1189 0

“Усё змяняецца хутчэй, чым мы маглі сабе ўявіць”: як выжыць у сацсетках сёння і што чакае нас заўтра

19.10.2018 Крыніца: Вольга Корсун для Baj.by

SMM-спецыяліст “Радыё Свабода” Франак Вячорка распавёў гродзенцам пра асаблівасці сацыяльных сетак, пра тое, як выбудоўваць інфармацыйную стратэгію і стаць заўважным. Адкрытая сустрэча адбылася ў прасторы HrodnaMediaRoom на пляцоўцы гродзенскага Цэнтра гарадскога жыцця. Прыводзім самае цікавае з амаль трохгадзіннага выступу.

Сакрэты поспеху “Радыё Свабода” ў сацыяльных сетках

Калі пачалі рэформу “Радыё Свабода” напачатку 2012 года, на акаўнты былі падпісаныя менш за 1000 асобаў у Facebook і “ВКонтакте”. Змянілі ўсё. І на сённяшні дзень у “Радыё Свабода” 130 000 падпісантаў у Facebook і 129 000 у “ВКонтакте”.

— Мы памянялі стратэгію: падыходы і мэты. Раней мы стваралі кантэнт для эфіру, праграм. Цяпер мы адаптуем кантэнт менавіта пад сацсеткі, бо ўсвядомілі, што канечны пункт нашага ўзаемадзеяння з аўдыторыяй — менавіта там, — тлумачыць Вячорка.

Стужка ў сацыяльных сетках напаўняецца алгарытмічным чынам. Яна фармуецца ў залежнасці ад таго, з кім вы ўзаемадзейнічаеце, каго каментуеце, лайкаеце. З’яўляецца  фільтр “бурбалкі” — вы бачыце паведамленні тых, з кім узаемадзейнічаеце, хто ідэалагічна вам блізкі. У Facebook і “ВКонтакте” фільтры вельмі дакладныя: ёсць “бурбалкі” грамадска-актыўных людзей, журналістаў, рускамоўных апалітычных маладых людзей, аматараў Пуціна і Лукашэнкі. У большасці выпадкаў гэтыя аўдыторыі не перасякаюцца.

У адносна новых сацсектах для Беларусі, напрыклад, у Instagram “бурбалкі” яшчэ толькі фарміруюцца, таму ёсць магчымасць на іх паўплываць.

“Самае складанае ў пераменах — асэнсаванне, што перамены непазбежныя. Старыя “дыназаўры” заўжды будуць змагацца за свой арэол, ніхто не хоча выміраць. Я кажу не пра супрацоўнікаў, а пра стаўленне, адносіны. Мы ўсе прывыкаем да той прасторы, тых стандартаў, у якіх працуем.

Калі я вучыўся ў Вашынгтоне, нам казалі, што адукацыя будучыні — гэта навык развучвацца. Калі ты ўмееш хутка навучыцца і ў патрэбны момант развучыцца, ты — добры студэнт. Мы вучымся нейкім канонам працы на радыё, тэлебачанні, у Facebook, але праз тры гады яны становяцца неактуальнымі. Сам жа працэс перавучвання пакутлівы і цяжкі”, — гаворыць Франак Вячорка.

Рэцэпты поспеху “Радыё Свабода”:

  1. Вызначаная стратэгія і арыентаванне на мэту. У офісах у Мінску і Празе ёсць колькасныя паказчыкі — як дагнаць і перагнаць саміх сябе. “Радыё Свабода” дагнала і перагнала ў працы ў сацсетках усіх канкурэнтаў у медыя, і гэта ў некаторым сэнсе пашкодзіла. Момант спаборніцтва, канкурэнцыя таксама важныя.

  2. Правільна арганізаваная каманда. Людзям далі поўную свабоду, SMM-шчыкі вырашаюць, што патрэбна, які павінен быць падыход, колер ці шрыфт, якім павінен быць загаловак у матэрыяле.

