2362

“У Швецыі любы чалавек можа назвацца журналістам і пачаць зарабляць…”

14.05.2016 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Фрэдрык Нэйман і Мікаэль Бэрлінг прэзентавалі ў Мінску шведскі падручнік для фрыланс-журналістаў “Frilans handboken”. Гаворка на сустрэчы пайшла пра самае набалелае – аплату працы і абарону аўтарскіх правоў.

Фрэдрык Нэйман і Мікаэль Бэрлінг – вядомыя шведскія журналісты, якія раней працавалі ў розных друкаваных выданнях і інфармацыйных агенцтвах. Але прыкладна 15 гадоў таму кожны вырашыў адмовіцца ад стаўкі ў СМІ распачаць уласную фрыланс-кар’еру. Журналісты кажуць, што так ім удаецца зарабляць больш і ўразнастайваць сваю працу.

Раней у Швецыі фрылансерам можна было наогул не рэгістравацца. Зараз жа ты мусіш зарэгістраваць прыватнае прадпрыемства альбо акцыянернае таварыства. Але гэта вельмі лёгка – усё можна зрабіць за паўдня.

А яшчэ ў Швецыі любы чалавек можа назваць сябе журналістам і пачаць зарабляць у гэтай сферы. Бо немагчыма камусьці дазволіць пісаць, а камусьці – забараніць.

Фрылансер – гэта журналіст-прыдпрымальнік

Сёння мы не толькі журналісты, але і аўтары падручнікаў, медыятрэнеры, часам нават працуем рэдактарамі для нейкіх выданняў. Але фрыланс-журналістыка застаецца нашым асноўным штодзённым заняткам і спосабам зарабляць.

Ва ўсім свеце ў апошнія гады наклады друкаваных выданняў зніжаюцца, людзі ўсё больш навінаў і меркаванняў чытаюць у інтэрнэце. Істотна скарачаецца і колькасць штатных журналістаў. Медыя вельмі зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з фрыласерамі. Многія сённяшнія студэнты-журналісты ў Швецыі ўжо зараз дапусцаюць, што ім ніколі не давядзецца працаваць у штаце.

Канешне, фрыланс – гэта свабода выбару. Ты можаш пісаць маленькія артыкулы для аднаго выдання і вялікія гісторыі – для іншага, займацца зусім рознымі тэмамі, рабіць радыёперадачы і нават здымаць фільмы. Самае галоўнае – вырашыць для сябе, што ты будзеш рабіць, у якім фармаце. І навучыцца гэта рабіць вельмі добра.

У шведскіх СМІ звычайна журналіст штомесяц атрымлівае вызначаныя грошы незалежна ад таго, колькі матэрыялаў падрыхтаваў. Фрылансер жа зарабляе толькі за канкрэтную працу. Калі ты атрымліваеш шмат заданняў ад розных рэдакцый, то завалены працай. А калісьці можаш наогул нічога не атрымаць. Усё залежыць ад цябе, тваёй самаарганізацыі, таленту, асабістых кантактаў.

Мы ў сваёй кнізе “Frilans handboken” шмат увагі звяртаем на тое, што фрылансер – гэта адначасова і журналіст, і прыдпрымальнік.

Не заўсёды добры журналіст аўтаматычна робіцца добрым фрылансерам. Калі ты не можаш прадаць свой прадукт, прапанаваць свае паслугі рэдактару, зацікавіць выданне, то твой прадукт застаецца незапатрабаваным.

З чаго пачаць і як выжыць?

Знайсці ўласныя “фішкі”

– Першае, што варта зрабіць журналісту, калі ён вырашае стаць фрылансерам, – вызначыць, дзе могуць быць яго кліенты, яго заказчыкі, яго патэнцыйныя працадаўцы. Адным словам – каму ён можа быць цікавы.

Наступнае пытанне, якое трэба задаць сабе, – што шукае рэдакцыя, калі звяртаецца да цябе-фрылансера? Што эксклюзіўнага ты можаш прапанаваць выданню? У чым будзе твая “фішка”?Напрыклад, новая ніша для фрылансераў у Швецыі – пісаць з маленькіх населеных пунктаў у нацыянальныя СМІ. Асабліва калі гаворка ідзе пра выданні, што цікавяцца рэгіянальнымі адметнасцямі ў пэўнай сферы.

Разам з тым, расце і канкурэнцыя. Таму фрылансеру трэба кожны дзень шукаць ў сабе новыя здольнасці і плюсы.

Магчыма, у цябе не журналісцкая, а нейкая іншая спецыялізаваная адукацыя? У ншым аб’яднанні, напрыклад, ёсць жанчына, якая па адукацыі – медык. І праз сваё дасканалае веданне медычнай сферы яна рыхтуе вельмі грунтоўныя і дакладныя матэрыялы пра медыцыну.

Трымацца разам

Фрылансеры ў Швецыі, пры ўсёй сваёй самастойнасці, вельмі часта аб’ядноўваюцца ў невялікія саюзы. Гэта вельмі зручна, калі гаворка ідзе пра каворкінг, супольнае карыстанне тэхнікай і г.д.

Да таго ж, прыналежнасць да нейкага вядомага аб’яднання дадае журналісту статуснасці. Суразмоўца разумее, што ты не проста нейкі дылетант з хатняй адукацыяй, а належыш да прафесійнага журналісцкага аб’яднання.

