НЕ - ВАЙНЕ!
3516

Віншуем БХК з 20-годдзем!

03.11.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На пачатку лістапада споўнілася 20 гадоў з моманту рэгістрацыі Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання "Беларускі Хельсінкскі Камітэт".

“У вытокаў БХК стаялі вядомыя грамадскія, палітычныя і культурныя дзеячы Беларусі, – нагадвае сайт арганізацыі. – Сярод удзельнікаў ініцыятыўнай групы па стварэнні арганізацыі: Васіль Быкаў (першы старшыня Назіральнага Сойма БХК), Святлана Алексіевіч, Рыгор Барадулін, Лявон Баршчэўскі, Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, Юры Хадыка, Карлас Шэрман, Мая Кляшторная, Сяргей Навумчык, Пётр Садоўскі, Ніна Стужынская, Уладзімір Конан, Валерый Філіпаў, Павел Шарамет, Жанна Літвіна, Іван Саверчанка і інш. (усяго – 52 подпісы)”.

“Юрысты БХК – у першую чаргу вядомы адвакат, намеснік старшыні БХК Гары Пятровіч Паганяйла, – у якасці грамадскіх абаронцаў актыўна ўдзельнічалі ў  гучных судовых працэсах, у тым ліку з удзелам журналістаў: Паўла Шарамета, Васіля Старавойтава, Васіля Лявонава, Тамары Віннікавай, Міхаіла Чыгіра, Валерыя Шчукіна, Юрыя Бандажэўскага, Славаміра Адамовіча, Ірыны Макавецкай, Андрэя Клімава і іншых”.

“Таксама юрысты БХК сур’ёзна займаюцца праблемай зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага. Гары Пятровіч Паганяйла абараняе іх інтарэсы ў судзе, дамагаючыся поўнага і справядлівага расследавання злачынстваў у дачыненні да гэтых асоб”, – нагадвае БХК.

Больш пра гісторыю і дзейнасць арганізацыі можна даведацца ТУТ.

ГА “БАЖ” шчыра віншуе калег з юбілеем арганізацыі і жадае плёну ў іх высакароднай і важнай справе!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!