2930

Уявіце, што Facebook і ВКонтакте не існуюць...

13.01.2016 Крыніца: Павел Свярдлоў, моладзевы нумар часопіса "Абажур"

У гэтым моладзевым нумары «Абажура» Павел Свярдлоў узгадвае анталогію беларускай журналістыкі за апошнія 15 гадоў. Ад друкаванай прэсы, факсаў, званкоў з тэлефона-аўтамата і інтэрнэта хуткасцю 56 Кб/с да няспыннага канвееру, які праглынуў асобу сучаснага журналіста.

Пачатак

Я прыйшоў у журналістыку ў 2001 годзе абсалютна выпадкова. Другая сесія, лета. Экзамен па логіцы прымае Андрэй Якадумаў. Я люблю логіку і ўсё вывучыў. Ён ставіць мне «выдатна» і кажа: «Павел, ёсць прапанова. Можа хочаце пісаць у газету?»

Праз пару дзён мы крочым з Якадумавым па вуліцы Першамайскай. Уваходзім у змрочны пад’езд дзевяціпавярховіка. Дзверы двухпакаёўкі незамкнёныя. У большым пакоі шмат сталоў і кампутараў. У меншым — начальства: Аляксей Кароль і Аксана Колб. І, натуральна, Аляксандр Здзвіжкоў. Хаця ён амаль увесь час на кухні: паліць і распавядае пра Кандагар.

Так я трапіў у рэдакцыю газеты «Згода». Праз пару гадоў яе закрыюць за тое, што перадрукавала з Jyllands-Posten карыкатуры на прарока Магамета. Здзвіжкоў апынецца за кратамі.

Хуткасць

Газета выходзіла раз на тыдзень. Гэта было вельмі зручна, бо хутка працаваць я яшчэ не ўмеў. Вось «Навінкі» — гэта была іншая справа. Я быў сведкам таго, як хлопцы зрабілі газету за адну ноч. Спачатку схадзілі ў краму, узялі «бырла» (сапраўднага, з пластыкавымі закрыўкамі), крывяной кілбасы і пайшлі на стадыён за Акадэміяй мастацтваў — глядзець на футбол. На трыбунах усё выпілі і з’елі. Вярнуліся ў рэдакцыю, што таксама мясцілася ў кватэры, і напісалі ўсё, ад першай да апошняй літары. Але я ў гэты рытм не ўпісваўся. Я працаваў у «Згодзе», дзе над зацемкай з канцэрта можна было прасядзець пару дзён. Можна было ўсё лета недзе тусавацца, а пасля прыехаць і пісаць пра тое, як месяц таму валанцёры паехалі прыбіраць смецце ў Косаўскім палацы.

Праз тры гады я ішоў з рэдакцыі БелаПАН, што мясцілася ў будынку Белгідра-нечага-там на вуліцы Сурганава, на прэс-канферэнцыю ў Дом прэсы. Там слухаў, што казалі разумныя людзі. Пасля вяртаўся ў рэдакцыю, сядаў за камп’ютар і пісаў зацемку. На гэта магла спатрэбіцца гадзіна, і ніхто не стаяў у мяне над душой.

На важныя прэс-канферэнцыі, з якіх трэба было «адпісвацца» хутка, мяне не пасылалі. Сёння ж я на любой прэс-канферэнцыі імкнуся паставіць тэкст на сайт яшчэ да таго, як яна скончыцца. Тэхнічныя магчымасці гэта дазваляюць. Дык чаму не?

Чамусьці зараз прыгадаў, як ехаў з «Басовішча-2005» у адным аўтобусе з музыкамі. Ледзь пераехалі мяжу — званок ад рэдактара з БелаПАН. І хвілінаў дваццаць я дыктаваў па тэлефоне тэкст з імёнамі і назвамі гуртоў-пераможцаў.

Інтэрнэт

З пачатку 2000-х журналістыка змянілася непазнавальна. Уявіце сабе, што стужкі Facebook ды «ВКонтакте» не існуюць. Ніхто не расшарвае спасылкі, бо няма куды. «Живой журнал» — платны сервіс для эліты. Google ды «Яндекс» не акумулююць навіны. YouTube нікому нават не ўпаў, бо ўсе сядзяць у інтэрнэце з хуткасцю 56 Кб/с. Якое анлайн-відэа?! Падмурак журналістыкі — газеты. Першы паверх — радыё. А тэлебачанне — другі паверх — для гаспадароў жыцця.

У 2004 годзе па заданні «Згоды» пайшоў на суд над Фёдарам Караленкам, які рабіў www.pesnyary.com. Яго абвінавачвалі ў парушэнні аўтарскіх правоў: Ігар Лучанок паклікаў дахаты ўчастковага і ў яго прысутнасці спампаваў з сайта дзве песняроўскія песні. Суддзя не разумеў тэхнічных акалічнасцяў, таму ў залю паклікалі Юрыя Зісера, каб патлумачыў. Бо ён ужо тады добра ўяўляў сабе, што такое інтэрнэт. А Караленка казаў, што песні ляжаць на серверы ў Нарвегіі, а ён толькі размясціў спасылку.

