515 0

У Лунінцы журналісты дапамаглі сабраць грошы на лячэнне цяжка хворага дзіцяці

17.03.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

— Хворых людзей шмат. Але калі на партале “Медиа-Полесье” надрукавалі гісторыю пра гэтага хлопчыка, менавіта яму захацелася дапамагчы, — гавораць удзельнікі дабрачыннай акцыі ў Лунінцы.

У многім наша жыццё залежыць ад выпадковасцяў. Так выпадкова рэдактар сайта “Медиа-Полесье” Святлана Гарда пазнаёмілася ў маршрутцы з маленькім Дзімам Канановічам.

— Па дарозе ў Мінск хлопчык у медыцынскай масцы ўвесь час ціха сядзеў на руках маці, — распавяла сп. Святлана. — А потым, стаміўшыся, нечакана адвёў яе рукі і прылёг на мае калені. Пранікнёным поглядам дзіця прасіла даць яму паляжаць… Бледны твар, на вачах — ні адной вейкі. І броваў няма…

Вольга Канановіч ехала з трохгадовым сынам ў дзіцячую клінічную бальніцу ў Бараўляны. Дыягназ — анкалогія, якую медыкі разглядзелі толькі на 4-й стадыі. Дзіцяці паставілі 6 блокаў хіміятэтарпіі і рыхтавалі да аперацыі. Каб трансплантыцыя прайшла паспяхова, патрэбны курс йодатэрапіі. Сям’я заключыла дамову з навукова-клінічным цэнтрам дзіцячай гематалогіі, анкалогіі і імуналогіі ў Маскве. Кошт курсу — 16 тысяч даляраў. Такіх грошай у маладых бацькоў, у якіх, акрамя сына, расце паўгадовая дачушка, няма. Сям’я — у адчаі.

Рэдактарка прызнаецца, што ўсю ноч бачыла ў сне хлопчыка з маршруткі, а раніцай гісторыя пра маленькага Дзіму з’явілася на “Медиа-Полесье”.

Як толькі малыш вярнуўся з Бараўлянаў, карэспандэнты сайта наведалі Канановічаў у вёсцы Манасеева і выпусцілі відэсюжэт пра тое, як бацькі змагаюцца за жыццё сына.

— Пасля выхаду відэароліка шмат людзей адгукнулася: прыязджалі дамоў, перарлічвалі грошы на дабрачынны рахунак. Многія землякі пісалі на сайт і шукалі магчымасць пераводу грошай з-за мяжы, — дадае Святлана Гарда.

Свой фінансавы ўнёсак зрабілі таксама сябры Лунінецкай філіі БАЖ і прадстаўнікі Пінскай супулкі. А старшыня Лунінецкай філіі Алена Насковіч распачала збор грошай у якасці валанцёра.

Скарбонка папаўнялася. Каб грошай дакладна хапіла, журналісты “Медиа-Полесья” разам з кіраўнікамі дзіцячых творчых калектываў ініцыявалі дабрачынны канцэрт. Мерапрыемства актыўна анансавалі. Прайшло яно ўдала, пры пойнай залі гледачоў. За вечар сабралі 1 518 долараў і выйшлі на патрэбную суму!

30 сакавіка маленькі хлопчык з Лунінецкага раёну пачне лекавацца ў Маскве.

— Мы самі вызначаем місію сваіх СМІ. Сёння наша функцыя значна большая, чым збор і распаўсюд інфармацыі, — канстатуе Святлана Гарда. — Я пераканалася: свет не без добрых людзей. І трэба толькі падказаць ім, каму дапамагчы сваімі добрымі, міласэрднымі справамі.

Каментары