НЕ - ВАЙНЕ!
1845

Васіль Зданюк: Можна было проста ўзяць і пачаць выдаваць газету

18.02.2016 Крыніца: Гутарыў Барыс Гарэцкі

З выхаду першага нумара газеты «Свободные новости» споўнілася 25 гадоў.

За гэты час выданне двойчы вымушана было змяніць назву, але захавала аўдыторыю ў 30.000 чытачоў нават без уключэння ў падпісны каталог “Белпошты”.  З нагоды юбілею прэс-служба ГА “БАЖ” пагутарыла з галоўным рэдактарам выдання Васілём Зданюком.

«У 1990-х не трэба было думаць, як падняць наклад газеты»

– Пачатак 1990-х – вельмі рамантычны час. Час надзеяў, час перамен, калі ўсё атрымлівалася. Тады яшчэ не было ніякага нацыянальнага заканадаўства ў сферы СМІ, і газету можна было проста вось так узяць і пачаць выдаваць.

Першы нумар наогул быў ні на каго не аформлены, не было юрыдычнай асобы і гэтак далей. Мы рабілі яго проста як прыватныя асобы: Уладзімір Андрыевіч – былы рэдактар газеты “Звязда”, Аляксандр Уліцёнак – на той момант карэспандэнт газеты “Правда” па БССР, Вячаслаў Булацкі – таксама са “Звязды” і я – падпалкоўнік Савецкай арміі і сталы карэспандэнт маскоўскага ваеннага часопіса ў Беларусі. Наклад таго нумара быў 50 тысяч асобнікаў, і ўсе яны імгненна прадаліся ў кіёсках.

Толькі напрыканцы 1991 года газета атрымала першыя “арганізацыйна-прававыя формы”.

У той час усе журналісты марылі мець уласнае выданне, было шмат амбіцый. Да гэтага ў краіне існавалі толькі дзяржаўныя СМІ – «Советская Белоруссия», «Звязда», «Чырвоная Змена», «Знамя Юности» і г.д. У людзей была вялізная прага да свабоднай інфармацыі. Звычка чытаць у людзей захавалася з савецкага часу, а калі пайшла вольная інфармацыя, людзі проста рынуліся ў шапікі. Каля іх выстройваліся чэргі, людзі бралі па 5-6 газет... Зараз нават уявіць такое цяжка, а тады гэта было рэальнасцю.

Таму не трэба было думаць, як падняць наклад газеты. Дастаткова было напісаць што-небудзь цікавае і адрознае ад таго, што пісалі ў дзяржаўных выданнях. Самы вялікі наклад у нашай газеты быў у 1996-м – 103 тысячы.

Напрыканцы 90-х у якасці акцыянера да нас прыйшоў Сяргей Атрошчанкаў. У яго былі свае амбіцыі, ідэі, грошы. І тады газета вельмі ўпэўнена пачувалася: у штотыднёвіку на 16-24 паласы працавала больш за 20 чалавек.

Але потым, як многія памятаюць, гэты бізнесмен выйшаў са складу заснавальнікаў. Пачаўся ціск з боку ўладаў, а ў 2001 годзе Міністэрства інфармацыі вырашыла прыпыніць выхад газеты. Але перад гэтым мы падалі ў Мінінфарм дакументы на рэгістрацыю газеты з сённяшняй назвай «СН плюс. Свободные новости плюс». І на пачатку 2002 года пачалі выдаваць газету пад сённяшняй назвай.

Праўда, рэдакцыя стала зусім невялікай. Вось і зараз у нас у штаце працуе ўсяго 7 чалавек. Аўтары пішуць нам на падставе аўтарскіх дамоваў.

Я перакананы, што незалежныя грамадска-палітычныя выданні толькі так і могуць выжыць. Штодзённыя незалежныя газеты наогул выжыць не могуць, а штотыднёвікі мусяць працаваць менавіта ў такім фармаце. Гісторыя паказвае: хто не перайшоў на такі фармат 10 гадоў таму, тых наогул сёння на рынку ўжо няма. «БДГ», «Имя», іншыя выданыя выданні. Безумоўна, прысутнічаў і адміністрацыйны ціск, але эканамічны складнік у прычынах іх знікнення стаў галоўным.

