2059 1

Вераніка Чыгір: Еду працаваць на Карыбскія выспы!

19.01.2016 Крыніца: Гутарыў Барыс Гарэцкі

Год таму мінская журналістка выйграла стыпендыю Еўрасаюза, якая дазваляе вучыцца на магістарскай праграме ў любым універсітэце Еўропы. Чатыры месяцы Вераніка вучылася ў Еўрапейскай школе журналістыкі ў Марсэлі, а цяпер будзе праходзіць практыку на французскім радыё на Карыбскіх выспах.

Вераніка Чыгір, Вероника Чигирь, БАЖ, www.baj.by

Вераніка зайшла ў госці і расказала сайту ГА “БАЖ” пра адрозненні ў працы беларускіх і французскіх СМІ, а таксама пра тое, як вучаць журналістаў у Еўропе.

– У Мінску я скончыла Лінгвістычны універсітэт, адпрацавала размеркаванне і пачала супрацоўнічаць з “Зялёнай сеткай”. Праз гэта я фактычна прыйшла ў журналістыку, бо пачала пісаць на “Зялёны партал”. Потым было навучанне ў “Беларускім калегіуме”, дзе Максім Жбанкоў спачатку мяне крыху папалохаў, а потым далучыў да вельмі файнага навучання. Пасля ўсяго гэтага я вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе на еўрапейскую стыпендыю і выбрала навучанне ў Еўрапейскай школе журналістыкі і камунікацый, якая ёсць і ў Парыжы, і ў Марсэлі.

Спачатку мне сказалі, што не могуць мяне ўзяць на магістарскую праграму па журналістыцы, бо ў мяне не хапае папярэдняй журналісцкай адукацыі. Але я выпрасіла ў іх магчымасць паўдзельнічаць у іспытах. Там былі іспыты па французскай, ангельскай мовах, а таксама па журналістыцы – трэба было напісаць тры артыкулы і прайсці тэст. У выніку мяне ўзялі на магістарскую праграму ў Марсэль.

Адукацыйная праграма складаецца з навучання па ўсіх відах СМІ: друкаваныя і інтэрнэт-СМІ, радыё, тэлебачанне. Такім чынам за чатыры месяцы мы працавалі ва ўсіх відах прэсы, і ўсё было вельмі арыентавана на практыку.

Практыка-арыентаванае навучанне выглядае наступным чынам. Прыходзіць выкладчык-журналіст з нейкага французскага радыё, нам выдаюць дыктафоны, і мы тры дні працуем на радыё. За дзень ты мусіш зрабіць два-тры радыйныя матэрыялы. У школе ёсць усе тэхнічныя сродкі, тэле- і радыёстудыі, дзе мы апрацоўваем матэрыялы.

Зранку табе даюць заданне. І за гадзіну-другую ты мусіш зрабіць цалкам гатовы сюжэт: знайсці экспертаў, адрэдагаваць стужку і выдаць у эфір. Потым табе даюць новае заданне, і ты зноў робіш новы сюжэт, а напрыканцы дня –  тэарэтычная частка і абмеркаванне матэрыялаў.

Прыкладна гэтак жа выглядае праца і на тэлебачанні. Пішаш спіс тэм для сюжэтаў, абмяркоўваеш яго з куратарам, а потым разам з калегамі ідзеш і здымаеш, мантажуеш, рыхтуеш да эфіру і выпускаеш.

Я ў асноўным рыхтавала сюжэты па сацыяльных, экалагічных, навуковых  праблемах. Палітычных тэмаў я пазбягала, таму што разумела, што пакуль што не ведаю ўсіх мясцовых нюансаў.

Дарэчы, журналістыка ў Беларусі і ў Францыі – гэта дзве абсалютна розныя рэчы. Вось якія адрозненні я заўважыла паміж працай у французскіх і беларускіх СМІ:

Адкрытасць людзей

У Францыі лягчэй рабіць рэпартажы, бо ўсе гатовыя размаўляць з журналістамі. Калі табе трэба атрымаць нейкі каментар ад эксперта, чыноўніка ці проста чалавека на вуліцы – ты заўсёды яго атрымаеш. Калі ты пакідаеш паведамленне на галасавой пошце, або дасылаеш мэйл і кажаш, што ты журналіст, хутчэй за ўсё табе ператэлефануюць.

