1740

Вам ёсць што хаваць? Не балатуйцеся! Або якія тэмы "падкідваюць" выбары

10.09.2016 Крыніца: Марыя Савушкіна для baj.by

Парламенцкая кампанія блізкая да фінішу. Эксперты ўжо назвалі гэтыя выбары "ціхімі і незаўважнымі". Як у папярэднія гады журналісты шукалі цікавосткі для чытачоў у сітуацыі, калі асноўныя ньюсмейкеры не кандыдаты, а чыноўнікі, “выбарчы каляндар” і фармальныя працэдуры?

  • Асоба кандыдата. Чалавек які балатуецца на выбарную пасаду павінны быць гатовы да пільнай увагі да сваёй асобы. Прадметам цікавасці журналістаў можа стаць усё — знешні выгляд, звычыкі, мінулае, сям’я, праца, занятак, хобі і іншая нефармальная інфармацыя. Удалы прыклад журналісцкай перадвыбарчай працы паказалі калегі з "Еўрарадыё" падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі. Журналіст Алесь Пілецкі абышоў дамы дзе жывуць кандыдаты на пасаду прэзідэнта, каротка апісаў раёны, у якіх знаходзяцца кватэры, сфатаграфаваў пад’езд і распытаў суседзяў — што думаюць людзі, якія жывуць побач, пра чалавека з прэзідэнцкімі амбіцыямі? Такі пагляд збоку, інфармацыя з непадкантрольнай самому кандыдату крыніцы, дае аўдыторыі цікавыя думкі і матэрыял для развагаў. Нельга назваць такі рэпартаж цалкам аб’ектыўным, але тое, што падобныя тэксты пашыраюць інфармацыйнае поле, павялічваюць цікавасць да кандыдатата, даюць больш фактаў і сведчанняў пра асобу — бясспрэчна. Жонкі дзеці, бацькі, школьныя сябры, адзнакі ва ўніверсітэце — усё гэта прадмет увагі журналістаў і цікавасці аўдыторыі. Ёсць што хаваць? Не хочаце каб пра факты з мінулага даведаліся ўсе? Не балатуйцеся. Усё проста.

Іншы рэзанансны кейс, які тычыўся асобы кандыдата і яго мінулага адбыўся ў 2010 годзе, калі адзін з кандыдатаў Уладзімір Някляеў прызнаў, што ў дзяцінстве забіў котку. Кандыдат не хаваў гэтага факту. Гісторыя падрабязна апісана ў адной з яго кнігаў, а падчас ан-лайн канферэнцыі, на пытанне аднаго з чытачоў, “ці праўда?” адказаў — “так, сапраўды”. Тэма ўзарвала СМІ. Узнялася дыскусія адразу па некалькіх рэзанансных праблемах. Можна спрачацца пра тое, як паўплывала гісторыя на рэйтынг, але мы ўсе памятаем, што розгалас кампанія кандыдата з-за выпадка набыла значна большы. Да выбарчых дыскусій прыцягнуліся непалітычныя і не ангажаваныя раней у палітыку колы. Інтэрнэт выбухнуў сур’ёзнымі і не вельмі рэакцыямі. Ну, а аддаленыя ад палітыкі і літаратуры грамадзяне і зараз недзе ў глыбінях памяці носяць згадку “а Някляеў, гэта той што … ”. Добра гэта ці кепска? Як кажуць “няма плахой рэкламы акрамя некралога”… Публічнасць прыносіць свае сюрпрызы.

  • Выбарчая кампаніі. Паездкі, пікеты, акцыі, сустрэчы з выбаршчыкамі — звыклыя тэмы прэс-рэлізаў падчас выбарчай кампаніі. Але найбольшы розгалас у СМІ атрымліваюць падзеі, якія выбіваюцца са звыклай каляіны. Прыгадваецца выпадак з атручваннем кандыдата на пасаду прэзідэнта Віктара Цярэшчанкі ў адной з мінскіх кавярняў. Падзея з крымінальным ўхілам нарадзіла цэлы шэраг думак, тэмаў, падазрэнняў, якія так ці інакш прасачыліся ў медыя. Рэзка падвысіўся ўзровень цікавасці да кандыдата, стану яго здароўя, месца здарэння, сведкаў і г.д. Пра атручванне заявіў сам кандыдат, таму пісаць пра выпадак было складана. Справай павінны былі заняцца праваахоўныя органы, а смі прадставіць інфармацыю паводле правераных дадзеных і вынікаў экспертызы. Галоўны квестам для журналіста ў такіх сітуацыях застаецца не “павесціся” і адрозніць PR ад сапраўднай трагедыі. Так, ставіць усё пад сумненне, таксама частка нашай прафесіі.
  • Асаблівая тэма ўвагі СМІ — выбарчыя абяцанні і іх крытыка. Нажаль, амаль ніхто не звяртае ўвагі на тое, што цяпер, абяцаюць кандыдаты. Тым часам, менавіта планы асобаў, якія прэтэндуюць на выбарчыя пасады — гэта асноўная крыніца публічнай рэфлексіі, адлюстраванне наяўнасці спаборніцтва ідэй, паказчык стану грамадскай дыскусіі і адпаведнасці галоўных палітычных установак да актуальнай сітуацыі. Аналізуючы планы кандыдатаў, можна зрабіць высновы пра стан усёй палітычнай сістэмы і дэмакратыі.

