298 0

Тры азначэнні сучаснай фатаграфіі, якія вы можаце не ведаць

08.08.2017 Крыніца: Алена Ляшкевіч для baj.by

У прасторы ЦЭХ прайшла лекцыя фатографа Юліі Ружачкі “Фатаграфія: дакумент, прапаганда, ці мастацкая выдумка?”.

Юлія Ружачка абараніла ў Парыжы магістарскую дысертацыю пра нефрантальную ваенную фатаграфію. Падчас лекцыі яна распавяла, што ж такое нефрантальнае фота і яшчэ шмат цікавага.

Авангардыст Ласла Махой-Надзь яшчэ ў 1928 годзе папярэджваў, што «непісьменным чалавекам заўтра будзе не той, хто ігнаруе пісьменнасць, а той, хто ігнаруе фатаграфію». Сёння фатаграфія ўжо не ўспрымаецца проста як сведчанне або дакумент. Усё больш звяртаючыся да актуальных тэм, фатаграфія пашырае свае функцыі. Яна можа стаць інструментам палітычнай або мастацкай стратэгіі ў залежнасці ад аўтарскай задумы, спосабаў распаўсюджвання малюнка і ад яго разумення гледачом.

Юлія разам з наведвальнікамі лекцыі спрабавала разабрацца, як жа фотаздымак працуе з актуальнымі сюжэтамі, у прыватнасці з навінамі і тэмай канфліктаў. Прысутныя шукалі тонкую мяжу паміж дакументам, прапагандай і мастацкай выдумкай. Слухачы лекцыі даведаліся, як “расшыфраваць” фатаграфію з дапамогай лінгвістыкі: Юлія Ружачка раіла карыстацца схемай Якабсона, памятаючы, што між адрасантам і адрасатам выявы стаіць кантэкст, паведамленне, кантакт і код. Людзі з розным гістарычным і культурным бэкграўндам будуць успрымаць адну і тую ж выяву па-рознаму.

Падчас лекцыі прагучаў шэраг азначэнняў, пакуль адносна новых для беларускай медыйнай сферы.

Нефрантальная фатаграфія — зробленая не ў цэнтры падзей. Такая выява можа перадаваць навіну праз пэўныя дэталі, сюжэты ці ракурсы, якія для “класічнага” рэпартажа могуць здавацца неістотным. Калі казаць пра вайну, то на нефрантальным фота могуць быць выяўленыя моманты чакання непасрэдных вайсковых дзеянняў, жыццё цывільнага насельніцтва, наступствы вайны на тэрыторыях, дзе яна прайшла… Такія здымкі часам становяцца выйсцем для фатографаў, якіх вайскоўцы не ўсюды пускаюць. Ды і здымаць непасрэдна пад кулямі проста небяспечна для жыцця.

Documentary fictionпсеўдадакументальнае фота па матывах рэальных падзей. Зразумела, пастановачнае. Самае цікавае, што такія здымкі з цягам часу могуць пачаць успрымацца як па-сапраўднаму дакументальныя, калі глядач не ведае кантэксту стварэння выяў. Паходжанне гэтых здымкаў можна звязаць з творамі выяўленчага мастацтва на гістарычную тэматыку, калі мастак праз некалькі гадоў маляваў пэўныя падзеі. І тут ужо паўстае пытанне, ці істотна, быў ён сведкам тых падзей, ці не быў, намаляваў падзеі дзесяці- ці стогадовай даўніны?

Фатаграфія іn gameprint screen экрана падчас камп’ютарных гульняў. Пакуль пра гэты від мастацтва спрачаюцца — фатаграфія гэта і ці мастацтва? Калі выява на ваенную тэматыку, справа яшчэ больш заблытваецца: “сапраўдныя” рэпарцёры рызыкуюць жыццём, здымаючы ў “гарачых кропках”, а нейкія геймеры проста пстрыкаюць на камп’ютары… Пакуль гэты від мастацтва не дужа папулярны, але ўжо праходзяць цэлыя выставы іn game-фатаграфіі.

Да новых павеваў можна па-рознаму ставіцца, але лепш пра іх ведаць. Можа, гэта дазволіць камусьці пашырыць свой творчы інструментарый?

Каментары