  3. Выкарыстанне рэкламы і бясплатнай прамоцыі: вірусны маркетынг, конкурсы і платная рэклама (1-2 долара ў дзень на адну сацсетку). Да таго ж амаль усе службы, амерыканскія стартапы, майкрасофты, Windows даюць грамадскім арганізацыям і ініцыятывам бясплатныя ліцэнзіі ці зніжкі. Праблема беларусаў у тым, што яны занадта сціплыя і ніколі нічога не просяць. Таму крадуць — спампоўваюць пірацкія версіі праграм, альбо плоцяць за іх шалёныя грошы.

  4. Актыўнае ўцягванне аўдыторыі ў інтэрактыўныя праекты.

  5. User generated content — генерацыя кантэнту самімі карыстальнікамі, стымуляванне да ўдзелу самой аўдыторыі.

  6. Эксперыменты з усімі платформамі, якія ўзнікаюць.

  7. Сістэма ацэнкі эфектыўнасці. Раней мералі клікамі ці праглядамі старонак на сайце, цяпер — каментарамі, мэта выклікаць больш каментароў да любога матэрыяла. Facebook вымярае не толькі колькасць, але і памер каментароў. Чым даўжэйшыя каментары, тым лепш.

У гэтым плане вельмі добрая сетка “Аднакласнікі”. Там трэба быць максімальна прымітыўным, простым. І калі ты зачапіў карыстальніка за жывое, поспех забяспечаны.

Тэмы беднасці, сітуацыі ў рэгіёнах, ЖКГ, бруду на вуліцы, бамжоў працуюць як трыгеры. Ёсць тэмы, якія не працуюць на Facebook, але працуюць у “Аднакласніках”. Не трэба ўсё посціць паўсюль. Трэба разабрацца, што з’яўляецца трыгерам, што чапляе струнку ў чалавеку, і калі пачнуцца каментары — падтрымаць іх, а пасля яны самі будуць сыпацца.

Задача медыя — не проста стымуляваць дыскусію ў сацсектах, але і весці яе ў правільным накірунку. Як толькі мы сыходзім з дыскусіі, яна ператвараецца ў пляцоўку для троляў і ворагаў свабоднага слова. Таму важна: калі дыскусія пачалася — весці яе да канца.

Не трэба настальгаваць ні па тэлебачанні, ні па радыё, ні па папяровых газетах. Гэта вялікае зло.

Так, ёсць класныя папяровыя часопісы, кніжкі. Некаторыя людзі любяць, як пахне папера. Але гэта не значыць, што трэба вярнуцца ў мінулае. Усё змяняецца, і гэтым зменам трэба адпавядаць.

Тэндэнцыі ў працы з сацсеткамі

Эмацыйнасць. Гэта тычыцца не толькі сацыяльных сетак, але і спажывання інфармацыі ўвогуле. Стаў важны personal touch – асабісты кантакт.

Што зараз робяць у Амерыцы. Амерыканцы атрыліваюць шмат розных рассылак. Але друкаваныя папяровыя лісты зараз ніхто асабліва не чытае. І выдаўцы пачалі хітрыць: пісаць імя адрасанта сінім колерам прапісным шрыфтом, каб чалавек думаў, што яму напісалі ад рукі.  Калі мы ведаем, што гэта адрасавана асабіста нам, то па-іншаму гэта ўспрымаем. Калі мы адчуваем эмоцыю пасля прагляду відэа, значыць, відэа было паспяховым. Людзі заходзяць не для таго, каб чытаць хроніку ці баявы лісток. Яны чытаюць, каб перажыць эмоцыі, падзяліцца імі і выказацца на гэту тэму. Эмацыйнасць прыйшла ва ўсе сферы. І калі раней гэта было табу для сур’ёзных медыя, то цяпер вы без гэтага не абыйдзеціся.

Гейміфікацыя. Усім хочацца гуляць, праходзіць тэсты, гульні, квізы, гуляць хочуць не толькі дзеці, але і дарослыя.

Гіперлакалізацыя. Стала шмат агульных навінаў — пра Трампа, Кім Чын Ына і г. д., мы ўсё больш хочам чытаць пра тое, што адбываецца.