Прыватныя СМІ

Калі ў Беларусі кажуць пра адсутнасць свабоды слова з-за засілля дзяржаўных выданняў і дзяржаўнай цэнзуры, то ў Францыі абсалютная большасць выданняў – прыватныя. І, трэба сказаць, прыватны бізнес часам страшней абмяжоўвае свабоду слова, чым дзяржава.

Трэба заўсёды ведаць, каму належыць тое ці іншае выданне, каб адчуваць, што ў гэта выданне можна напісаць, а што яно ніколі ў жыцці не апублікуе. Калі ў Беларусі выданні ўмоўна дзеляцца на дзве сферы ўплыву – дзяржаўныя і недзяржаўныя, то там такіх сфер можа быць трыццаць. У залежнасці ад таго, хто з’яўляецца ўласнікам медыя, які бізнес ён вядзе і чаго хоча ад выдання.

Рытм працы

Еўрапейскія СМІ працуюць у зусім іншым рытме, чым беларускія. Бывае, што за дзень ты мусіш напісаць тры вялікія матэрыялы альбо падрыхтаваць тры сюжэты на радыё. Па беларускіх мерках тры сюжэты – гэта праца на тыдзень, а там ад журналістаў патрабуюць гэта за дзень. Я вельмі доўга прызвычайвалася да такога рытму.

І ў працяг нядаўняй дыскусіі мушу сказаць: калі ў Беларусі складаецца ўражанне, што журналістыка – жаночая прафесія, бо ўсё больш і больш у СМІ працуе жанчын, то ў Францыі можна смела сказаць, што журналістыка –  прафесія мужчынская.

На прэс-канферэнцыях і сустрэчах з прэсай абсалютную большасць складаюць журналісты-мужчыны. Там журналістыка – гэта вайна. Трэба хутчэй бегчы з камерай, быць мацней, вышэй, грамчэй задаваць свае пытанні. У журналістыцы пераважаюць мужчыны: хаця б таму, што, калі побач з табой стаіць “шафа”, то ты ўжо не зможаш паставіць сваю камеру вышэй і грамчэй задаць пытанне. Вось так.

Журналіст павінен умець усё

У адрозненні ад беларускіх СМІ, у Францыі ўсё часцей ад журналістаў патрабуюць умець усё: пісаць тэксты, запісваць гук, відэа, рабіць фотаздымкі для сваіх публікацый. Гэта вельмі важна для рэдакцыі, бо на медыйным рынку вельмі вялікая канкурэнцыя, і выданні ўвесь час спаборнічаюць паміж сабой.

Калі журналіст ідзе на рэпартаж ці расследаваць нейкую тэму, ён проста абавязаны зняць відэа да матэрыялу, першым прынесці фотаздымкі. Магчыма ў вялікіх рэдакцыях ёсць дакладнае раздзяленне абавязкаў, але ў малых медыях журналіст проста павінен быць чалавекам-аркестрам.

Росквіт мясцовай прэсы

У Францыі людзі вельмі шмат чытаюць менавіта друкаваную прэсу: у метро, на вуліцах, у рэстаранах. І вельмі актыўна чытаюць рэгіянальную. У кожным гарадку, у кожнай правінцыі існуе шмат разнастайных мясцовых выданняў, якія пішуць як пра рэгіянальныя праблемы, так і пра нацыянальныя падзеі.

Менавіта таму ў рэгіёнах значна больш чытаюць мясцовыя СМІ, а не “Le Monde” ці “Libération”. І што цікава – людзі вельмі добра арыентуюцца ў сваіх “французскіх” падзеях і тэндэнцыях, але могуць не ведаць пра важныя сусветныя навіны.

Ужо заўтра Вераніка вылятае на Карыбскія выспы, дзе будзе праходзіць практыку на "Radio Caraïbes Internationale" ў межах сваёй магістарскай праграмы. Але напрыканцы навучальнага года журналістка мае рашучы намер вярнуцца ў Мінск і прымяняць свой досвед менавіта ў беларускіх СМІ.

– Калі не мы, дык хто тады будзе развіваць беларускую журналістыку?, – задае рытарычнае пытанне дзяўчына і ўжо падумвае над тым, да якой рэдакцыі ёй далучыцца па вяртанні... :)

Каментары

я был на практике в столичных и общенациональных немецких газетах, и у меня не создалось впечатления, что там надо сделать "тры вялікія матэрыялы за дзень". Такого не требовали не только от меня, но и от других: день за днем на планерке рассказывали постоянные сотрудники газет, как они продолжают работать над какой-то темой , то есть на тему уходило много дней