258 0

У анэксаваным Расеяй Крыме пачынаецца суд над журналістам за «сэпаратызм»

17.02.2017 Крыніца: "Радыё Свабода"

У Сымфэропалі пачынаецца працэс па справе журналіста Мікалая Сэмэны, якога расейскія ўлады абвінавачваюць у сэпаратызме. Папярэдняе паседжаньне пройдзе ў закрытым рэжыме сёньня.

Мікалай Сэмэна

Абарона мае намер заявіць хадайніцтва аб поўным спыненьні справы, але пры гэтым называе перасьлед Сэмэны палітычным і ў спрыяльны зыход не верыць.

Сьледзтва па справе цягнулася амаль год. За гэты час ператрусы прайшлі ня толькі ў Сэмэны, але і ў яго калег па ўсім паўвостраве, у матэрыялах справы тры тамы дакумэнтаў, у тым ліку вынікі сачэньня за журналістам, узлому яго кампутара і электроннай пошты.

Супраць Мікалая Сэмэны, які з вясны 2014 года супрацоўнічаў з праектам ўкраінскай рэдакцыі Радыё Свабода «КрымРеалии», вылучылі абвінавачаньне ў закліках да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі. Максымальны тэрмін пакараньня, прадугледжаны гэтым артыкулам, — 5 гадоў пазбаўленьня волі. З Сэмэны ўзялі падпіску пра нявыезд, віны ён не прызнаў. Ужо амаль год ён не можа выехаць з тэрыторыі паўвострава і, фактычна, займацца журналістыкай. За гэты час ён атрымаў цэлы шэраг узнагарод, а пад апошняй пэтыцыяй у яго абарону паставілі подпісы прадстаўнікі 27 праваабарончых арганізацый.

Крымінальную справу супраць Сэмэны пачалі з нагоды тэксту «Блякада — неабходны першы крок да вызваленьня Крыму», якая была апублікаваная на «КрымРеалии» ўвосень 2015 году, калі ў Херсонскай вобласьці былі разбураныя лініі электраперадач, праз якія паўвостраў атрымлівае электраэнэргію з мацерыковай Ўкраіны, а на адміністрацыйнай мяжы ўкраінскія актывісты і крымскія татары арганізавалі таварную блякаду.

Паводле сьледзтва, у артыкуле Сэмэна заклікаў да вяртаньня паўвострава Ўкраіне, што было кваліфікавана, як сэпаратызм па адносінах да Расеі. У абвінаваўчым заключэньні, якое Сэмэну ўручылі месяц таму, у якасьці сэпаратысцкіх заклікаў прыводзіцца адразу некалькі цытат з артыкулу журналіста: «Блякада павінна быць поўнай, сыстэмнай і павінна быць разьлічана на тое, што адразу ўсьлед за ёй будзе вызваленьне. Блякуем Крым, а далей — толькі вызваленьне... Блякада павінна быць першым крокам, прадвесьцем вызваленьня, гэта павінна быць выразная баявая апэрацыя, і яна павінна суправаджацца усімі патрэбнымі мерапрыемствамі, у тым ліку і апэрацыяй па нэўтралізацыі і вывадзе зь дзеяньня расейскай пераправы праз Керчанскую пратоку, расейскай сувязі, камунікацыі акупантаў ». «Кіеў не павінен дапусьціць, каб Крым пад расейскай акупацыяй заставаўся даўжэй, чым пад нямецкай. Засталося менш за год! Інакш ганьба ўсім!», — цытуе Сэмэну абвінавачваньне.

Пасьля азнаямленьня з матэрыяламі справы, адвакаты заявілі пра незаконныя дзеяньні спэцслужбаў, выявіўшы, што дазвол на сачэньне за Сэмэнам быў афіцыйна аформлены ўжо пасьля таго, як яяе пачатку. "Азнаямленьне са справай дазволіла абароне ўсталяваць, што журналіста Сямёну праслухоўвалі без судовага рашэньня, — заявіў адвакат Андрэй Сабінін.

Адвакаты і сам журналіст лічаць судовы перасьлед палітычным і грунтуюць сваю пазыцыю на тым, што, паводле міжнароднага права, прыналежнасьць Крыму не зьмянілася, межы засталіся ранейшымі, тэрыторыя паўвострава — украінская. Пры вяршэнстве міжнароднага права над нацыянальным заканадаўствам, што падкрэсьліваецца ў Канстытуцыі Расеі, гэта азначае, што немагчыма абвінаваціць чалавека ў парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці, калі тэрыторыя не належыць дзяржаве.

Акрамя Сэмэны абвінавачваньні ў сэпаратызме за публічнае непрызнаньне анэксіі з боку Расеі былі прад’яўленыя старшыні Мэджлісу крымскататарскага народу Рэфату Чубараву, яго намесьніку Ільмі Умераву і журналістам Ганьне Андрыеўскай і Андрэю Кліменку. Таксама вядзецца сьледства крымскататарскага актывіста з Фэадосіі Сулеймана Кадырава. Усіх іх абвінавачваюць альбо за артыкулы ці інтэрвію ў СМІ, альбо за тэксты ў сацсетках.

Каментары