У Беларусі слаба развітая сетка рэгіянальных медыя. Цяпер новая эра лакальнай лічбавай прэсы. Гэта добра разумеюць расіяне: яны пастваралі ва ўсім постсавецкім рэгіёне маленькія рэгіянальныя сайты (напрыклад, 015.by). Людзі праз пэўны час прывыкаюць да такіх сайтаў, яны становяцца нормай. Як стаў нормай “Спутнік”, які сёння абагнаў “Белсат”, “Нашу Ніву”, “Радыё Свабода” па колькасці ўнікальных наведвальнікаў. Гэта адбылося найперш таму, што іх падтрымліваюць гіганцкія сістэмы “Яндэкс Навіны” і Mail.ru News.  

Гіперлакальны кантэнт мае велізарнае значэнне. Важна пісаць пра тых, хто жыве ў тваім доме, на тваёй вуліцы, у тваім горадзе, вёсцы і г. д. Сацсеткі дазваляюць ствараць гіперлакальныя праекты. Калі ў вас ёсць, напрыклад, старонка Гродна, вы можаце стварыць дыскусійныя групы ў межах Facebook-старонкі, дзе можна абмяркоўваць жыццё ў гарадскіх мікрараёнах ці праблемы асобна ўзятай вуліцы.  

Аўтаматызацыя.

Калі вы будзеце выкарыстоўваць усе платформы, можа па-просту не хапіць на часу. Вам будзе патрэбны чалавек на поўную занятасць на кожную сацсетку. Ёсць шмат інструментаў, якія дазваляюць весці сацсеткі аўтаматычна. Ёсць боты, якія робяць працу за вас. У ботаў  кепская рэпутацыя, бо калі мы чуем гэтае слова, то адразу думаем пра Пуціна і фабрыку троляў. Але ў ботах няма нічога кепскага, гэта вельмі карысны інструмент для працы.

Спрашчэнне.

Мы ўжываем складаную мову, тэрміналогію, думаем, што ўсе на нашым узроўні валодаюць тэмай. Насамрэч людзі жывуць у розных кантэкстах, у іх розныя ўяўленні пра свет. Калі ў нашай інфабурбалцы ўсе абмяркоўваюць “шыла-гейт” і "Белсат", то 99% карыстальнікаў Instagram могуць увогуле пра гэта нічога не ведаць і не чуць. Трэба спрашчаць. Чым прасцей паведамленні, тым хутчэй яны будуць распаўсюджвацца на шырокую аўдыторыю.

Чым хутчэй вы зразумеце, якія ключавыя імёны, словы аб’ядноўваюць цяперашнюю і патэнцыйную аўдыторыі, тым прасцей вам будзе выбудоўваць камунікатыўную стратэгію.

Канкурэнцыя за ўвагу.

У нас вельмі мала секундаў, каб захапіць увагу спажыўца інфармацыі. Калі чалавек гартае Facebook-стужку, яму ў гэты час можа прыйсці паведамленне ў мэсэнджар ці ў пошту. Утрымаць чалавека доўгім відэа, якое вы рабілі тыдзень, практычна немагчыма. І ў гэтай канкурэнцыі за ўвагу важна быць простым, гнуткім, запамінальным.

Персаналізацыя.

Цяпер не СМІ і не журналісты фармуюць парадак дня, а тыя, каго на Захадзе называюць інфлюэнсарамі — аўтарытэты. Гэта не абавязкова людзі з вялікай колькасцю падпісантаў, але тыя, хто, напрыклад, часта посціць ці чые пасты збіраюць шмат каментароў. Іх таксама можна выкарыстоўваць для распаўсюду інфармацыі, кантэнту, калі правільна арганізаваць стратэгію.

Трэнды сацыяльных сетак

“ВКонтакте”

“ВКонтакте” як і Instagram не хоча, каб людзі ішлі на іншыя сайты, таму вы можаце вярстаць вашыя матэрыялы ўнутры сеткі, устаўляць карцінкі, відэа.

“ВКонтакте” рыхтуе копію Telegram, было тэставанне цягам лета, якое паказала вельмі добрыя вынікі. Стужка “ВКонтакте” будзе ў форме Telegram, можна будзе падпісвацца на каналы. Гэта дае магчымасць часцей посціць інфармацыю, дае большы працэнт адкрыцця спасылак і працэнт прагляду таго ці іншага паста.

