НЕ - ВАЙНЕ!
3899

Убачыць і захаваць — пад гэтым дэвізам ГА “БАЖ” запускае праект “Рэпартаж з заплечнiкам”

03.03.2016 Крыніца: Аўтары спецпраекта

— Вы, хлопцы, некуды едзеце ці проста едзеце?
Мы не зразумелі пытання, а гэта было шалёна добрае пытанне.

Джэк Керуак

Сябры, мы жывем у дзівоснай краіне. Дрымучых лясоў тут больш, чым гарадоў, а з большасці рэк і азёр можна піць, чэрпаючы ваду далонямі. Гісторыя паўсюль — ад каменя пры дарозе да апошняга жыхара паміраючай вёскі. Тут яшчэ гучаць песні, якія не запісвалі, — перадавалі з вуснаў у вусны, і праходзяць абрады са старажытным, моцна забытым сучаснікамі сэнсам.

Убачыць і захаваць — пад гэтым дэвізам ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" запускае праект “Рэпартаж з заплечнiкам”. Мы ідзем у падарожжа па нязведаным. Прывезеныя з падарожжаў матэрыялы дапамогуць разглядзець у чалавеку сусвет, адкрыць даўно забытую гісторыю, прыкласці нашы сілы да захавання культурнага, нацыянальнага і прыроднага багацця краіны.

Мы шукаем незвычайных людзей, адкрываем новыя месцы, інспектуючы прыродаахоўныя зоны, расказваем пра свае перамогі і знаходкі.

А крокі нашыя — з заплечнiкам: ГА "БАЖ" арганізуе падарожжы журналістаў у фармаце паходаў.

БАЖаўцы збіраюць заплечнікі і будуюць планы на аднадзённы паход па лясах каля Крыжоўкі, дзе на вогнішчы згарыць пудзіла Масленіцы, і ў пасёлак Ганалес, паводле якога хацелі назваць Мінскае мора. Месца тут прэстыжнае, але велізарны чатырохпавярховы дом, падобны да кінутага карабля, жыхароў не дачакаўся. Хто будаваў і чаму кінуў?..

Думаем і пра больш доўгія паходы — на байдарках і пешшу. Накірункамі і інфармацыйнымі нагодамі — забяспечым, сачыце за навінамі!

Наш праваднік — новы сябра ГА "БАЖ", турыст-прафесіянал, альпініст Яўген Дзікусар. За плячыма старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі Яўгена Дзікусара — паходы вышэйшай катэгорыі складанасці па гарах Палярнага Урала і Кадар, лыжныя падарожжы па Кольскім паўвостраве, узыходжанні на вяршыні горнага масіву Паміра-Алай (Фанскія горы), Каўказа і вулканаў Камчаткі. Пра яго падарожжы па Беларусі чытайце тут.

Ад удзельнікаў паходаў патрабуецца:
- Гатовасць прайсці маршрут цалкам;
- Адпаведная сезону турыстычная экіпіроўка;
- Неабходны ў паходзе рыштунак — ад нажа і запалак да спальніка і намёта;
- Уменне быць часткай каманды;
- Нататнік і дыктафон (нагадаем, ГА "БАЖ" не проста збірае ля вогнішча добрых людзей, але і дае інфармацыйныя нагоды для публікацый).

Харчаванне і праезд — за кошт удзельнікаў паходу.

Падрабязнасці будуць!

Далучыцца да суполкі "Рэпартаж з заплечнікам" у Facebook можна ТУТ.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!