НЕ - ВАЙНЕ!
517

«У параўнаньні з 2020-м гэта проста пекла». Фатограф адбыў арышт за тое, што праходзіў каля месца сьвята для ўкраінскіх дзяцей

15.07.2022 Крыніца: Радыё Свабода

27 чэрвеня ў Гомлі плянавалася сьвята для дзяцей украінскіх уцекачоў. Ініцыятарам яго была ўкраінка Аліса, якой у гэты дзень спаўнялася 9 гадоў. Яна хацела сьвята з конкурсамі і прызамі, разам зь іншымі дзецьмі зрабіць «галубоў міру». На сьвята прыйшла міліцыя.

Затрыманьні ў Гомлі, 2020 год

У ізалятары апынуліся пэнсіянэрка Ала Караленка (7 дзён арышту) і фатограф Сяргей Лысенка (15 дзён). Яшчэ адна жыхарка Гомля атрымала штраф.

Фатограф Сяргей Лысенка расказаў блогу «Галасы» пра свае «суткі». Свабода перадрукоўвае гэты тэкст.

«Ішоў на пляж зь нявесткай і ўнукам, апынуўся ў ізалятары»

У той дзень Сяргей Лысенка дамовіўся зь нявесткай і ўнукам схадзіць на пляж. У парку ён заўважыў пачатак дзіцячага сьвята і хацеў зрабіць некалькі здымкаў.

«Потым пайшоў на пляж, мяне паклікалі зь міліцыі, і ўсё — паехаў у ізалятар часовага ўтрыманьня. Мне здаецца, у параўнаньні з 2020 годам цяпер у ІЧУ проста пекла для палітычных. Алькаголікам і крымінальнікам там можа ўсё, палітычным — нічога», — кажа фатограф.

Ён сядзеў зь іншым «палітычным», якога затрымалі за камэнтары. «Telegram — зло», — зазначыў Сяргей.

Самае цяжкае для яго было даваць рады холаду. Цёплых рэчаў не давалі, з пляжу Сяргея забралі ў шортах і футболцы. Так і сядзеў.

Палітычным не выдавалі ані матраца, ані падушкі, бялізны, ручніка.

«„Не паложана“. Спаў на падлозе ці на падвоканьні — драўляным корабе для трубы ацяпленьня. Перамяшчэньне па ізалятары — у кайданках, у знакамітай у СССР турэмнай позе „журавель“. Родныя спрабавалі перадаць адзеньне і тапкі — „не паложана“. Усе 15 сутак так і сядзеў — у чым на пляжы быў», — кажа ён.

 

«Лекарка перадала праз канвойнага палачку, намазаную зялёнкай»

Днём палітычных правяралі чатыры разы, ноччу — два. Будзілі, каб спытацца прозьвішча. «Да «пасадкі» Сяргей атрымаў траўму на ровары, прасіў там мэдыцынскай дапамогі. Кажа, што праз тыдзень пасьля просьбы прыйшла лекарка, памазала зялёнкай.

«Другі раз яна проста перадала палачку, намазаную зялёнкай, праз канвойнага», — кажа фатограф.

У ізалятары «палітычным» не дазвалялі чытаць кнігі, іх не вадзілі ў душ, не перадавалі перадачы.

«Проста там нічога нельга. Толькі хадзіць па камэры. Сядзець, ляжаць удзень таксама нельга. Крымінальнікі, алькаголікі — ім можна сядзець, ляжаць, ім можна гарбату, цыгарэты. „Палітычным“, выдавалі „казённую“ туалетную паперу — 70 сантымэтраў на дзень. Як яны вылічылі такую норму? Незразумела», — дадаў Сяргей.

 

Як дзяржаўныя СМІ пракамэнтавалі разгон дзіцячага сьвята

Па вэрсіі дзяржаўных СМІ, ніякіх украінскіх дзяцей у парку не было. Як піша «Гомельская праўда», там былі беларускія дзеці і «бэчэбэшнікі». «Прыкрываючыся дзецьмі, бчб-шнікі прасоўвалі ідэі нацызму», — сьцьвярджае выданьне. Па вэрсіі аўтара артыкулу, на «сьветлым сьвяце выкарыстоўвалі сымболіку дзяржавы, дзе ідуць ваенныя дзеяньні». Гаворка ідзе пра шарыкі жоўтага і сіняга колеру.

У затрыманай Алы Караленкі супрацоўнікі дзяржаўных СМІ пад запіс выведвалі: «Колькі вам заплаціў ваш куратар, каб вы сабралі людзей?». На яе адказ, што ўдзел у мерапрыемстве быў бясплатны і добраахвотны, прапагандысты адрэагавалі так: «Бачыце, як яна актывізавалася, калі зайшла гаворка пра грошы і куратара!».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!