НЕ - ВАЙНЕ!
437

«У выніку пратэстаў я згубіла сяброў і сваякоў». Адкуль узялася прапагандыстка Людміла Гладкая

27.09.2022 Крыніца: Радыё Свабода

Аўтарка «Советской Белоруссии» Людміла Гладкая цягам апошніх двух гадоў стала адной з найбольш заўважных пэрсонаў у дзяржаўнай прапагандзе. Менавіта Гладкая ў свой час стала практыкаваць жанр «журналісцкіх допытаў» затрыманых на маршах за справядлівыя выбары

ладкая трапляла нават на закрытыя паседжаньні, дзе судзілі апанэнтаў улады. Ня так даўно яе разам з Андрэем Мукавозчыкам прынялі ў афіцыйны Саюз пісьменьнікаў за кнігу «Изнанка мятежа». Разам з Рыгорам Азаронкам яны наведалі кнігарню «Кнігаўка» незадоўга да рэйду туды сілавікоў.

Свабода сабрала цікавыя факты зь біяграфіі Гладкай, паглядзела, якім быў яе шлях да цяперашняга становішча.

Маці-настаўніца падтрымлівае расейскую агрэсію

Людміле Гладкай 39 гадоў. Яна нарадзілася ў Ельску, невялічкім райцэнтры ў Гомельскай вобласьці. Рэгіён непасрэдна мяжуе з Украінай.

Маці прапагандысткі, Валянціна Гладкая, працавала настаўніцай гісторыі ў мясцовай базавай школе. Ня так даўно гэтую ўстанову закрылі, спадарыня Валянціна цяпер на пэнсіі.

Валянціна Гладкая (у дзявоцтве Нікіфарава) нарадзілася ў пасёлку Кяпельсега ў Карэліі. Яна неаднаразова ўваходзіла ў склад участковых выбарчых камісій у Ельску, вылучалася ад арганізацыі «Беларускі саюз жанчын».

Былая настаўніца актыўная ў сацыяльных сетках. У «Аднаклясьніках» ад пачатку вайны ва Ўкраіне яна лайкае допісы, якія падтрымліваюць дзеяньні Расеі. Шмат яе лайкаў на старонцы «Я люблю тебя, Россия».

«Калі расейскі народ пачынае аб’ядноўвацца, то няма майнейшага за яго народу», «Давайце падтрымаем нашых хлопцаў, якія цяпер робяць гісторыю, абараняючы мірнае насельніцтва Данбасу і Ўкраіны ад нацыстаў», «Сыночкі, з вамі ўся Расея», «Сьмерць бандэраўцам», «Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, трымайся, родны, мы з табой». Гэта далёка ня поўны пералік тых допісаў, якія лайкае Валянціна Гладкая.

Ёсьць там і выразы з матамі («Лаўроў сказаў, што санкцыі Расеі „по...й“»), якая былая настаўніца пакідае на сваёй старонцы, і параўнаньні Зяленскага з прэзэрватывам. Выглядае, што палітычныя погляды ў маці і дачкі даволі падобныя.

Бацька Людмілы Гладкай Леанід працаваў сталяром-станочнікам на мэблевай фабрыцы ў Ельску. У 1990-я сям’я на нейкі час пераяжджала ў Карэлію, на радзіму маці, Леанід там працаваў вальшчыкам лесу на фінскім прадпрыемстве, але потым атрымаў цяжкую траўму. Пасьля гэтага сям’я вярнулася ў Беларусь.

Працавала выхавацелькай у дзіцячым садку

Па сканчэньні дзявятай клясы Людміла паступіла ў Лоеўскую пэдагагічную вучэльню, якую скончыла па спэцыяльнасьці «Настаўніца малодшых клясаў». Па разьмеркаваньні працавала выхавацелькай у дзіцячым садку вёскі Старое Высокае Ельскага раёну. Потым вучылася ў Мазырскім пэдагагічным унівэрсытэце.

Аднак увесь гэты час Людміла марыла не пра кар’еру настаўніцы, як у маці, а пра журналісцкую працу. Яна дасылала матэрыялы ў ельскую раёнку «Народны голас», у іншыя рэгіянальныя і рэспубліканскія выданьні.

У 2005 годзе Гладкая працуе настаўніцай у Менску. У 2008-м — культарганізатарам у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Эўрыка».

Урэшце ў 2011 годзе яна ўладкоўваецца аглядальнікам у часопіс «Милиция Беларуси», які ўваходзіў у адну структуру зь міліцэйскай газэтай «На страже». Знаёмыя з Гладкай журналісты дзяржаўных СМІ кажуць Свабодзе, што з таго часу ў яе і засталіся сувязі сярод сілавікоў.

