2202

Вольга Чайчыц: Міліцэйскі пратакол выклікаў вялізную хвалю салідарнасці

02.06.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пагутарыла з незалежнымі журналістамі Вольгай Чайчыц і Сяргеем Краўчуком, якіх учора аштрафавалі за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”.

 

Пераслед незалежных журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ апошнім часам стаў вострай праблемай. Сёлета нашых калег ужо 15 разоў прызнавалі парушальнікамі артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса, звінаваціўшы ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ”. Ці гатовыя журналісты да такіх выпрабаванняў? 

Жыву ў Беларусі і ведаю, што тут трэба быць гатовым да ўсяго

Вольга Чыйчыц: Я не асабліва засмучалася з нагоды гэтай канкрэтнай адміністрацыйнай справы супраць мяне, бо жыву ў Беларусі і ведаю, што тут трэба быць падрыхтаваным да ўсяго. Але сама найноўшая тэндэнцыя барацьбы з незалежнымі журналістамі засмучае. Такое ўражанне, што перад прэзідэнцкімі выбарамі ўлады хочуць моцна прыціснуць тых, хто дае магчымасць гледачам атрымліваць праўдзівую інфармацыю.

Нягледзячы на абвешчаную ў Канстытуцыі прэзумпцыю невінаватасці, журналістам увесь час даводзіцца даказваць сваю невінаватасць. І нават відавочныя доказы суды не бяруць да ўвагі.

У справе не было ніякіх дакументаў, якія пацвярджалі б маю супрацу з “Белсатам”. І нават ніводнага юрыдычнага дакумента, які пацвярджаў бы рэгістрацыю тэлеканала “Белсат” у якасці СМІ. Як вынікае з матэрыялаў, міліцыя нават не спрабавала такія дакументы здабыць. А між тым, менавіта наяўнасць дамовы паміж выданнем і карэспандэнтам, паводле беларускага Закона аб СМІ, і робіць чалавека “журналістам выдання”. Але што казаць, калі гэтыя галоўныя дакументы нават не зацікавілі суд. Гэта прыкра.

Сяргей Краўчук: Трэба прызнаць, мы ўжо прызвычаіліся да ўсялякіх папярэджанняў, затрыманняў, штрафаў. Праца пад уціскам стала, на жаль, неад’емным атрыбутам журналістыкі ў Беларусі. Але я спадзяюся, што так будзе не заўсёды.

А дадзены канкрэтны выпадак я лічу звычайнай помстай кіраўніка фаніпальскай міліцыі Генадзя Матусевіча, які 17 красавіка не пускаў нас на месца грамадскіх слуханняў у горадзе, а пасля ўключэння намі відэакамеры проста схаваўся за дзверы. Пра гэтыя паводзіны “прадстаўніка закону” было сказана ў сюжэце, таму, думаю, міліцыя і распачала справу.

Важна не паддацца

Вольга Чыйчыц: Усё гэта міліцыя і суд робяць для таго, каб трымаць незалежных журналістаў у страху. Але ў маім выпадку атрымалася наадварот – міліцэйскі пратакол выклікаў такую вялізную хвалю салідарнасці, якой я нават уявіць не магла.

Калегі па журналісцкім цэху і проста неабыякавыя людзі прыехалі ў Дзяржынск на суд, вельмі шмат хто пісаў пра нашу справу на сайтах і сацыяльных сетках, людзі падрымлівалі тэлефанаваннямі і смс-паведамленнямі. Таму, думаю, у нашым выпадку міліцыя дабілася абсалютна адваротнага эфекту – пра ганебны суд над журналістамі ў цэнтры Еўропы стала вядома далёка ад Дзяржынска.

Сяргей Краўчук: Думаю, перад прэзідэнцкімі выбарамі ўлады робяць усё магчымае, каб прымусіць незалежных журналістаў баяцца, перастрахоўвацца. У гэтай сітуацыі для журналісцкай супольнасці якраз вельмі важна не паддацца. Трэба не баяцца і працягваць прафесійна працаваць.