У тыя дзікія часы хуткасць была не прынцыповай. Мы гублялі гадзіны на тое, каб прыдумаць каламбур для загалоўка, замест таго, каб проста напісаць калі-дзе-хто-што. Прайшло ўсяго дзесяць гадоў, і галоўнымі ў тэксце сталі не метафары і параўнанні, а «ўнікальнасць», якую ў адсотках вымярае пошукавая машына. Плюс фота і відэа, якія таксама «любяць» пашукавікі.

Праца

У 2006 годзе, калі я прыйшоў на «Еўрапейскае радыё для Беларусі», мы ставілі на сайт 6—8 тэкстаў за суткі. А тэксты некаторых праграмаў увогуле не выкладаліся ў інтэрнэт. Сёння на сайце Еўрарадыё з’яўляецца не менш як 60 тэкстаў за дзень. Як вы думаеце, ці стала там у дзесяць разоў больш журналістаў?

Сучасныя журналісты працуюць амаль без перапынку. Калі я еду з дому ў рэдакцыю KYKY.org, то праглядаю стужку Фэйсбука ў пошуках цікавых постаў. Калі чакаю, пакуль прыгатуюць каву, прагортваю сайты з навінамі. Здараецца, дастаю ноўтбук у маршрутцы па дарозе дадому і што-небудзь выпраўляю на сайце. Гэта звычайная справа. Раней увесь гэты час, які сёння, дзякуючы смартфонам, стаў працоўным, быў вольным. Едучы дадому, мы не думалі пра кантэнт, а проста глядзелі ў вакно. Мы адпачывалі. А сёння мы па-сапраўднаму адпачываем хіба што тады, калі нарэшце апынаемся ў ложку. Адсюль і стома, звычайная і заўсёдная, пазбавіцца якой, здаецца, практычна нерэальна.

Здольнасць журналіста круглыя суткі выконваць абсалютна розную працу называюць канвергентнасцю. Тое, што раней рабілі рэпарцёр, фатограф, карэктар і інжынер мантажу, сёння аднаасобна робіць чараўнік з нататнікам, дыктафонам, фотаапаратам і ноўтбукам у чатырох руках. Рукі чатыры, а заробак адзін.

Канвергентнасць — гэта хуткасць і ашчаднасць, але далёка не заўсёды якасць. Таму асабіста я лічу, што яна ад д’ябла. Хутка кожнаму журналісту давядзецца засвоіць яшчэ і асновы праграмавання, і ператварэнне дадзеных у інфаграфіку. На кожную опцыю застаецца ўсё менш часу. Якасць у такіх умовах можна захоўваць толькі да пэўнай ступені.

Зоркі

У сучаснай журналістыцы няма зорак. Калісьці я выходзіў на апытанку «Якіх беларускіх журналістаў вы ведаеце?». Людзі не назвалі амаль нікога, акрамя Паўла Якубовіча. Тэкстаў стала настолькі шмат, што адбылася інфляцыя, якая з’ела асобу аўтара. Ну якая, да халеры, розніца, хто аўтар бясконцых навінаў пра знішчэнне ідэолага парыжскіх тэрактаў, якую мы чытаем на ўсіх сайтах?

Я мог бы назваць многіх вартых журналістаў. А ў людзей, далёкіх ад медыя, не хапае часу разбірацца ў тым, хто для іх гаворыць і паказвае. Пазнавальнасць гарантуе толькі тэлебачанне. Інтэрнэт-тэлебачанне, ў рэшце рэшт. У іншых выпадках людзі са свету медыя прыцягваюць да сябе надзвычайную ўвагу хіба што тады, калі ўлада кідае іх за краты. Адваротныя прыклады сустракаюцца рэдка: Віктар Марціновіч, Таццяна Заміроўская. Але ім даўно ўжо па трыццаць і з больш-менш аператыўнай журналістыкі яны сышлі ў публіцыстыку і літаратуру.

Піяр

Частка віны за дэвальвацыю журналісцкай прафесіі ляжыць на піяршчыках. Усімі праўдамі і няпраўдамі яны імкнуцца прымусіць журналіста напісаць менавіта тое, што патрэбна іх кліенту. Для большасці піяршчыкаў ідэальны журналіст той, які без зменаў перадрукуе прэс-рэліз. Я добра адчуў гэта, калі ў канцы 2000-х пісаў дысертацыю па музычнай журналістыцы. Гартаў падшыўкі і ў трох розных газетах патрапіў на амаль аднолькавыя «навіны» з аднолькавымі загалоўкамі.

Прэс-рэлізы тады пачалі складаць з загалоўкамі ў стылі інфармагенцтваў і загадзя падрыхтаванымі цытатамі асноўных спікераў. Шкада, што тады мы не разумелі, да чаго гэта прывядзе. Добра, што сёння ўсё больш пияр-менеджараў разумее, што ад самастойнага журналіста, які ўмее думаць, карысці больш, чым ад папугая, здольнага толькі паўтарыць дасланае.