Напрыклад, наша аб’яднанне называецца “Сіні офіс”. Мы здымаем будынак у самым цэнтры Стакгольма. Тут фрылансеры сумесна плацяць за арэнду, сувязь і гэтак далей. Пры гэтым мы ўсе займаемся кожны сваёй тэмай, сваім жанрам, працуем для розных СМІ.

Вялікі плюс сумесных офісаў – магчымасць размяжоўваць працу і адпачынак: дома жыць, а ў офісе працаваць. Бо вельмі часта людзі, якія працуюць дома, звычайна працуюць з раніцы да вечара і проста не могуць упарадкаваць свой час. Але ў кожнага свой густ.  У гэтым таксама перавага фрылансера.

Таксама кааперацыя ў маленькія журналісцкія аб’яданні можа прыводзіць да атрымання нечаканых замоваў і новай працы. Таму выдаткі на сумесную арэнду офіса вельмі часта акупаюцца. Таму на ўступленне ў наш “Сіні офіс” ужо чарга...

Таксама ў сваім офісе мы час ад часу ладзім супольныя тусоўкі, вечарыны, фуршэты – для абмену інфармацыяй і кантактамі. На такія мерапрыемствы любы наш чалец можа прывесці сяброў-журналістаў альбо нават рэдактараў. І не выключана, што пасля колькіх сумесных шкляначак у цябе падпішуцца новыя кантракты...

“Засвяціцца” паўсюль і правільна сфармаваць прайс

Калі журналіст працаваў у штаце, яго брэндам была яго газета. Зараз брэнд для фрылансера – гэта ён сам, яго старонка, яго ўласнае імя, яго досвед. Таму журналістам-фрылансерам вельмі важна мець акаўнты ва ўсіх сацыяльных сетках, выкарыстоўваць іх для самарэкламы і распаўсюджваць там свае кантакты.

Таксама вельмі важна мець добрую ўласную старонку ў інтэрнэце і візітныя карткі ў кішэні. Камусьці падасца, што візіткі ўжо адышлі ў мінулае стагоддзе. А камусьці, хто іх мае і трапна пакіне патэнцыйнаму замоўцу, яны прынясуць грошы. Можа, і немалыя.

Таксама для фрылансера вельмі важна ўмець правільна сфармаваць прайс на свае паслугі. У гэтай сферы не можа быць нейкіх “сярэдніх” лічбаў – усё залежыць ад эксклюзіўнасці таго ці іншага задання, тэмы, кваліфікацыі. Але фрылансер заўсёды павінен ведаць, якія грошы ён хоча атрымаць за сваю працу і якія дадатковыя выдаткі будзе прасіць пакрыць працадаўцу. Плюс да гэтага – заўсёды трэба да ўсіх дробязяў абмяркоўваць тую працу, якую пагаджаешся зрабіць. Бо бываюць выпадкі, калі ты працаваў над тэмай пэўны час, а пры здачы матэрыялу рэдактар раптам кажа, што хоча яшчэ і каментар нейкай асобы. Альбо фотаздымак. Альбо відэа ў дадатак. Таму усё гэта неабходна абмяркоўваць ад самага пачатку.

Калі рэдактар не заплаціў – журналісты пра яго распавядуць

Пасля выступу шведскіх журналістаў беларускія калегі змаглі падзяліцца ўласным досведам працы ў якасці фрылансераў, а таксама задаць шэраг важных пытанняў. У прыватнасці, датычна заканадаўчай базы, аўтарскага права і стасункаў паміж журналістамі і рэдакцыямі.

– Я напісаў некалькі артыкулаў у вядомае недзяржаўнае беларускае выданне, а калі прыйшоў за ганарарам, рэдактар мне сказаў, што грошай у яго няма, – паскардзіўся адзін з беларускіх калег.

– У Швецыі такія выпадкі таксама здараюцца, але пра іх журналісты не саромеюцца казаць. Дзякуючы сацыяльным сеткам інфармацыя пра такія паводзіны таго ці іншага рэдактара вельмі хутка становіцца шырока вядомай. А сапраўды добрая рэдакцыя, з якой варта супрацоўнічаць, заўсёды цэніць уласнае імя і аўтарытэт сярод калег. І ніколі так паступаць не будзе, – адказвае Фрэдрык Нэйман.

Удзел у прэзентацыі браў юрыст Аляксандр Жук, які часта супрацоўнічае з ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” па пытаннях аўтарскага права. Ён адказаў на некаторыя пытанні прысутных, звязаныя з беларускім заканадаўствам, а таксама заклікаў калег ніколі не заставацца ў статусе пакрыўджаных.

– ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” заўсёды гатовая дапамагчы сябрам арганізацыі ў тых ці іншых юрыдычных пытаннях, звязаных з прафесійнай дзейнасцю журналістаў, у тым ліку і фрылансераў. Таму не варта баяцца стаць фрылансерам. А калі хтосьці парушыць твае правы – мы заўсёды гатовыя падрыхтаваць адпаведную позву ў суд. Не важна, тычыцца гэта гаспадарчых пытанняў ці аўтарскага права, – падсумаваў Аляксандр Жук.

Абмяркоўвайце ў каментах!!!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!