Людзі ўнутры сістэмы праводзяць больш часу. І сацсеткі стымулююць гэтыя ўнутраныя фарматы вёрсткі матэрыялаў: Google AMP, Instagram Stories, артыкулы ў Facebook і “ВКонтакте”.

Facebook

Facebook не хоча быць часткай інтэрнэту, а хоча быць самім інтэрнэтам. Амерыканскія футурысты рапрацавалі такое бачанне будучыні, дзе ўвесь свет будзе кіравацца 5 кампаніямі: Amazon, Netflix — сэрвіс інтэрактыўнага лічбавага тэлебачання IPTV, Google, Apple i Facebook. Яны ўжо асвойваюць космас, штучны інтэлект, Applе стварае свае кінастудыі, Facebook стварае альтэрнатыву Amazon. Тое, што адбываецца сёння — гэта неверагодны час. Будучыня ўжо прыйшла і адбываецца цяпер.

Усё змяняецца хутчэй, чым мы маглі сабе ўявіць. У ЗША дзеці ўжо з года разумеюць, што такое экран, бачаць карцінкі, фільмы, умеюць клікаць і пераходзіць з аднаго відэа на другое. Гэта неверагодная змена, якая паказвае, наколькі хутка амалоджваецца аўдыторыя. Шмат сацсетак, у якіх яны сядзяць, нам увогуле незнаёмыя.

Калі вы скажыце 10-15-гадовым дзецям, што вы сядзіце ў Facebook, вам скажуць – а, то ты стары ўжо. Facebook для пенсіянераў. І гэта праўда. За апошнія тры гады Facebook “пастарэў” фактычна на адно пакаленне. Раней сярэдні ўзрост у Беларусі быў 25 – 30 гадоў, а зараз — 30 – 40 гадоў. Моладзь — у “ВКонтакте”, Instagram і YouTube.

IGTV

Гэта вертыкальнае тэлебачанне, якое мае намер забіць YouTube. Ужо цяпер у Амерыцы серыялы і фільмы перапакоўваюць у вертыклаьны фармат. Розніца ў тым, што там няма шырокіх планаў, толькі вузкія. Але ангажаванне вельмі высокае, людзі доўга затрымліваюцца на такіх відэа.

Tinder

Tinder — папулярны ў Амерыцы навінавы бот. Аўтаматызаваная сістэма скануе тваё месцазнаходжанне, якое звязана з RSS-стужкай сайта, і дасылае навіны таго горада, месца, адкуль чалавек сядзіць у Tinder.

Twitch

Адна з самых папулярных сацсетак сярод маладых людзей. Гэта трансляцыя кампутарных гульняў: людзі самі гуляюць у Twitch, каментуюць кампутарны гульні, глядзяць трансляцыі іншых. Яго пачалі выкарыстоўваць СМІ, каб расказваць навіны. Напрыклад, блогер Эдуард Пальчыс гуляў у кампутарную гульню і расказваў пра арганізацыю свята 25 сакавіка. Ці напрыклад трансляцыя гульні ў электронныя шахматы, дзе людзі абмяркоўваюць палітычныя навіны.

У Беларусі ў Twitch сядзіць 70 000 актыўных карыстальнікаў, гэта вельмі шмат. І яны праводзяць там больш часу, чым карыстальнікі ў “Аднакласніках”.

Instagram

Моладзь перацякае з “Вконтакте” і Facebook e Instagram. Інстаграм ужо ў гэтым годзе па прагнозах перагоніць па трафіку Facebook. Столькі часу, колькі там праводзяць маладыя людзі, столькі кантэнту, што яны ствараюць, у Facebook у няма. Facebook “упаў” з-за скандалу аб прыватнасці, а таксама змены алгарытму ўвесну гэтага года, калі ў стужках з’явілася шмат смецця.

YouTube

YouTube стаў другой пошукавай сістэмай. Людзі дарэчы гугляць і ў Instagram, які таксама становіцца пошукавай сістэмай. Пошук — гэта неабсяжная навука: як правільна ў гэтым пошуку існаваць, як выкарыстоўваць хаштэгі, прапісваць кантэнт, трапляць у трэнды.