Офіс

Сёння журналіст можа прыйсці ў рэдакцыю і прасядзець там увесь дзень, перапісваючы інтэрнэт. У выніку нават можа атрымацца цікавы артыкул. Прынамсі нехта ўсё жыццё можа перапісваць інтэрнэт і ў вус не дзьмуць. Уявіць сабе такое 15 гадоў таму было проста немагчыма.

Тады, калі табе была патрэбная інфармацыя, ты ехаў ці тэлефанаваў туды, дзе яна ёсць. Афіцыйныя запыты раздрукоўваліся і адпраўляліся да чыноўнікаў факсам. І ведаеце што? Журналістыка была крыху іншай. Больш эксклюзіўнай. Ты глядзеў чалавеку ў вочы, чуў яго голас. Гэта непараўнальна больш, чым капіяваць нечую гучную цытату з Фэйсбука, нават калі ты заўважыў яе першы. Самыя паспяховыя беларускія медыя нават сёння вельмі рэдка абмяжоўваюцца інфармацыяй, не спраўджанай у першакрыніцы і не пашыранай за кошт каментароў.

Журналістыка — гэта афіцыйны дазвол пытацца больш за ўсіх і ведаць больш за ўсіх. Чым больш нязручнае пытанне — тым больш цікавы адказ. Калі ты не задаеш пытанняў, ты, як правіла, не атрымліваеш змястоўных адказаў. Іх атрымлівае і публікуе нехта іншы. Трэба па кроплі выціснуць з сябе боязь ісці да людзей, у іншым выпадку — знайсці іншую прафесію. Робіцца гэта вельмі проста. Кожны раз, калі ты думаеш, што сваім пытаннем можаш пакрыўдзіць чалавека, ты кажаш сабе: «Праца, за якую я атрымліваю грошы і за якую мяне паважаюць чытачы, заключаецца не ў тым, каб нікога не пакрыўдзіць, а ў тым, каб напісаць цікавы і праўдзівы сюжэт». І наперад — па дэталі, якіх ні ў кога пакуль яшчэ няма.

Выключэнне — этыка. Асабістае жыццё. Пачуцці. Боль. Смерць. Дзяржаўная таямніца.

Магчымасці

Магчымасці журналістаў — ды і ўвогуле магчымасці чалавека на выяўленне сваіх поглядаў — ў нашай дзяржаве ўвесь час скарачаюцца. Удумайцеся: у 2006 годзе на Кастрычніцкай плошчы тыдзень прастаяла невялічкае намётавае мястэчка. Каб паглядзець на яго, журналістаў вадзілі на дах Палаца Рэспублікі. Скончылася гэтая гісторыя гэтак жа сумна, як і ўсе астатнія, але факт ёсць факт.

У 2010 годзе мітынг пасля выбараў завяршыўся брутальным разгонам. А ў 2012-м дзвюх журналістак прызналі вінаватымі ў пікетаванні шляхам фатаграфавання. Іх затрымалі ў двары мінскага дома, калі першая фатаграфавала другую са шведскім цацачным мядзведзікам. У 2015 годзе нам забаранілі здымаць адміністрацыйныя будынкі. А сайт KYKY.org на тыдзень закрылі за артыкулы пра парад Перамогі 9 траўня і эрэкцыю падчас вытворчасці трактароў.

Сваё

Працуючы журналістам, вельмі лёгка апынуцца ў сістэме. Напрыклад, «Еўрапейскае радыё для Беларусі» функцыянуе як добра адладжаная машына. Кожны супрацоўнік робіць свой кавалак працы, і ўсё атрымліваецца. Са дня ў дзень змяняюцца толькі тэмы, а таксама месцы, куды трэба з’ездзіць, і людзі, якіх трэба «дастаць», каб гэтыя тэмы раскрыць.

Еўрарадыё мусіць так працаваць, бо гэта не проста штодзённае, а, я б сказаў, штохвіліннае СМІ. Адтуль я перайшоў у глянцавы часопіс «Таймер». Кожны яго нумар мы рабілі па-свойму, прыдумлялі з нуля. Гэта было вельмі цікава. На жаль, рэкламадаўцы былі не вельмі задаволеныя нашымі фантазіямі. Зараз я ў іншай камандзе — на KYKY.org. І мы кожны дзень вырашаем, якім будзе наш сайт. Яго можна «ляпіць» проста тут і зараз. Магчымасць такога ўплыву — магічнае адчуванне. Але і вялікая адказнасць, у тым ліку за сваю будучыню.

Працаваць у добра адладжанай сістэме ці ў творчым хаосе — выбар, які даводзіцца рабіць кожнаму журналісту.

 

Таццяна Данілушкіна. На перадавой трэвэл-журналістыкі

Любоў Каспяровіч. Кекс з рэдактарам

Адар'я Гуштын і Ягор Марціновіч: «Адначасова пішам хвалебныя оды і зневажаем людзей»

Сяргей Гудзілін: У 2016-м будзем паболей здзіўляць адзін аднаго!

Вадзім Заміроўскі: На World Press Photo можа перамагчы добра зробленая human story

Увесь нумар часопіса "Абажур" у фармаце PDF

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!