НЕ - ВАЙНЕ!
1362

“У студэнта не павінна быць рамантычных уяўленняў пра журналістыку”

17.05.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Оскар Ціфенталь (Oscar Tiefenthal) працаваў шмат у якіх газетах, у тым ліку “Welt am Sonntag” (нядзельны выпуск “Die Welt”), дзе з 1990 па 2002 гады быў галоўным рэдактарам і кіраўніком службы навінаў. Цяпер ён кіруе Пратэстанцкай школай журналістыкі ў Берліне. 

Навучальную ўстанову амаль цалкам фінансуе пратэстанцкая царква. Але адзіная праява “пратэстантызму” школы – у імкненні выхаваць у сваіх студэнтаў абвостранае пачуццё адказнасці, сцвярджае дырэктар.

– Каталікі, пратэстанты, мусульмане, няверуючыя – нам усё адно. Толькі 5% нашых студэнтаў пасля ідуць працаваць у царкоўныя медыя. Адзінае, чаго мы хочам ад іх, – гэта адкрытасць у поглядах. Этыка – цэнтральны пункт нашага навучання. Мы стараемся давесці сваім навучэнцам, што яны маюць не проста набор прафесійных інструментаў, але і адказнасць перад грамадствам. Дыскусіі на гэтую тэму ў нас адбываюцца штотыдзень.

Па словах Оскара Ціфенталя, шляхоў у журналістыку ў Германіі некалькі: навучанне ва ўніверсітэце на адпаведным факультэце, спецыяльная прафпадрыхтоўка пры нейкай медыякампаніі (vocational training), а таксама школа журналістыкі, якая найперш арыентаваная на практыку.

Ты не абавязаны адвучыцца ва ўніверсітэце на “журналістыцы”, але практычную спецпадрыхтоўку прайсці мусіш – канешне, калі хочаш, каб з табой лічыліся працадаўцы.

– Нават калі ты прафесар – ты павінен прайсці практычнае навучанне, – кажа Оскар. – У нас некаторыя студэнты – дактары філасофіі. Ніякай розніцы.

Факультэты журналістыкі ў Германіі ёсць ва ўніверсітэтах Дортмунда, Лейпцыга і Майнца. Школ журналістыкі – каля дзясятка, у асноўным у вялікіх гарадах. Гэта, можна сказаць, элітныя ўстановы.

Навучанне ў Пратэстанцкай школе журналістыкі – бясплатнае. Але трапіць у лік навучэнцаў даволі складана. Хочуць трапіць туды сотні, а выпускнікоў не больш за 30-40 на год. “Выпускных іспытаў па заканчэнні нашай школы няма. Калі нехта не супрацоўнічае з намі – ён вылятае. Калі “не цягне” – таксама вылятае”, – кажа Оскар Ціфенталь.

– Мы самі вырашаем, каго хочам навучаць. Бярэм не кар’ерна-арыентаваных, а тых, хто сапраўды цікавіцца медыямі. 18-19-гадовых не прымаем. Нам трэба, каб чалавек ужо дакладна ведаў, чаго хоча ў жыцці, і каб у яго не было рамантычных уяўленняў пра журналістыку. Мы працуем з дарослымі людзьмі і размаўляем з імі па-даросламу. Звычайна нашым вучням ад 25 да 30 гадоў.

Па словах кіраўніка школы, важны крытэр – дзе вучыўся студэнт дагэтуль і ці скончыў ён сваю навучальную ўстанову.

– Мне ўсё роўна, што ён вывучаў. Я хачу ведаць, што ён нешта скончыў. Мне не патрэбныя лузеры, якія стараюцца хоць некуды прыстроіцца.

У Пратэстанцкай школе журналістыкі ў Берліне вучацца 22 – 24 месяцы. Навучальны працэс базуецца на чаргаванні тэарэтычных заняткаў (па 2 месяцы) і практычных трэнінгаў-стажыровак у СМІ (па 3 месяцы). Кожны навучэнец павінен прайсці трэнінгі ў розных відах медыяў: і на радыё, і на тэлебачанні, і ў анлайн-рэдакцыях, і ў друкаваных СМІ.

Штогод навучэнцы выпускаюць свой школьны часопіс “Einstein”, рыхтуюць уласныя мультымедыя-праекты (напрыклад, “So wird Berlin” – пра тое, што будзе з Берлінам праз 20 гадоў). У школе ёсць радыё- і тэлестудыя з прафесійным абсталяваннем.  

– Студэнты павінныя ўмець рабіць усё – гэты бізнэс развіваецца вельмі хутка. Калі я пачынаў сваю кар’еру, было вельмі проста атрымаць працу ў рэдакцыі з добрым заробкам. Сёння большасць студэнтаў пачынае працаваць як фрылансеры, якія мусяць умець усё – тады ў іх лепшыя шанцы ўладкавацца ў прафесіі. Мы спрабуем даць медыярынку тых людзей, якія яму патрэбныя, – рэзюмуе дырэктар.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!