1170

Успамін пра сябра. Анатоль Мяльгуй — рамантык, апантаны музыкай і беларушчынай

29.04.2017 Крыніца: Эла Дзвінская для baj.by

На 60-тым годзе жыцця адышоў у вечнасць музычны крытык, актывіст Таварыства беларускай мовы, ганаровы сябра клуба “ Спадчына” Анатоль Мяльгуй.

Мы памятаем яго шчырым сябрам, удзельнікам падзей ў культурным і грамадскім жыцці. Да апошняга часу, нягледзячы на хваробу сэрца, ён наведваў прэзентацыі беларускамоўных выданняў, творчыя вечарыны, канцэрты вядомых музыкаў, выставы карцін і імкнуўся зрабіць яскравыя і эмацыйныя рэпартажы з падзей. Ён адзначаў выданне кнігі Алеся Бяляцкага “Бой з сабой” і Алега Трусава “ Гісторыя сярэднявечнай Еўропы”, вітаў выхад новага дыска Т. Дайнекі, гастролі  “Старога Ольсы” ў ЗША, рыхтаваў 25-гадовы агляд творчасці "Палаца”. Сваім аўтарытэтным і палымяным словам Анатоль Мяльгуй натхняў калегаў-журналістаў і сябраў ТБМ. Ён заўсёды меў шмат ідэй і планаў.

Спадар Анатоль быў аўтарам шматлікіх публікацыяў і крытычных матэрыялаў, прысвечаных праблемам нацыянальнай культуры, стану беларускай мовы ў краіне, сучасных музычных накірункаў у Беларусі.

Сумесна з журналістам Вітаўтам Мартыненкам у 1989 годзе ў выдавецтве БІНіМ (Нью-Ёрк) яны выдалі першую беларускую рок-энцыклапедыю «Праз рок-прызму». У 2006 годзе пабачыла свет іх сумесная кніга, прысвечаная сучаснай беларускай музычнай культуры: «222 альбомы беларускага року і ня толькі…». Грунтоўны том быў адзначаны спецыяльным прызам арганізатараў «Рок-каранацыі - 2006». У 2010 годзе выйшла кніга  “Беларускае слова ад спеву” у суаўтарстве Анатоля Мяльгуя, Элы Дзвінскай і Паўла Севярынца.

Анатоль Мяльгуй быў сябрам культурна-асветніцкага клубу «Спадчына». Узнагароджаны медалём Камітэту ўшанавання клубу «Спадчына» з выявай «Пагоні» за «…актыўную і плённую працу на ніве беларускай нацыянальнай журналістыкі, за смелае адстойванне права беларускага народу на дзяржаўны суверэнітэт» (1998), а таксама срэбраным пярсцёнкам з выявай «Пагоні» і дэвізам «Жыве Беларусь» за «…дабрачынны і самаахвярны ўклад у падрыхтоўку і выдан не альманаха "Скрыжалі "Спадчыны-4" (2005).

Таксама спадар Анатоль быў узнагароджаны медалём імя Яна Масарыка «…у падзяку за карыснае супрацоўніцтва ў паглыбленні беларуска-чэшскіх стасункаў» (2007).

Анатоль Мяльгуй з Вітаўтам Мартыненкам маглі гадзінамі распавядаць пра рэцэнзаваныя ў іх кнізе літаратурна-музычныя праекты беларускіх выдаўцоў, дзе ў розных жанрах сучаснай музыкі ажывала наша сучасная, класічная і архаічная паэзія: трыб'ют-альбомы меладычных песень на вершы Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Сяргея Новіка-Пяюна, аўтарскія кружэлкі папулярных артыстаў (Алеся Камоцкага, Вальжыны Цярэшчанкі, Таццяны Беланогай, гуртоў "Tesaúrus", "P.L.A.N.", "DeadMarsh") з новым гучаннем паэзіі Рыгора Барадуліна, Сяргея Законнікава, Яўгеніі Янішчыц, Уладзіміра Някляева, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна.  

Вераснёўскім вечарам 2010 года мы з Анатолем і Вітаўтам сустрэліся на фэсце “Камяніца” ў Азярцы пад Мінскам. Сябры супольна рабілі агульную справу. Па заканчэнні выступу фольк-калектываў пад зоркамі мы крочылі да аўтобуснага прыпынку, і па дарозе Вітаўт расказваў амаль дэтэктыўную гісторыю пра тое, як ён перапраўляў праз мяжу іх першую з Анатолем кнігу ў скрутку са шпалерамі, каб яна змагла быць выдадзенай на Захадзе, а Анатоль дзяліўся успамінамі пра ўдзельнікаў рок-клубу “ Няміга”.

