846 0

У Арменіі ўрад ладзіць стрымы, а ў Малдове і Грузіі палітыкі закрываюцца ад журналістаў — MMITForum у Мінску

25.10.2018 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Мінску гэтымі днямі адбываецца Media Management and IT Forum. Буйная міжнародная медыяканферэнцыя распачалося з дыскусіі пра сучасны стан і праблемы медыя ў краінах "Усходняга партнёрства". Удзельнікі сустрэчы падзяліліся галоўнымі трэндамі ў прафесійнай сферы ў сваіх краінах.

 

Дар’я Курэнная, журналістка партала “Донбасс. Реалии” і  “Радыё Свабода”, Украіна

— Канешне, галоўны кейс медыя, які абмяркоўваўся сёлета ва Украіне, гэта правал украінскай журналістыкі падчас “забойства” Аркадзя Бабчанкі. Людзі вельмі моцна расчараваліся ў якасці журналістыкі пасля гэтага выпадку.

Хоць медыя працавалі ўважліва, і я пераканана, калі б сілавікі патрымалі інтрыгу яшчэ некалькі дзён, журналісты на 100 % даведаліся б, што ніякага забойства не было.

Што тычыцца тэмаў, якія абмяркоўваюцца ва Украіне, — гэта забеспячэнне інфармацыяй жыхароў акупаваных тэрыторый. Там па-ранейшаму актуальная праблема з доступам да ўкраінскіх FM-станцый.

Калі пачалася вайна, перадатчыкі вешалі на любыя вышыні, каб аднавіць трансляцыю на Данецкую і Луганскую вобласць. Былі створаныя паблікі ў сацыяльных сетках, праз якія і цяпер ажыццяўляем трансляцыю, даносім інфармацыю.

Што ж тычыцца непасрэдна “Радыё Свабода”, то, паводле заканадаўства, замежныя медыя наогул не маюць права ва Украіне мець FM-частоты, таму нашы перадачы выходзяць на хвалях партнёраў.

 

Гегам Варганян, Цэнтр медыяініцыятыў, Арменія

— Усе ведаюць, што сёлета ў Арменіі адбылася "аксамітная" рэвалюцыя. Ключавы трэнд для медыя ў сувязі з гэтым — прамыя відэатрансляцыі. Вялізную ролю ў падзеях сыгралі сацыяльныя сеткі, стрымы былі надзвычай папулярнымі.

Агулам можна сказаць, што сёлета армянскі інтэрнэт перамог тэлебачанне. Людзі не глядзяць навіны па незаўсёды праўдзівым тэлебачанні, але могуць мець самую свежую і праўдзівую інфармацыю ў сваёй кішэні.

Услед за электроннымі медыя і сацыяльнымі сеткамі тэлебачанне пачало рабіць прамыя трансляцыі з вуліцаў. Прамыя ўключэнні — абсалютны сёлетні трэнд Арменіі.

Важную ролю ў гэтым сыгралі, канешне, тэхналогіі. Сёння няма праблемы пачаць трансляцыю з любога тэлефона ў любым месцы. Дарэчы, гэтым скарыстаўся і Нікол Пашынян. Прамы эфір стаў неад’емнай часткай армянскай палітыкі.

Журналісты пра працу ў Арменіі: Упершыню ў жыцці давялося разбіраць барыкады ШМАТ ФОТА

Што для журналістаў змянілася пасля рэвалюцыі? Раней падчас пасяджэння ўраду журналісты сядзелі ў асобным пакоі, дзе глядзелі трансляцыю. Калі прыйшоў Пашынян, трансляцыю сталі рабіць не толькі для журналістаў, а наогул для ўсіх людзей у сацыяльных сетках.

Майя Мецхварышвілі, рэдактар Studio Monitor, Грузія

— У бліжэйшыя выходныя ў нас пройдуць прэзідэнцкія выбары. Акурат сёння ў свет выйшаў цікавы медыяманіторынг, які паказаў, што 72 % грамадзян атрымліваюць інфармацыю пра палітычнае жыццё па-ранейшаму праз тэлебачанне. Пры тым, што вялікіх незалежных тэлеканалаў няма, а медыя-рынак дзеляць дзве вялікія палітычна заангажаваныя кампаніі. У парламенце Грузіі прадстаўлены чатыры партыі, і ў кожнай ёсць свой тэлеканал. Думаю, канчаткова ацаніць сёлетнія трэнды можна будзе пасля выбараў, але ўжо цяпер можна канстатаваць пагаршэнне сітуацыі з доступам журналістаў да інфармацыі.

 

Дзяніс Раманэску, MoldKorr

— У нас вельмі падобныя да грузінскіх праблемы. Напрыклад, зусім нядаўна Дэмакратычная партыя не пусціла вялікі тэлевізійны канал на сваю прэс-канферэнцыю. Сітуацыя з доступам да інфармацыі пагаршаецца, асабліва гэта тычыцца незалежных і апазіцыйных медыя.

Літаральна некалькі дзён таму ў нас быў мітынг у цэнтры Кішынёва, на якім тры журналісты спрабавалі ўзяць каментар у прадстаўніка Дэмакратычнай партыі. Адну журналістку проста адцягнула служба бяспекі, другой перашкаджалі здымаць, закрывалі камеру і вырвалі бэйдж, а ў трэцяга  журналіста выбілі з рук тэлефон.  

Таксама сталі частымі фармальныя адпіскі чыноўнікаў у адказ на журналісцкі запыт, непрадастаўленне інфармацыі і г. д.

Дар’я Курэнная, Украіна

— Мне падаецца, што ў плане доступу да інфармацыі ва Украіне ў журналістаў найбольшыя магчымасці сярод калег з краін "Усходняга партнёрства". Ёсць заканадаўства, паводле якога за 21 дзень чыноўнік павінен адказаць журналісту на пісьмовы запыт, і чыноўнікі прытрымліваюцца гэтага.

Media Management and IT Forum працягнецца ў Мінску да суботы, 27 кастрычніка. Галоўныя тэмы форуму: медыяменеджмент, манетызацыя, расследаванні ў журналістыцы, IT-інструменты і кантэнт медыя.

Сярод удзельнікаў — прадстаўнікі медыясупольнасцяў краін “Усходняга партнёрства”, спікеры — эксперты з больш чым 10 краін, у тым ліку з Бельгіі, Велікабрытаніі, ЗША, Польшчы, Чэхіі.

Сярод спікераў канферэнцыі: Таццяна Рэпкава — заснавальніца Клуба медыя-менеджэраў (Славакія); Мікалай Балабан — выдавец, The Village Україна і Inspired (Украіна); Уладзіслаў Лаўроў — рэгіянальны рэдактар ​​OCCRP (Украіна); Якуб Гурніцкі — заснавальнік Outriders (Польшча).

У межах канферэнцыі адбудзецца панэльная дыскусія "Прававое рэгуляванне СМІ ў Беларусі" з удзелам Андрэя Бастунца — старшыні ГА "БАЖ"; Сяргея Зікрацкага — юрыста, адваката; Людмілы Чэкінай — генеральнага дырэктара ААТ «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ»; Андрэя Аляксандрава — медыяэксперта, трэнера Школы медыяменеджмента, выдаўца "Белорусского Журнала".

Сачыце за рубрыкай "Конкурсы і навучанне" — мы інфармуем нашых чытачоў пра найлепшыя адукацыйныя магчымасці і значныя падзеі ў жыцці медыясупольнасці.

Media Management and IT Forum у Facebook — #mmitforum

Фота Вольгі Хвоін

Каментары