Хэштэгі маюць вялікае значэнне ў Twitter і Instagram. У Instagram ёсць Explore, і кожны трэці карыстальнік пачынае сваю працу тут менавіта са старонкі Explore. Гэтая старонка працуе ў залежнасці ад геатэгаў і хаштэгаў на трох мовах у Беларусі — па-англійску, па-беларуску і па-руску. З хаштэгамі больш шанцаў, што вас пост, карцінка ці відэа тут з’явіцца. Гэта найлепшы спосаб для росту акаунта. Людзі падпісваюцца на хаштэгі ў Instagram. Ваша задача — даведацца, на якія хаштэгі людзі падпісваюцца актыўней, якія папулярныя ў вашай мясцовасці, краіне, ды імкнуцца посціць туды больш рэлевантнага кантэнта. З часам вам дадуць высокі рэйтынг, і пасты будуць трапляць у Explore-закладку.

Snapchat

Snapchat праіграў бітву за Еўропу. У 2014 – 2016 гадах адбылася вялікая бітва: Snapchat рухаўся з Заходняй Еўропы, яны стваралі моўныя версіі Заходняй Еўропы, а Instagram рухаўся з Усходу, з дапамогай Facebook і юзераў-перакладчыкаў, якія перакладалі інтэрфейс, ставаралі рускамоўныя, грузінскія, армянскія версіі. Яны сутыкнуліся на тэрыторыі Чэхіі і Польшчы. І Instagram дзякуючы патэнцыялу Facebook і яго мільёнам карыстальнікаў пачаў выціскаць Snapchat у Чэхію, потым Нямеччыну, дайшоў да Францыі, дзе амаль яго абагнаў. Instagram хітра скапіяваў усе ідэі Snapchat. Бітва праіграная, акцыі Snapchat упалі ў 5 разоў. У іх быў супер-уздым, і такое ж імклівае падзенне.

Стратэгія камунікацыі

Перад тым, як будаваць сацсеткі, вы павінны адказаць, якім вас бачаць цяпер, як вы хочаце, каб вас бачылі. Другое — якая ў вас аўдыторыя. Франак Вячорка прапануе ўжываць тэрмін з маркетынгу — “брэнд-персона”.

Брэнд-персона — сярэднестатыстычны спажывец, тыповы чытач. Тая асоба, якой вы надаеце пэўныя сацыядэмаграфічныя характарыстыкі ці харакатрыстыкі паводзінаў. Гэта тая асоба, на якой вы канцэнтруеце сваю ўвагу. Пад такую асобу мы заточваем маркетынгавую кампанію. Калі запускаем медыяпраект СМІ ці НДА, то акрэсліваем гэтую брэнд-персону. Бывае некалькі брэнд-персон, па прадстаўніку з кожнай таргетаванай групы.

Калі людзі пачынаюць разумець, пад каго канкрэтна яны пішуць тэкст, мантуюць відэа, пішуць пост у сацсетках, падвышаецца эфектыўнасць. Калі ты рабіць для ўсіх, гэта стрэл у пустату.

Важна, колькі вы гатовыя інвеставаць грошай, часу. Ад гэтага залежаць колькасныя і якасныя мэты.

Пяць “П”, якія прыйшлі з маркетынгу ў дыджытал:

  1. Правільныя аўтарытэты — тыя, што будуць нашымі дыстрыб’ютарамі, якіх мы можам уключыць у нашу стратэгію камунікацыі. Дамовіцца з імі, што яны будць посціць альбо каментаваць на нашай старонцы, якім-небудзь чынам удзельнічаць у напаўненні нашых сетак.

  2. Правільная аўдыторыя. Гэта ключ да поспеху. Вы яе правільна вызначылі і дакладна разумееце, як яна ўзаемадзейнічае паміж сабой. Калі вы не гатовыя паставіць нешта сабе ў Facebook, то магчыма не варта ставіць гэта на сайт — гэта мёртвы груз, які будзе ператвараць сайт у сметніцу.

  3. Правільны кантэнт. Тэмы, трыгеры, кручкі, імёны. Кручкі можна генераваць. Напрыклад, справа Коржыча на "Радыё Свабода" стала трыгерам на 4 месяцы. І ўсе тэмы, звязаныя з дзедаўшчынай у войску, ідуць вельмі добра. Такі самааўдыт варта рабіць кожны дзень, адсочваць, на што людзі рэагуюць, на што клікаюць, як гэта мяняецца.

