаў інфармацыю.

Дракахруст: Аўдыторыя блогераў расьце выбухападобна. У пэрспэктыве яны перагоняць традыцыйныя СМІ?

Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман

Шрайбман: Яна і сапраўды расьце. Але мы ня можам даведацца, што гэта за аўдыторыя, ці складаецца яна з аднадумцаў NEXTA і іншых блогераў.

Кожны другі чыноўнік, які зарэгістраваны ў Telegram, падпісаны на Сьцяпана. Але пытаньне, у што канвэртуюцца ў гэтыя лічбы.

І мы, традыцыйныя мэдыя, і блогеры, фармуем парадак дня. Але з гэтага не заўсёды вынікае здольнасьць мабілізаваць сваіх чытачоў на нешта большае.

Вячорка: Няма інструмэнтаў замеру аўдыторыі, апытаньні грамадзкай думкі альбо неадэкватныя альбо хутка састараваюць.

Што тычыцца здольнасьці мабілізаваць, то былі выпадкі, можна прыгадаць хаця б самы нядаўні збор подпісаў пад пэтыцыяй пра зьмену ў заканадаўства аб прызыве ў войска.

Перад гэтым былі «антыдармаедзкія» пратэсты, калі кампанія мабілізацыі ішла праз Facebook i Twitter.

Дракахруст: Цікавыя дадзеныя абнародаваў інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі прэзыдэнта — вынікі апытаньня 2016 году пра інфармацыйныя «густы» беларусаў розных узростаў.

Паводле гэтага апытаньня сапраўды для моладзі 18-29 гадоў пераважная крыніца інфармацыі — за 90% — інтэрнэт. Але для старых — 60 гадоў і болей — інтэрнэт — крыніца толькі для 15%.

Нават сярод самай юнай моладзі тэлебачаньне крыніцай інфармацыі называюць 70%. Старыя — амаль пагалоўна — 96%.

Нарэшце, друкаваныя газэты чытае толькі кожны пяты малады чалавек, а сярод тых, каму 60 гадоў ці больш — за 60%.

Францішак, вы напачатку казалі, што блогеры ўладараць сярод моладзі. А сярод астатніх?

Вячорка: Ня трэба падманвацца — няма будучыні ў друкаваных газэт, як і ў традыцыйнага радыё і нават у традыцыйнага тэлебачаньня.

Апытаньне рабілася ў 2016 годзе. З таго часу адбылася рэвалюцыя. 2.5 мільёны чалавек перайшлі на IP-TV, на электроннае тэлебачаньне, якое ўжо не зьяўляецца традыцыйным тэлебачаньнем, а доступам празь інтэрнэт.

Тое, што мы зараз бачым — гэта гібрыд традыцыйнага тэлебачаньня і інтэрнэту.

Трэба глядзець за трэндам, моладзь вызначае тэндэнцыі.

Шрайбман: Моладзь у любой краіне больш інтэрнэтызаваная, чым старэйшыя пакаленьні. Але ў Беларусі гэта абсалютна не карэлюе з палітычнай актыўнасьцю, у адрозьненьні ад Расеі, дарэчы.
Апытаньні апошніх гадоў паказваюць, што моладзь у Беларусі — найменш палітызаваная група.

Ва ўсім сьвеце на выбары ходзяць пераважна людзі сталага веку. І ў Беларусі гэта так, яшчэ і таму, што дэмакратычных выбараў няма.

Тое, што больш за 90% моладзі атрымлівае інфармацыю зь інтэрнэту, ніяк не карэлюе зь яе палітычнай актыўнасьцю.

Але ў тых жа берасьцейскіх пратэстах супраць акумулятарнага заводу велізарную ролю адыгрываюць мясцовыя блогеры. Тое самае было і падчас «антыдармаедзкіх» пратэстаў у 2017 годзе.

Хутчэй тэхналёгіі ідуць за сытуацыяй, а не сытуацыя фармуецца тэхналёгіямі.

Калі групе людзей 30-50 гадоў трэба неяк скаардынаваць свае дзеяньні, яны зьвяртаюцца да актуальнай тэхналёгіі. Тое самае было ў 2011 годзе падчас «арабскай вясны», тое самае было ў нас падчас «антыдармаедзкіх» пратэстаў, тое самае адбываецца цяпер у Расеі.

Калі ў Беларусі моладзь стане больш палітызаванай у выніку дзеяньняў уладаў, тады мы ўбачым росквіт маладых блогераў. Але пакуль гэтага няма.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Калегі, вы абодва казалі пра «антыдармаедзкія» пратэсты 2017 году. Толькі адзін зь лідэраў тых пратэстаў быў клясычны блогер — гэта гамяльчук Максім Філіповіч.

А астатнія лідэры пратэстаў — гэта была традыцыйная партыйная і грамадзкая эліта адпаведных рэгіёнаў. Яны выкарыстоўвалі сацыяльныя сеткі для камунікацыі, але яны не былі блогерамі.

Ці не атрымліваецца так, што «каралі інтэрнэту» ўладараць там у сябе ў інтэрнэце, а ў рэале, у офлайне гэта лепш атрымліваецца ў традыцыйных актывістаў?

Вячорка: Сеткі — гэта сапраўды інструмэнт. Але яны паказалі, што больш няма манаполіі Міністэрства інфармацыі і Лукашэнкі на СМІ. Цяпер кожны можа стварыць сваё мэдыя і канкураваць з традыцыйнымі СМІ.

Палітычныя актывісты таксама прысутнічаюць у сацсетках. Анатоль Лябедзька, напрыклад, найбольш папулярны ў «Одноклассниках». Летась у яго было ў сярэднім па 40-70 тысячаў праглядаў. Некаторыя яго ролікі набіралі нават па пару мільёнаў. Ролікі Віталя Рымашэўскага таксама набіраюць ад 20 да 40 тысячаў праглядаў. Яны працавалі і працуюць з больш сталай аўдыторыя.

Тыя, хто цяпер ладзіць кампанію супраць новага закону аб прызыве, вядуць яе ў Instagram i Telegram.

Кожны працуе на сваю аўдыторыю і выбірае для гэтага адпаведныя каналы камунікацыі.