«Якубовіч быў упэўнены, што зможа паспрыяць уключэнню нашай газеты ў падпісныя каталогі. Я нават яму тады бутэльку каньяку падрыхтаваў…»

– Сённяшні наш наклад – 30.000 асобнікаў. Але нас няма ў падпісцы. Кожны год з 2002 года я пішу зварот у “Белпошту” і кожны год атрымліваю абсалютна аднолькавыя адказы пра тое, што яны самі маюць права вырашаць – уключаць нас ці не ўключаць. Пішуць, што не лічаць гэта мэтазгодным. Хоць відавочна, што ўключэнне ў каталог ім самім прыносіла б грошы, бо попыт на наша выданне ёсць – гэта мы адчуваем па лістах і тэлефанаваннях у рэдакцыю.

Я ўжо шмат разоў спрабаваў нешта змяніць, і спачатку нават вельмі актыўна. Мне нават калісьці ўзяўся дапамагаць галоўны рэдактар “СБ. Беларусь сегодня” Павел Якубовіч. Тады акурат узнік савет па садзейнічанні СМІ (Грамадская каардынацыйная рада ў сферы масавай інфармацыі, створана ў кастрычніку 2008 года пастановай урада – заўв. БАЖ), якую ўзначальвае Павел Якубовіч. І Якубовіч тады быў упэўнены, што зможа паспрыяць уключэнню нашай газеты ў падпісныя каталогі. Я нават яму тады бутэльку каньяку падрыхтаваў (смяецца). Але гэтага не адбылося.

Тут трэба зрабіць пэўнае адступленне і нагадаць пра тое, як у нашай краіне прымаюцца рашэнні. Існуюць пэўныя механізмы. Напрыклад, калі на самым вышэйшым узроўні было вырашана выключыць нас з падпіснога каталога, то і вяртанне можа адбыцца толькі праз рашэнне на тым жа ўзроўні.

Калі памятаеце, з гэтым калісьці сутыкнуліся “Народная воля” і “Наша Ніва”. І вярнулі іх у падпісныя каталогі толькі пасля даручэння Аляксандра Лукашэнкі. Адзін высокапастаўлены чыноўнік калісьці нават сказаў мне, што нам можна нават не напружвацца кожны год пісаць звароты ў “Белпошту”. Бо, калі на вышэйшым узроўні будзе прынята рашэнне, “Белпошта” сама нам патэлефануе. Пакуль не патэлефанавала...

«Перадрукоўваем пэўныя матэрыялы, а чытачы тэлефануюць і запытваюць: а хто такі “Naviny.by”?»

– Наш асноўны чытач – па-за Мінскам. У Мінску з 30 тысяч асобнікаў у нас прадаецца толькі траціна. Усё астатняе – у абласных і раённых цэнтрах. Калі б была падпіска – былі б сельскія чытачы. А пакуль яны ў асноўным з раённых цэнтраў і гарадскіх пасёлкаў – тых населеных пунктаў, дзе ёсць шапікі.

Гэта інжынеры, настаўнікі, медыкі – людзі, якія ведаюць смак добрай кнігі і чытаюць газеты. У асноўным гэта людзі сярэдняга і старэйшага веку – тыя, хто прызвычаіўся чытаць газету, а не інтэрнэт. Бывае, мы перадрукоўваем пэўныя матэрыялы, а чытачы тэлефануюць і запытваюць, а хто такі гэты “Naviny.by”? :) У Мінску такіх усё менш, тут ужо і пенсіянеры сталі прасунутымі і ўсё часцей ходзяць у сеціва.

Усе гэтыя дадзеныя мы бярэм са зваротнай сувязі – лістоў і тэлефанаванняў у рэдакцыю. Большасць лістоў да нас прыходзяць напісаныя ад рукі, на нейкіх кавалачках паперы....

Наш чытач у асноўным рускамоўны. Хоць у нас ёсць аўтары, якія пішуць толькі на беларускай мове. Напрыклад, Сяргей Законнікаў ці Аляксандр Тамковіч. У прынцыпе, мы пры неабходнасці друкуем і іншыя беларускамоўныя тэксты – яны займаюць да 30% газетнай плошчы.

Яшчэ адзін цікавы факт: 2-3 гады таму ў нас быў наклад прыкладна на 3 тысячы больш. Але пасля ўкраінскіх падзеяў ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі продажы газеты знізіліся, нават сталі прыходзіць лісты ў рэдакцыю з абурэннем на нашу пазіцыю па “ўкраінскім пытанні”. Частка людзей негатыўна ўспрыняла яе і перастала купляць газету. Ну што ж, мы вытрымалі гэта. Больш важным для нас было пісаць праўдзівую інфармацыю пра падзеі ва Украіне, пра тое, як Крым быў фактычна захоплены Расіяй.

Вось так мы жывем і плануем працаваць і далей.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!