  4. Правільная мова. Гэта словы, якія мы выбіраем.

  5. Правільныя каналы — фарматы, платформы, праз якія распаўсюджваем свой кантэнт.

 

Працуе маркетынгавая мадэль 1-9-90. Нават у самым прагрэсіўным грамадстве не можа быць больш за 1 % прадпрымальнікаў. Так і тут. Не бывае, каб кантэнт генеравала больш за 1 %. Заўжды генеруе 1 на 100, гэта тыя, хто стварае нешта новае, хто працуе як журналіст, арганізоўвае як актывіст, культурны дзеяч. Ёсць 9 %, хто гэты кантэнт перапакоўвае, спажывае, пераносіць на карцінкі, шэрыць, стварае фанскія старонкі. 90 % — гэта спажыўцы. Яны могуць быць нашымі апанентамі ці прыхільнікамі.

Гэтая мадэль камунікацыйнага поля актуальная не толькі для Беларусі, але і для ўсяго света. Супраца з аўтарытэтамі для мультыплікацыі і пашырэння эфекту — да гэтага будуць рухацца ўсе сусветныя медыя.

Ніякай рэвалюцыі ў індустрыі медыя не адбылося, змяніліся  паводзіны аўдыторыі: яна інакш спажывае кантэнт, чакае іншых фарматаў, намаганняў і фокусаў. The Guardian, да прыкладу, перасталі здымаць відэа са штатыва для сацсетак. Яны зрабілі даследванне, паводле якога, высветлілі, што відэа, знятае са штатыва, набірае менш праглядаў і каментароў. Аўдыторыя перастала давяраць відэа, дзе ўсё чысценька, акуратна. Толькі праз эксперымент можна зразумець, што і як трэба рабіць.

Важна, як аўдыторыя спажывае інфармацыю, наколькі часта карыстальнікі заходзяць у Instagram, карыстаюцца тэлефонамі ці дэсктопамі, макбукамі ці андройдамі. Усё мае значэнне. Для гэтага трэба рабіць аўдыт сваёй аўдыторыі, карыстацца аналітыкай і любіць лічбы.

Эфектыўнасць вымяраецца ўзаемадзеяннямі. Не клікамі, не праглядамі, а лайкамі, каментарамі і шэрамі. Кожнае ўзаемадзеянне мае розную вагу. Раней шэр быў самы важны і каштоўны. У "Аднакласніках" так і цяпер, бо працуе алгарытм, "калі я лайкну пост, яго пабачаць усе мае сябры". Там прасцей стварыць вірусны эфект. У астатніх сацсектах каментар мае найбольшае значэнне, асабліва ў Instagram і Facebook. Калі ў вашага допіса няма каментароў і лайкаў першую гадзіну, ён хутка памірае і яго ніхто так і не пабачыць.

Важна на першыя каментары ў любой сацсетцы даваць адказы.

Лепш даваць рэкламу на колькасць ангажаванняў, каментароў. Не варта штучна раздзьмуваць старонку пустымі, мёртвымі душамі. Гэта непатрэбна і неэфектыўна. Хай будзе менш падпісчыкаў, але яны будуць больш актыўнымі. Таму добрае вырашэнне — група ў Facebook, дзе вы можаце сабраць аднадумцаў. У “Свабоды” ёсць групы “Толькі пра мову”, “Толькі жанчыны”, “Толькі пра літаратуру”. Там па тысячы чалавек, і яны даюць столькі ж пераходаў, як і 130-тысячная старонка “Радыё Свабода”.

Facebook хоча, каб мы стваралі супольнасці, таму стымулюе стварэнне групаў і дыскусіі ў іх. Калі вы толькі пачынаеце ў Facebook, трэба добра падумаць, ці патрэбна вам старонка. Бо без грошай вы яе асабліва не раскруціце, а вось групу — можна. Старонка можа быць рэпрэзентатыўнай, як сайт. А ўсе дыскусіі кідаць у групы.