 

Дыскусія паміж кандыдатамі — гэта заўсёды дыскусія пра будучыню. Змаганне на выбарах — гэта барацьба за шлях развіцця. Што абяцаюць кандыдаты? Як мы будзем жыць, калі гэтыя абяцанні споўняцца? Канкрэтныя планы кандыдатаў і тое, як яны паўплываюць на жыццё людзей, крытыка і абмеркаванне гэтых прапаноў — выдатная тэма для журналісцкіх матэрыялаў.

Абяцанні кандыдатаў, якія цяжка забыць:
Віктар Цярэшчанка паабяцаў зменшыць курс долара ў тры разы, "Еўрарадыё", 22.11.2010

Някляеў абяцае, што яго першы закон будзе пра бізнес, "Наша Ніва", 8.10 .2010

Караткевіч абяцае тэрапію без шоку, "Новы час", 11.09.2015 і інш.

 

  • Палітычная культура. Трэба прызнаць, што хада палітычнай кампаніі, ролі “дзеючых асобаў” — СМІ, выбаркама, кандыдатаў заўсёды адбываюцца ў межах вызначанай парадыгмы — агульна прынятых правілаў і нормаў дзейснай палітычнай культуры. Ёсць фармальныя правілы і нормы, як выбарчы кодэкс, і нефармальныя. Калі ўсё ідзе як звычайна, — прамовы паўтараюцца, выбарчыя тэхналогіі надзейныя і “выпрабаваныя часам”, — гэта азначае толькі адно — прадказальнасць, адсутнасць цікавых паваротаў, развязак. Таму, калі ў выбарчай гульне з’яўляюцца асобы, здольныя ўнесці нешта новае ў працэс, вынесці на абмеркаванне нечаканае пытанне, пачаць дыскусію, якая пашырыць публічную прастору, уцягне новыя групы інтарэсаў, падвысіць матывацыю ўдзелу ў выбарах — яны заўсёды атрымаюць увагу прэсы і аўдыторыі. Але падыходзіць да такіх палітычна-медыйных рухаў трэба адказна. Гэта без перабольшванняў “гульня з агнём”.

Падчас парламенцкіх выбараў у Вялікабрытаніі ў 2015 годзе, каб завострыць перадвыбарчую дыскусію, Джэймс Кэмеран паабяцаў правесці рэферэндум па выхадзе Брытаніі з ЕС. Brexit уварваўся ў павестку дня, дыскусія палярызавала грамадства і скончылася рэферэндумам, змяненнем сатуса магутнай краіны ў ЕС і адстаўкай самаго Дж. Кэмерана. Урок палітыкам — новыя тэмы ў палітычнай дыскусіі могуць не толькі дапамагчы “выйграць бітву”, але і пачаць вайну, у якой давядзецца саступіць.

  • Профіль у сацсетках. Сацыяльныя сеткі і профілі кандыдатаў — прадмет асаблівай увагі ў час выбарчай кампаніі. Гэта і месца для нефармальнай камунікацыі кандыдата з прыхільнікамі, магчымасць выказацца адразу для шырокага кола і пачуць “непрычасаныя” галасы выбаршчыкаў. Таму падпісацца на кандыдата варта. Іншая справа, што ў нас ніводзін з кандыдатаў пакуль не выкарыстаў сацыяльныя сеткі як інструмент у палітычнай барацьбе. Як правіла профіль кандыдата выконвае ролю сайта, газеты, — інфармуе пра ход выбарчай кампаніі. І толькі. А шкада. Прэзідэнтам суседняй Польшчы ў 2015 годзе стаў Анжэй Дуда, які дамогся перамогі ў тым ліку дзякуючы сацыяльным сеткам і свайму асабістаму акаўнту ў facebook. Прыклад варты пераймання. Выдаткі на кампанію зніжаюцца, ахоп — павялічваецца. Ну і пакуль у facebook няма афіцыйнага акаўнта Лідзіі Ярмошынай — ЦВК там значна менш, чым у рэале.

 

“Навошта лезці ў жыццё чалавека, ну балатуецца і хай сабе…” — ёсць і такое меркаванне. Не праблема, калі так думаюць грамадзяне. Адно ўдалае пытанне журналіста і адказ на яго можа змяніць меркаванне тысячаў людзей, ператварыць іх пасіўную пазіцыю ў актыўныю, абыякававага чалавека зрабіць зацікаўленым. Мы не ўсё ведаем, але мы можам спытацца.

Фота: Уладзь Грыдзін

Падводныя плыні нецікавых выбараў