407 0

Трагедыі ў СМІ: Не плакаць разам з ахвярай, а прапанаваць насоўку

01.03.2018 Крыніца: Аксана Ярашонак для baj.by

У рэдакцыі ”Рэгіянальнай газеты” Маладзечанская філія БАЖ зладзіла трэнінг “Журналістыка траўмы: як асвятляць трагедыі ў СМІ”.

Трэнерка — журналістка, аўтар кнігі па журналістыцы траўмы Марына Загорская — падзялілася асабістым досведам і парадамі ад спецыялістаў-псіхолагаў.

1. Размяжоўваць прыватнае і публічнае

Калі прыватная асоба на прыватнай тэрыторыі,гэтая інфармацыя закрытая для журналіста. Выключэнне — калі адбываецца злачынства і парушаюцца правы чалавека. Напрыклад, муж збівае жонку.

Калі прыватная асоба выходзіць у публічнае месца і пра нешта заяўляе, журналісту, перад тым, як пісаць, неабходна праверыць інфармацыю ў іншай крыніцы.

Калі ж публічная асоба знаходзіцца ў публічным месцы, напрыклад дырэктар у кабінеце, і пра нешта паведамляе, інфармацыя цалкам адкрытая для журналістаў і грамадскасці.

Публікаваць інфармацыю ад непаўнагадовых дазваляецца толькі з дазволу бацькоў.

2. Ратаваць ці працаваць? Працаваць!

Калі журналіст знаходзіцца на месцы трагедыі, у яго можа ўзнікнуць пытанне маральнага выбару: што рабіць? Дапамагаць ратаваць людзей або рабіць сваю працу— размаўляць з відавочцамі, здымаць, запісваць.

Выбар варта рабіць на карысць апошняга. Трэба памятаць пра задачу журналіста — інфармаваць насельніцтва і ўплываць на грамадства. Мы не маем права ўмешвацца ў канфлікты. Урэшце, карысць ад пэўнага факта ці фотаздымка можа мець вялікую грамадскую значнасць.

3. Сабраць больш фактаў

Журналісту неабходна здабыць як мага больш фактаў. Калі іх не хапае, наш розум пачынае рэканструяваць рэальнасць. Да любой інфармацыі трэба ставіцца крытычна. Лепш падаваць цытаты тых, хто быў на месцы.

Адказаць для сябе на пытанні: што папярэднічала трагедыі? Што я бачу цяпер? Чаму і як гэта адбылося?

4. Памятаць пра рэакцыі “бі”, “замры”, “бяжы”

У першыя моманты пасля трагедыі ў чалавека прачынаецца адна з трох рэакцый:

– бі (дзейнічай)

– замры

– бяжы.

Ніхто не ведае, якая менавіта рэакцыя спрацуе ў чалавека. Для размовы з журналістам найбольш падыходзяць людзі з рэакцыяй “дзейнічай”.

4. Глядзець не ў вочы, а ў адным накірунку

Як вярнуць чалавека да рэчаіснасці?

- злёгку дакрануцца да яго;

- патрымаць за руку, крыху сціснуць локаць суразмоўцы;

- нахіліцца крыху наперад, дэманструючы спачувальнасць;

- прыцягнуць увагу нечым бліскучым ці яркім (напрыклад, шалікам);

- сесці побач і глядзець у адным накірунку, а не ў вочы суразмоўцу;

- не пачынаць са складаных пытанняў;

- слухаць актыўна;

- калі суразмоўца заплача, прапанаваць насоўку;

- гаварыць нейтральным спакойным тонам;

- не раздражняцца, калі чалавек просіць паўтарыць пытанні;

- сказаць пра тое, як высока вы ацэньваеце згоду суразмоўцы гаварыць з вамі.

5. Убачыць тых, хто хоча гаварыць

Па парадах псіхолагаў, лепш пачынаць гаварыць праз хвілін 15 пасля здарэння. У чалавека праходзіць шокавая фаза. Гэта час, калі чалавек хоча гаварыць. Такія людзі бачныя ў натоўпе: яны шукаюць вачыма іншых людзей, бо хочуць падзяліцца.

6. Распавядаць пра трагедыю без вялікай крыві

Заўсёды варта думаць пра тое, якія трагедыі трэба ведаць, а ад якіх лепш чытачоў паберагчы. Часам нейкая афарыстычная дэталь паўплывае на свядомасць больш, чым гара трупаў.

Трэнер прывяла прыклад помніка ахвярам халакосту: шмат чаравікаў на беразе Дуная ў Будапешце.

Памятник жертвам Холокоста в Будапеште

Псіхолагі кажуць, што не трэба друкаваць такія здымкі, пасля якіх хочацца перагарнуць старонку. Чытачы могуць траўмавацца падчас прагляду такіх фота.

7. Пазбягаць пытання “чаму?”

Непрадуманым пытаннем суразмоўцу можна нанесці дадатковы боль. Правільным пытаннем — выцягнуць чалавека з хаосу, вярнуць да жыцця.

У пытаннях не трэба засяроджвацца на падрабязнасцях няшчасця. Не “раскажыце, як загінуў ваш сын”, а “раскажыце пра вашага сына”.

Хто? Што? Дзе? Як? — пытанні, якія задаваць можна. А вось пытання “чаму?” варта пазбягаць. Нельга пытацца ў маці, у якой патануў сын “чаму вы адпусцілі яго аднаго на рэчку”.

Пазбягайце фраз “я вас разумею”, “час лечыць”, “магло б быць і горш”. Лепш сказаць “я вам спачуваю”.

Каментары