301 0

Віцебская філія падсумавала вынікі конкурсу літаратурных твораў пра каханне

09.03.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Конкурс праводзіўся ў рамках “Эстафеты добрых спраў”, заснаванай сябрамі ГА  “БАЖ”. Віцебскія БАЖаўцы лічаць, што гэта ці не самая добрая справа ў свеце — расказаць блізкаму чалавеку пра свае светлыя, узнёслыя пачуцці. Падзякаваць за ўзаемнасць, за падтрымку, за самыя шчаслівыя хвіліны, праведзеныя разам. Бо такіх прызнанняў дужа бракуе ў наш прагматычны і звышхуткі час…

Журы ў складзе васьмі сябраў Віцебскай філіі ГА “БАЖ”, якія пагадзіліся ацаніць творы канкурсантаў, апынуліся перад складанай задачай: ім трэба было выбраць з мноства шчырых аповедаў самыя жыццёвыя і адначасова самыя кранальныя гісторыі. Такім чынам, у “лонг-ліст” конкурсу былі адабраныя творы шасці ўдзельнікаў,  згодна з умовамі конкурсу, ужо надрукаваныя на сайце vitebskby.com:

1. Наталля Дагіль, вершы “Чорныя вочы”, “Жду” ;
2. Алена Іванеева, апавяданне “Дзевяты год мы шчаслівыя разам, і дзякуем лёсу за своечасова пачаты рамонт”;
3. Валерый Каваленка, верш “З Днём закаханых - усіх жанчын!” ;
4. Ганна Калугіна, апавяданне “Каханне жыве паўсюль!” ;
5. Вольга Цімашэнка, казка “Прыпавесць пра каханне, якое жыве не толькі тры гады” ;
6. Станіслава Цярэнцьева, эсэ “Каханаму” .

Падчас супольнай працы журы было прыемна здзіўлена тым, што амаль палова ўдзельнікаў падала на конкурс творы на роднай мове. І што многія аўтары спрабавалі выказаць свае думкі ў форме даволі складаных і нетрадыцыйных літаратурных жанраў — напрыклад, эсэ, казка, нарыс. Недаўменне ў чальцоў журы выклікала хіба тое, што ў конкурсе наважыліся ўдзельнічаць пераважна жынчыны. Мужчыны, якіх традыцыйна прынята лічыць больш смелымі і рашучымі, напэўна, усё ж бянтэжацца разважаць пра свае пачуцці публічна…

У склад журы увайшлі віцебскія БАЖаўцы  з  самымі рознабаковымі інтарэсамі і разнастайным прафесійным досведам —  супрацоўнікі радыё і тэлебачання, інтэрнэт-сайтаў і газет. Пераважная большасць з іх мае і досвед літаратурнай працы —  ад напісання сцэнараў і складання вершаў да ўкладання кніг. Аднак, каб падысці да вызначэння галоўных пераможцаў больш адказна, было вырашана  запрасіць “на дапамогу” адмыслоўцу — вядомую віцебскую паэтку Людмілу Сіманёнак, якая зьяўляецца членам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Паколькі ўсе творы, дасланыя на конкурс, былі шчырымі, пранікнёнымі і ўзнёслымі, журы давялося сыходзіць з таго, наколькі ўдзельнікам удалося выканаць дзве, ад пачатку абвешчаныя ўмовы: каб твор абавязкова адпавядаў тэме “За што я ўдзячны сваёй каханай” ці “За што я ўдзячна свайму каханаму”, і каб гісторыя пра каханне мела рэальнага героя.

Паводле гэтых крытэрыяў і былі абраныя пераможцы. Імі сталі тры спадарыні, якія не пашкадавалі добрых словаў для тых, каго лічаць самымі цудоўнымі мужчынамі ў свеце: жыхаркі Віцебска  Алена Іванеева і Станіслава Цярэнцьева, а таксама палачанка  Ганна Калугіна, якая даведалася пра конкурс з інтэрнэту і адгукнулася на прапанову віцебскіх БАЖаўцаў.

Цырымонія ўшанавання пераможцаў — яшчэ наперадзе. Актывісты віцебскай філіі старанна рыхтуюцца да гэтай падзеі, бо  хочуць зрабіць яе яркай і запамінальнай для аўтарак найлепшых твораў і іх натхняльнікаў-герояў.  І перадаюць “Эстафету добрых спраў” сваім наступнікам з пажаданнямі ўзаемнага кахання, творчага натхнення і сонечнага, вясновага настрою!

Каментары