Анатоль Мяльгуй і Вітаўт Мартыненка былі рамантыкамі,  апантанымі музыкай і беларушчынай, іх захапленні спалучаліся з прафесіяналізмам і адказнасцю.

Анатоль толькі на год перажыў свайго сябра і паплечніка Вітаўта, які сышоў з жыцця 17 красавіка 2016 года.

Анатоль Мяльгуй на развітанні з сябрам Вітаўтам Мартыненкам, які таксама сышоў заўчасна

“Толя нарадзіўся ў Мінску, — расказвае яго сястра Таццяна. — Нашы бацькі Леакадзія Вікенцьеўна і Мітрафан Вікенцьевіч працавалі на Мінскім аўтазаводзе, жылі ў Завадскім раёне. У школе па вучобе Анатоль не быў лепшым, але яго абралі старастам класа. Старэйшы за мяне на пяць гадоў, ён быў за няньку, і таму на ўсё жыццё застаўся лепшым сябрам. Для маіх дзяцей, сваіх пляменнікаў, ён стаў хросным бацькам. Гэта быў самы выдатны хросны бацька на свеце! Ён не прапускаў ніводнага свята, ні дня народзінаў, каб не прыйсці з падарункамі. Маці перанесла інсульт, і ляжала 13 гадоў, бацька даглядаў яе. Анатоль скончыў спачатку энергетычны тэхнікум, а затым паступіў у інстытут, але зразумеў, што гэта не яго шлях. І пайшоў на журфак БДУ. Пасля заканчэння ўладкаваўся на завод “Атлант” у шматтыражную газету, дзе ён афіцыйна працаваў да 2015 года”.

“Як сапраўдны беларус тата вельмі любіў нашу зямлю і прыроду, — гаворыць сын Станіслаў Мяльгуй. — Тата вучыў мяне быць добрым да кожнай жывой істоты на зямлі. Мне вельмі пашанцавала быць яго сынам. Аднойчы ён узяў мяне маленькім на канцэрт  “Крамы”, гэта паўплывала на мой светапогляд. Мы разам ездзілі ў грыбы, гулялі на свежым паветры і радаваліся адзін аднаму. Яшчэ мы любілі разам пафіласофстваваць і падумаць пра мінулае. Ён таксама цікавіўся новымі тэхналогіямі і ніколі не губляў смак да жыцця. Разам з ім мы любілі час ад часу пакаштаваць амерыканскага віскі.”

“Анатоль быў маім першым настаўнікам у журналістыцы, якому я ўдзячны за дапамогу, — кажа Андрэй Андрыеўскі. — Ён унес  у маю адукацыю ўсе асноўныя матывацыі, якія я сёння маю. Ён быў адным з лепшых журналістаў, якіх я бачыў у жыцці. У рубрыцы “Спадчына” ў газеце “Атлант” мы пісалі пра гісторыю розных гарадоў і параўноўвалі яе з сучаснасцю”.

Сябры і калегі смуткуюць, і выказваюць шчырыя спачуванні родным спадара Анатоля.Нам будзе яго вельмі не хапаць. Светлая памяць!

***

Анатоль Мяльгуй нарадзіўся 14 снежня 1957 года ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт ў 1989 годзе. З 1982 года працаваў пазаштатным карэспандэнтам  газеты «Чырвоная змена», быў адным з вядучых музычнай старонкі «Нотны аркуш» (разам з Вітаўтам Мартыненкам). У 1983–1993 гг.. Анатоль працаваў музычным аглядальнікам  газеты «Чырвоная змена».

У 1985 годзе Анатоль Мяльгуй стаў пераможцам І Усесаюзнага конкурсу знаўцаў рок-музыкі, арганізаваным часопісам «Студенческий меридиан» (Масква).

У 1986 – 1988  гг.. Анатоль быў старшынём мінскага рок-клубу «Няміга». Ён удзельнічаў у арганізацыі першых беларускамоўных рок-фэстаў «Тры колеры-І» (1986) і «Тры колеры-ІІ» (1987). У 1993 – 2001 ён выступаў як музычны аглядальнік шэрагу рэспубліканскіх выданняў, з1999 — музычны касультант лэйблу «БМАgroup». У 2001 – 2005 — вядучы музычных рубрык і аглядальнік газет «Новы Час», «Наша слова», «Знамя юности», «Белорусы и рынок», часопісаў «Дзеяслоў», «Роднае слова», ад 2005 года — музычны карэспандэнт і аналітык інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў».

Фота аўтара