292

Уладзімір Скрабатун: Людзям будзе не да газет

06.01.2021 Крыніца: Таццяна Смоткіна для BAJ.BY

Незалежная рэгіянальная газета “Вольнае Глыбокае” спыніла сваю дзейнасць, апошні нумар выйшаў 31 снежня. Выданне праіснавала роўна 26 гадоў.

Мы паразмаўлялі з выдаўцом і рэдактарам “Вольнага Глыбокага” Уладзімірам Скрабатуном пра складанасці, якія напаткалі рэдакцыю, і пра тое, ці магчыма нейкім чынам выратаваць выданне.

Апошнім часам газета выходзіла невялікім накладам, але ў лепшыя часы яе наклад дасягаў 5 000 экзэмпляраў.

—  Чаму вы вырашылі ўсё ж такі спыніць выдавецтва газеты і якое выйсце вы бачыце з гэтай сітуацыі?

— Газету няма дзе і няма каму прадаваць. Шматлікія прадпрымальнікі прадалі свае крамы, у якіх рэалізоўвалася наша газета, а новыя гаспадары не пагаджаліся прадаваць нашу газету. Гэта ў тых крамах, дзе яна прадавалася раней!

Сітуацыя такая — няма дзе прадаваць і няма каму. Некаторыя людзі, якія распаўсюджвалі газету ў сваіх крамах, памерлі. Шмат праблем нарабіў і каранавірус: па некалькі месяцаў былі закрытыя рынкі, дзе мы таксама распаўсюджвалі газету.

Падпіска была дзесьці 130-170 асобнікаў. На пачатку года людзі звычайна выпісвалі газету на шэсць месяцаў, і тады было шмат падпісчыкаў. А ўжо потым, хто — на тры месяцы, а хто на месяц выпісваў. Геаграфія падпіскі была вялікай: і Менск, і Ушачы, і Полацк, і Шаркаўшчына, і Паставы. Але вось колькасць падпіскі была не такая ўжо і вялікая.

Да таго ж сто экзэмляраў газеты прадавалі праз паштовыя аддзяленні Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Але гэта ўсё адно занадта мала.

Выдавец і рэдактар “Вольнага Глыбокага” Уладзімір Скрабатун. Фота: Таццяна Смоткіна

— Які быў наклад быў апошнім часам у газеты?

— 900 экзэмпляраў. Апошні нумар газеты выйшаў 31 снежня накладам 800 асобнікаў.

— Вы нават знізілі тыраж і ўсё адно стала нерэнтабельна выдаваць газету?

— Сэнс такі, ці 900 асобнікаў, ці мільён — праца абсалютна тая ж самая. Друк аднаго нумара газеты на 900 асобнікаў каштуе 435 беларускіх рублёў, а калі б было тысяча ці дзве тысячы, то гэта ўжо каштавала б 1000 рублёў. Дзе ўзяць такія грошы? У нас столькі рэкламы няма. Апошнім часам яна зменшылася на 90 %, і колькасць прыватных абвестак таксама. Народ збяднеў.

— Менавіта фінансавы чыннік стаў прычынай да яе закрыцця? У людзей у рэгіёнах няма грошай, каб падтрымліваць вашу газету?

— Так, няма грошай. А самая вялікая праблема тут у тым, што, як мне паведамлялі людзі, іх угаворваюць падпісвацца на дзяржаўныя газеты, у тым ліку на раённую.

Нам скардзіліся людзі і казалі, навошта нам раённая газета, калі мы хацелі б выпісаць “Вольнае Глыбокае”. Я вось нядаўна фатаграфаваў адзін дом на плошчы 17 Верасня, у ім да рэвалюцыі была друкарня. Там выдаваліся глыбоцкія газеты, друкаваліся кнігі. Я фатаграфую, і падыходзіць жанчына, пытаецца: а чаму вы наш дом фатаграфуеце, для чаго? Я распавядаю, што тут была  друкарня, можна павесіць шыльду. І раблю гэта для “Вольнага Глыбокага”. Тады яна кажа, што выпісвала нашу газету працяглы час, а потым сказалі, каб выпісвала толькі дзяржаўныя газеты. І з таго часу яна не выпісвае “Вольнае Глыбокае”. І гэта пенсіянерка, 71 год! Як вось можна пенсіянера прымусіць выпісваць не тое, што ён жадае, вось як, якія рычагі на пенсіянера?

— Такая сістэма ў нас зараз. Некаторыя людзі прызвычаіліся ўжо маўчаць і рабіць тое, што  ім скажуць. Цяпер у краіне вельмі складаная сітуацыя. Як вы лічыце, гэта таксама паўплывала?

— Гэта абсалютна да мінімуму зрэзала мне наклад, таму што пенсіянераў прымусілі выпісваць раённую газету. А пенсіянеры — гэта наш асноўны кантынгент, бо моладзь газеты не чытае. І калі тэлефануюць людзі і пытаюцца, чаму няма нас ужо ў каталогу, я чую, што гэта голас сталага чалавека.

— І ўсё ж такі ”Вольнае Глыбокае” — гэта гісторыя. Газеце больш за 25 год, а дакладней на каталіцкае Раство споўнілася ўжо 26 год. Не так проста ўзяць яе і закрыць назаўжды, можа, усё ж такі перайсці на электронны варыянт і рабіць сайт?

— Мы ўжо перайшлі,  зараз я працую над сайтам vglybokaye.by. Мы яго аднавілі, нейкі час ён быў закрыты. Зараз мы знайшлі сродкі і заплацілі за хостынг.

А газету нават няма сэнсу прыпыняць на некаторы час, бо далей у краіне будзе катастрофа, абрынецца эканоміка, і хто яе ўвогуле будзе  набываць? Людзям ужо будзе не да газет. І што, даць людзям надзею?

— А  калі паглядзець з  іншага боку, пазітыўна. Калі ўявіць, што ў Беларусі нарэшце зменіцца ўлада, якімі вы бачыце перспектывы, будучыню?

— Што ўлада зменіцца, я чую 26 гадоў. Я памятаю, як у 1994 годзе Зянон  Пазняк прыязджаў у Глыбокае, сустракаўся з актывам БНФ і казаў,  што Лукашэнка максімум тры гады прабудзе, яго проста “з’ядуць”, галоўнае  зараз перамагчы на парламенцкіх выбарах. З  таго часу прайшло  26 год! І колькі яшчэ гэта будзе цягнуцца?.. Добра, калі год ці  два. Рэвалюцыя не адбываецца за адзін дзень.

— Як  вы ацэньваеце тую сітуацыю, якая адбываецца з беларускімі  журналістамі і ўвогуле ў краіне? Ваш прагноз, колькі будзе доўжыцца падобная сітуацыя?

— Лукашэнка сказаў, што да ўсіх дабяромся, вось і пачынае дабірацца.  Вінаваты, невінаваты — дабіраецца да ўсіх.

Я разумею, што некалі гэта ўсё скончыцца, але ў тое, што цягам года, — не веру. Так, гэта ўсё скончыцца, і скончыцца нашай перамогай. Відавочна, што  Беларусь не можа быць той, якой была, яна будзе ўжо іншай.

А калі адбудуцца змены да лепшага, канешне, хацелася б рабіць файны сайт, у мяне ёсць пэўныя думкі на гэты конт. Гэта будзе сайт, які ўсеабдымна будзе асвятляць падзеі краю, яго праблемы, гісторыю. Напэўна, і відэаролікі будзем здымаць, каб прыцягнуць большую ўвагу да нашага выдання. Зараз думаем, абмяркоўваем. Спадзяюся, што ўсё будзе добра.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!