У «СБ» прывёў Рудзь

У 2013 годзе зьяўляецца першы матэрыял Людмілы Гладкай (часам яна выкарыстоўвала псэўданім Андрэева) у «Советской Белоруссии». Яна трапляе ў аддзел «спэцыяльных расьсьледаваньняў», які ўзначальваў Раман Рудзь. Менавіта Рудзь, са словаў Гладкай, і прывёў яе ў выданьне Адміністрацыі прэзыдэнта.

«Вось дзяўчынка піша, давайце возьмем», — перадавала словы Рудзя тагачаснаму рэдактару «Советской Белоруссии» Паўлу Якубовічу сама Гладкая.

Як сказалі нам калегі Гладкай, вельмі часта пад «расьсьледаваньнямі» мелася на ўвазе перапісваньне прэс-рэлізаў ад сілавых структур, а ня пошук унікальнай інфармацыі. «Здараліся нават выпадкі, калі калегі зь недзяржаўных СМІ пазнавалі ў матэрыялах Гладкай свае публікацыі, дзе нават знакі прыпынку супадалі», — кажуць калегі.

«Чаму ты гаварыла па-беларуску?»

Вядомасьць да Гладкай, як і да Ксеніі Лебедзевай, прыйшла ў 2020 годзе. Журналістка «Советской Белоруссии» была адной зь нямногіх прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, хто ўзяўся асьвятляць пасьлявыбарчыя пратэсты.

«Сёньня праваахоўнікам спатрэбілася ўсяго некалькі гадзін, каб ачысьціць горад ад адкрытай мярзоты. Як заўсёды, спрацавалі ювэлірна», — пісала Гладкая 8 лістапада 2020 году. Такі стыль з абразамі яна захавала і ў далейшым, напрыклад, таксама «мярзотай» называла палітзьняволенага анархіста Міколу Дзядка.

Людміла Гладкая вынайшла жанр «журналісцкага допыту» з затрыманымі падчас акцый пратэсту.

25 сакавіка 2021 году Гладкая дапытвалася ў 23-гадовай студэнткі Інстытуту сучаснага мастацтва Марыі Ціханавай, чаму тая гаворыць па-беларуску. Гладкая таксама брала інтэрвію ў палітвязьня, студэнткі Анастасіі Булыбенкі. На ілбе ў дзяўчыны было намалявана чырвонае сэрца.

Санкцыі ад ЭЗ, падзяка ад Лукашэнкі

«У выніку тых падзей я згубіла сяброў і далёкіх сваякоў», — прызнавалася прапагандыстка. Яна казала, што ў час пратэстаў пагаджалася на любыя інтэрвію — для «Луганску-24», для расейскага прапагандыста Ўладзіміра Салаўёва.

Паводле зьвестак «Кібэрпартызанаў», Гладкая мае кватэру ў Чыжоўцы, дзе атрымліваюць жыльлё работнікі дзяржаўных газэт.

Гладкай удалося трапіць на закрытае паседжаньне па крымінальнай справе Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча, Ігара Лосіка і іншых. Туды нават не траплялі сваякі людзей, якія сядзелі на лаве падсудных.

Увесну 2022 году журналістка «СБ» езьдзіла ў камандзіроўку на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны. Гладкая была сярод тых, хто наведаўся ў кнігарню «Кнігаўка» перад прыходам туды супрацоўнікаў ГУБАЗіКу, спрабавала яна праінспэктаваць і бар «Каліноўскі», атакавала замежных дыпляматаў.

Гладкая была адной з пацярпелых у крымінальнай справе Юрыя Дрэка, які напісаў на плоце «СБ, с..., бойцеся». У выніку мужчына атрымаў адзін год «хіміі».

У сьнежні 2021 году Гладкая трапіла ў санкцыйны сьпіс Вялікай Брытаніі, а летам 2022 — Эўразьвязу і Швайцарыі. А вось з боку афіцыйных беларускіх уладаў яна мае толькі ўзнагароды і заахвочваньні — «Залатое пяро», «Залаты зубар», а таксама падзяку ад Лукашэнкі.

Чытайце яшчэ:

Руководитель «Трибуны» запускает школу видеоблогеров для белорусов

«Падчас практыкі давалі пісаць выключна пра заблукаўшых у лесе і тапельцаў»: з якімі праблемамі сутыкаюцца пачаткоўцы-журналісты

Google, Meta і Microsoft паабяцалі тэхнічную падтрымку незалежным медыя Беларусі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!