669

«У Тайляндзе пэнсіянэрка памерла ад страху». Як дзяржаўныя СМІ (не)паведамлялі пра трагедыю падчас салюту

04.07.2019 Крыніца: Svaboda.org

Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.

Паводле відавочцаў, некалькі снарадаў разарваліся занадта нізка. Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына 1955 году нараджэньня. Яшчэ прынамсі тры чалавекі пацярпелі.

Салют пасьля параду распачаўся пасьля 22-й гадзіны.

У 22.27 у сацсетках зьявілася першае паведамленьне, што запускі салюту адбыліся падазрона нізка, што справакавала вельмі моцны шум. Але нібыта «нічога ня здарылася».

У 22.48 тэлеграм-канал блогера Nexta паведаміў, што адна з салютных ракетаў паляцела «не туды, куды трэба» і аскепак ад яе трапіў у жанчыну.

23.05. Пра здарэньне паведамляе Tut.by, сьледам за ім іншыя незалежныя мэдыя.

23.53. На месца здарэньня прыбыў карэспандэнт Свабоды. Там ужо працавалі сьледчыя. Але сьвяточны канцэрт ля стэлы «Менск — горад герой» усё яшчэ працягваўся.

Дзяржаўныя СМІ маўчаць. АНТ працягвае трансьляцыю канцэрту.

0.30. На сайце газэты прэзыдэнцкай адміністрацыі «СБ. Беларусь сегодня» зьяўляецца вялікі сьвяточны фотарэпартаж з параду.

0.54. Першае афіцыйнае пацьверджаньне здарэньня — Сьледчы камітэт паведаміў пра сьмерць жанчыны. Праз 2 хвіліны ўжо пра 4 пацярпелых паведамляе Мінабароны.

0.55. Праз хвіліну пасьля афіцыйнага паведамленьня зьяўляецца першая інфармацыя ў дзяржаўных СМІ — ад інфармагенцтва БелТА. Яно цытуе заяву СК пра «здарэньні ў Менску» і сьмерць жанчыны, якая «назірала за салютам на беразе ракі Сьвіслач і была паранена». Ніякіх падрабязнасьцяў і ўдакладненьняў, што сьмерць — вынік салюту. Першапачатковы загаловак «В Минске во время фейерверка погибла женщина​» пазьней замянілі на «Следственно-оперативные группы работают на местах происшествий в Минске».

Першапачатковы загаловак навіны БелТА у кэшы Google

У начной стужцы навінаў пра яго паведамляецца, але пад загалоўкам «Следственно-оперативные группы работают на местах происшествий в Минске» (пра загінулую і параненых згадваецца ў тэксьце, «Наша ніва» адзначае, што пачатковы загаловак навіны быў пра тое, што жанчына загінула). В Минске во время фейерверка погибла женщина

1.52. Сайт тэлеканалу АНТ публікуе навіну «Пэнсіянэрка памерла ад страху падчас прагляду фільма жахаў у Тайляндзе». Ні слова пра здарэньне ў Менску.

2.04 Больш як праз гадзіну навіна з афіцыйнай інфармацыяй СК зьяўляецца на сайце «СБ. Беларусь сегодня».

Галоўная старонка сайту газэты «СБ. Беларусь сегодня». Па стане на 9:50 4 ліпеня паведамленьня пра здарэньне падчас салюту няма сярод галоўных навін

7.00. У ранішнім выпуску навінаў на тэлеканале «Беларусь 1» выйшаў 7-хвілінны сюжэт пра парад і сьвяткаваньні ў Менску. Але ні слова пра трагічнае здарэньне.

На 8.10 на сайце БелТА здарэньне — ня ў ліку важных навінаў. У беларускай, ангельскай, гішпанскай і кітайскай вэрсіях сайту гэтай навіны няма. У артыкуле «Картина дня» здарэньне ня згадваецца.
 

Адзіная навіна пра здарэньне на сайце БелТА па стане на 8:05 4 ліпеня

Адзіная навіна пра здарэньне на сайце БелТА па стане на 8:05 4 ліпеня

9.00. У навінах БТ і АНТ зусім ня згадваецца здарэньне. Асноўныя тэмы навінаў «Беларусь-1» — як прайшоў парад (пра здарэньне ня кажуць), як будынкі ў Дубаі і Тбілісі афарбавалі падсьвятленьнем у чырвоныя і зялёныя колеры, як выступае тэнісістка Вікторыя Азаранка. У навінах АНТ пасьля апісаньня параду ў Менску і рэгіёнах згадвалі засуху ў Літве.