Раней медыя павінны былі інфармаваць. Сёння яны павінны будаваць супольнасць: гэта стварэнне групаў, інтэрактыўныя праекты — апытанкі, квізы, інтэрактыўная журналістыка.

Шмат хто пакутуе ад сітуацыі залішку кантэнта для сайта і недахопа кантэнта пад сацыяльныя сеткі. Ёсць кантэнт, які мы робім для стварэння аўдыторыі, трафіку: гэта “фастфуд”, навіны, то бок тое, што мы павінны рабіць, каб забяспечыць трафік. Але абавязкова павінен быць кантэнт, які стварае нам рэпутацыю. У яго можна інвеставаць шмат сродкаў, але нас будуць памятаць менавіта па гэтым. Ніхто не памятае, дзе прачытаў тую ці іншую навіну. Усе адзін у аднаго перадрукоўваюць. Але мы павінны ствараць нешта эксклюзіўнае, арыгінальнае.

У стратэгіі трэба пакідаць месца на тое і другое. У якой прапорцыі — залежыць ад вас.

Рэклама

Facebook-рэклама працуе па прынцыпу біржы. Рэкламадаўцы канкуруюць паміж сабой. Вы даеце суму грошай, Facebook скануе і ацэньвае, хто даў больш грошай на пост, дае рэйтынг рэкламнаму пасту. Калі вы далі больш, ваша рэклама будзе паказвацца вышэй. Калі ў гэты момант вы адзіны, хто дае рэкламу, няма канкурэнцыі, цана рэкламы будзе нашмат вышэйшая. Можна абхітрыць гэтую біржу. Напрыклад, калі вы даеце рэкламу працягласцю на месяц, ставіце 200 долараў на месяц, Facebook думае, што вы — вельмі добры спонсар, і паказвае вашу рэкламу высока. Праз два-тры дні вы выключаеце рэкламу, патраціўшы 2-3 долары ў дзень, але пры гэтым Facebook трымаў вашу рэкламу даволі высока.

У кожнай краіне свая біржа. У Беларусі самая дарагая біржа ў рэгіёне. У Беларусі падпісант у Facebook каштуе ад 4 да 10 цэнтаў. А ва Украіне — 0,5 – 5 цэнтаў.

Так адбываецца таму, што на беларускай біржы мала хто дае грошы, малая канкурэнцыя і заўжды высокія кошты. Калі мы будзем даваць шмат рэкламы, то цэны на Facebook-рэкламу будуць падаць. Гэта тычыцца Instagram, бо ў іх адна сістэма.

Калі вы даеце рэкламу на Instagram, не давайце ў Facebook — інакш будзе падвышацца цана і падаць эфектыўнасць. Калі вы даеце некалькі пастоў адначасова, таксама падае эфектыўнасць, таму што пасты канкуруюць адзін з адным на біржы.

Прагнозы

  1. Падкасты прыйдуць у Беларусь. Яны нядаўна зрабілі рэвалюцыю ў Славаччыне. Ніхто іх не слухаў, а адна рэдакцыя пачала рабіць, стварыла прэцэдэнт, а потым у людзей памяняліся паводзіны: людзі зранку, пакуль гатуюць сняданак ці чысцяць зубы, замест радыё пачалі ўключаць з кампутараў падкасты. Але нехта мусіў зрабіць прэцэдэнт і стварыць гэтую звычку. Цяпер кожнае медыя мае па 10-20 розных падкастаў. Усё гэта адбылося цягам 6 месяцаў.
  2. Чат-боты загавораць па-беларуску дзякуючы штучнаму інтэлекту.
  3. Twitter чакае новае жыццё.
  4. Сторыс з’явяцца на сайтах. Я ўжо бачыў на многіх амерыканскіх сайтах такі дызайн: “шапка”, меню і далей 6 круглых сторыс. То бок не сайты ўплываюць на сацсеткі, а сацсекті — на сайты.
  5. Месенджары будуць рабіць стрымы, ужо ў лістападзе Telegram і WatsApp запусцяць платформы для стрымаў.
  6. збіраецца ўвесці свой ньюс-фід, як на Facebook.
  7. будзе расці ў Беларусі.

Каментары