654 0

Валанцёрскія справы БАЖ у Полацку

30.08.2018 Крыніца: Сямён Сідараў для baj.by

У сярэдзіне жніўня полацкая суполка Беларускай асацыяцыі журналістаў удзельнічала ў арганізацыі мерапрыемстваў летніка для дзяцей з інваліднасцю. Прадстаўнікі БАЖ падарылі дзецям наборы паперы для творчых заняткаў, арганізавалі віктарыну па гісторыі старажытнага Полацка з салодкім прызамі пераможцам і ўдзельнікам.

Ужо дзевяты раз у Полацку ладзіўся тыднёвы лагер для дзяцей з інваліднасцю. Гэты летнік арганізуе Хрысціянскі валанцёрскі рух Святога Мікалая пры Беларускай грэка-каталіцкай царкве.

Полацкія сябры ГА "БАЖ" вырашылі дапамагчы ў правядзенні летніка для дзяцей.

Апроч набыцця канцылярскіх тавараў ды прысмакаў для дзяцей, журналісты правялі віктарыну па гісторыі старажытнага Полацка.

Як распавёў кіраўнік полацкай суполкі ГА "БАЖ" Віктар Стукаў, дзеці з задавальненнем прымалі ўдзел у мерапрыемствах летніка. А сам летнік — добрая магчымасць для любога чалавека паспрабаваць сябе ў якасці валанцёра, памочніка.

Летнік праходзіў у прыватным доме на ўскраіне Полацка. Валанцёры Хрысціянскага валанцёрскага руху Святога Мікалая дапамагалі  арганізаваць паўсядзённы побыт, заняткі і забавы. Кожны дзень у царкве прападобнай Параскевы Полацкай, якая знаходзіцца побач, праходзіла літургія з удзелам дзяцей і валанцёраў.