Гэта была серада. Звычайны працоўны дзень. Памятаеце, быў час, калі кепскія навіны прыходзілі па чацвяргах? Серада 20 кастрычніка 2021 зламала гэтую традыцыю. Прынамсі, для «Новага Часу».
Трывожныя «званочкі» гучалі і раней. З лютага 2021 года дзяржаўная служба-манапаліст разарвала дамову на распаўсюд газеты праз шапікі «Белсаюздруку». Пра гэта мы даведаліся выпадкова ў студзені падчас здачы чарговага нумара «Новага Часу» на экспедыцыю.
У траўні Генпракуратура аб'явіла афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства рэдактару газеты «Новы Час». На думку пракуратуры, аўтары публікацый у газеце выкарыстоўвалі пэўныя выказванні і моўныя звароты, якія «спрыялі нагнятанню напружанасці ў грамадстве, распальванню нянавісці і варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў праваахоўных органаў як асобных сацыяльных груп насельніцтва».
На пачатку чэрвеня стала вядома, што РУП «Белпошта» выключыла «Новы Час» з падпіснога каталога на 2-е паўгоддзе — такім чынам кіраўніцтва «Белпошты» адрэагавала на папярэджанне Генпракуратуры галоўнай рэдактарцы.
Мы не пакінулі чытачоў без любімай газеты і аднавілі ўласную сістэму распаўсюду. Штотыдзень супрацоўнікі «НЧ» пакавалі ў канверты газету, потым уласнаруч адвозілі на пошту.
Так цягнулася да жніўня, калі прыватная тыпаграфія «Рол-прынт» раптоўна разарвала дамову аб друку газеты.
«Новы Час» застаўся толькі анлайн.
І вось 20 кастрычніка было запушчана новае кола падзей. Зранку перастаў выходзіць на сувязь намеснік галоўнага рэдактара Сяргей Пульша. Відавочцы паведамлялі, што людзі ў масках выводзілі некага з бізнес-цэнтра «Парус», дзе месцілася рэдакцыя. Пазней стала вядома пра затрыманне і галоўнай рэдактаркі Аксаны Колб. У Сяргея і Аксаны дома, а таксама ў рэдакцыі прайшлі ператрусы. Пасля допыту ў СК нашых калег вызвалілі пад падпіску аб неразгалошванні.
Праз тыдзень, 28 кастрычніка, перастаў адкрывацца сайт novychas.by, наведвальнікаў вітала стандартная «заглушка». Нечага падобнага мы чакалі і да магчымай блакіроўкі падрыхтаваліся загадзя: у той жа дзень праз пару гадзін запрацаваў сайт novychas.online.
У лістападзе суд прыняў рашэнне пра ліквідацыю заснавальніка «Новага Часу» — гарадскую арганізацыю «Таварыства беларускай мовы». Так мы пазбавіліся юрыдычнай асобы, а значыць, у тым ліку, магчымасці афіцыйнага працаўладкавання супрацоўнікаў, магчымасці зарабляць грошы на рэкламе.
Выпрабаванні працягнуліся і ў 2022-м. 20 красавіка была затрыманая галоўная рэдактарка «НЧ» Аксана Колб: забіраць яе прыехалі сілавікі, узброеныя кувалдамі і шчытамі. Потым стала вядома, што супраць Аксаны распачатая крымінальная справа па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.
Наша каманда не спыняла працу і ў тыя змрочныя часы. Гэта было цяжка. Але ў нас з’явіўся дадатковы стымул: рабіць усё дзеля найхутчэйшага вызвалення нашай каляжанкі і іншых зняволеных па палітычных матывах.
Аксану Колб 15 чэрвеня асудзілі на 2,5 года «хіміі з накіраваннем». А 22 ліпеня прысудзілі 13 сутак адміністрацыйнага арышту. На яе зноў пачаў паляваць Следчы камітэт. Пад ціскам — у тым ліку каманды «НЧ» — Аксана прыняла няпростае рашэнне з’ехаць.
Гэты год многае змяніў у жыцці кожнага з каманды «Новага Часу». Журналісцкі хлеб ніколі не быў салодкім і простым. Мы ўсе жывыя людзі і не можам заставацца абыякавымі да таго жаху, што адбываецца цяпер. Да таго ж: горыч ад разлукі блізкімі, ад немагчымасці сабрацца ўсім разам жыўцом. Многія грамадзянскія ініцыятывы, пра якія мы пісалі раней, спынілі сваё існаванне ці пакінулі Беларусь, людзі адмаўляюцца размаўляць з журналістамі, бо баяцца, героі публікацый трапляюць за краты. У нас не так шмат чытачоў, як раней, на жаль. Новы сайт таксама спрабуюць блакаваць у Беларусі — але праз VPN ён адкрываецца. Хтосьці «на ўсялякі выпадак» перастае быць нашым падпісчыкам у сацыяльных сетках і «Тэлеграме» (нагадваем: ні «Новы Час», ні нашы акаунты не прызнаныя «экстрэмісцкімі»!).
Смерць нашых калег — асобны боль. 2 снежня 2021 года пасля цяжкай хваробы пайшоў з жыцця журналіст «НЧ» Генадзь Кеснер. 4 сакавіка — наш сталы аўтар Аляксандр Тамковіч, 10 сакавіка — таксама шматгадовы аўтар «Новага Часу», пісьменнік, перакладчык і журналіст Яўген Бяласін. Памяць пра іх назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах і на старонках «Новага Часу».
Але, нягледзячы ні на што, мы працягваем рабіць сваю справу. За гэты год мы не згубілі нікога з каманды «НЧ». І да нас прыйшлі новыя аўтары з цікавымі тэмамі. З'яўляюцца новыя рубрыкі, адна з іх — «Беларусь, якая чакае». А ў нашым YouTube-канале ёсць нават сеансы медытацыі па-беларуску. Мы завялі свой TikTok, зазірніце туды, шмат цікавага знойдзеце! І шмат чаго яшчэ задумана — і, спадзяемся, будзе зроблена.
Чытайце яшчэ:
Марыну Золатаву и Людмілу Чэкіну дадалі ў «тэрарыстычны спіс»
Тэлерадыёвядоўца прызнаўся: у 2020-м многія слухачы і сябры ад яго “адпісаліся” за адсутнасць грамадзянскай пазіцыі
Час перазапускаў: новыя назвы, але вядомыя каманды. Як змянілася медыяполе Беларусі пасля 2020-га