177 0

Тры SMM-сервісы, якія журналіст можа выкарыстаць для пошуку інфармацыі

06.12.2017 Крыніца: Алена Ляшкевіч для baj.by

Сервісы , што ствараліся для маркетолагаў, могуць быць карыснымі і журналісту, які піша тэксты. Якім чынам можна там шукаць інфармацыю? І якога кшталту?

Цікавы рэсурс для журналіста-аналітыка — socialbakers.com. Ён дазваляе параўноўваць рознапрофільныя старонкі ў сацсетках па колькасці падпісчыкаў і хуткасці прыросту. Можна паглядзець ТОП-ы розных краін, у тым ліку Беларусі, па медыя, спартовых установах, арт-, шопінг- і медцэнтрах… Дасяжная дэталізацыя (напрыклад, для медыя — толькі блогі, ці толькі старонкі радыё, навінных выданняў, прэс-агенцтваў, часопісаў). Задарма можна паглядзець статыстыку па Facebook, Twitter і Youtube. Платна дасяжная інфармацыя па іншых сацсеках, з шырэйшым наборам аналітычных інструментаў, часцейшым абнаўленнем, магчымасцю вываду статыстыкі ў зручным фармаце.

Сайт similarweb.com дазваляе даведацца статыстыку сайтаў, не маючы дасягу да Google аналітыкі ці Яндэкс Метрыкі. Іншымі словамі, ён дазваляе сачыць за канкурэнтамі. Дадзеныя не вельмі дакладныя, але чым большы ў сайта трафік, тым бліжэйшыя паказчыкі similarweb да сапраўдных. Задарма дасяжная статыстыка за папярэдні месяц (у кастрычніку —  за верасень). Можна пабачыць крыніцы трафіку, краіны, з якіх заходзяць карыстальнікі, колькі ў сярэднім часу яны затрымліваюцца на сайце і колькі старонак праглядаюць, адсотак адмоў ад прагляду. Асобная табліца паказвае, якую частку трафіку даюць сацыяльныя сеткі і якія менавіта. Бачны таксама рэйтынг сайта — на якім месцы па наведвальнасці ён знаходзіцца ў краіне і ў свеце. Па шэрагу паказчыках можна параўнаць між сабой некалькі сайтаў. Па некаторых краінах дасяжныя рэйтынгі сайтаў па наведвальнасці і мабільных прыкладанняў па ўжывальнасці.

Mediametrics.ruрасійскі агрэгатар навінаў, што працуе з усімі краінамі СНД і дазваляе пабачыць у рэжыме рэальнага часу, якія артыкулы найбольш папулярныя ў карыстальнікаў сацсетак кожнай краіны. Працуе толькі з рускамоўнымі тэкстамі. Рэйтынг можна паглядзець за апошнія 10 хвілін, гадзіну, содні, тыдзень і месяц. Дасяжная асобная статыстыка па кожнай з папулярных сацсетак. Сайт дапамагае аператыўна зразумець, што хвалюе людзей у гэты самы момант, што ім цікава. Беларускамоўным СМІ варта мець на ўвазе асаблівасці сваёй аўдыторыі, бо ў топе Mediametrics амаль не сустрэнеш грамадска-палітычных навінаў, там хутчэй будзе забаўляльны кантэнт, эмацыйныя матэрыялы на сацыяльную тэматыку, звесткі пра надвор’е і рознага роду здарэнні. Праўда, трапляюць выказванні кіраўніка краіны — можна адсачыць, як іх расцягваюць на цытаты.

Каментары