1440

Тэрмометр, антысептык, хатні рэжым. Як беларускія медыя працуюць ва ўмовах каранавіруса

17.03.2020 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У адных рэдакцыях журналісты працуюць з дому. У іншых — ёсць кантроль тэмпературы на ўваходзе і абавязковая апрацоўка антысептычнымі сродкамі.

Большасць рэдакцый недзяржаўных беларускіх медыя сур’ёзна паставіліся да абароны сваіх супрацоўнікаў ад магчымага заражэння. БАЖ апытаў калег з некаторых выданняў.

БелаПАН

— Мусім клапаціцца пра людзей, — кажа галоўны рэдактар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына. Ад панядзелка там прынята рашэнне працаваць дыстанцыйна.

— Безумоўна, журналісты наведваюць прэс-канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы, але затым едуць дадому і працуюць дыстанцыйна. Зразумела, калі ўсе знаходзяцца ў адным памяшканні, каардынаваць  працу рэдакцыі значна прасцей. Але, мяркую, пару дзён і мы навучымся рабіць гэта дыстанцыйна на такім жа высокім узроўні, — кажа Ірына Леўшына.

 

TUT.BY

— Мы кожны дзень абмяркоўваем сітуацыю з калегамі і гатовыя да розных варыянтаў, але пакуль працуем у офісе. Хоць калі той ці іншы супрацоўнік адчувае недамаганне ці мае хворых родных, ён ідзе на бальнічны ці проста працуе з дому, — кажа Марына Золатава. Галоўная рэдактарка TUT.BY тлумачыць, што такі падыход у рэдакцыі існаваў і раней.

— Разам з тым дыстанцыйна кіраваць маленькай рэдакцыяй значна прасцей, чым вялікай. Таму мы гатовыя да любых варыянтаў, увесь час раімся з калегамі, але пакуль асноўная частка журналістаў працуе ў офісе з выкананнем усіх мер бяспекі, — гаворыць Золатава.

 

Onliner.by

Ад учорашняга дня журналісты неаператыўных аддзелаў Onliner працуюць дыстанцыйна, аператыўных — у рэдакцыі.

— Плюс анлайн-медыя ў тым, што мы можам хутка перафарматаваць сваю працу. Ёсць працоўныя чаты, дзе адбываецца камунікацыя. Усё працуе, — гаворыць галоўны рэдактар Onliner.by Мікалай Казловіч.

 

“Наша Ніва”

— Мы працуем у рэдакцыі, але абмежавалі доступ у яе іншых людзей. Стараемся нікога ў рэдакцыю не запрашаць і выконваць меры перасцярогі, — кажа рэдактар NN.BY Ягор Марціновіч.

 

“Комсомольская правда" в Беларуси”

— Мы сур’ёзна ставімся да сітуацыі, у рэдакцыі паўсюль ёсць сурвэткі і антысептыкі, — расказвае галоўны рэдактар “Комсомольской правды" Андрэй Ляўкоўскі. — Усе, у каго ёсць хоць нейкія прыкметы захворвання, застаюцца дома. Мы набылі дыстанцыйны тэрмометр, і ў кожнага чалавека, які прыходзіць да нас у рэдакцыю, замяраем тэмпературу. Прыбіральшчыца мые падлогу і паверхні з антысептычным сродкам.

 

Тэлеканал “Белсат”

Сітуацыя з каранавірусам найбольш паўплывала на працу гэтага медыя. Найперш таму, што большая частка рэдакцыі знаходзіцца ў Варшаве і мусіць кіравацца тамтэйшымі правіламі.

— У Польшчы на сёння дзейнічаюць значна мацнейшыя супрацьвірусныя правілы. У сувязі з гэтым мы максімальна перавялі людзей на хатнюю працу. Але цалкам тэлебачанне з дому рабіць немагчыма, — гаворыць намеснік дырэктара “Белсата” Аляксей Дзікавіцкі.

— На два тыдні мы адмовіліся ад інфармацыйна-публіцыстычнага вечаровага эфіру “Студыя Белсат” — запіс гэтай перадачы вымушае збіраць у невялікім памяшканні вялікую колькасць журналістаў, рэдактараў, гасцей, аператараў і іншых людзей. Таксама бліжэйшыя запісы ток-шоу “Кожны з нас” пройдуць без публікі.

Вечаровы “Аб’ектыў”, безумоўна, застаецца. Мы часова запісваем яго ў меншай студыі.

Што тычыцца мінскага офіса, то ён працуе ў штатным рэжыме. Але там звычайна няма вялікага скаплення людзей, бо калегі едуць на здымкі і адпраўляюць матэрыялы з дому, — тлумачыць Дзікавіцкі.

 

“Еўрарадыё”

— Яшчэ з мінулага тыдня частка журналістаў працуюць з дому. Але мы радыё, цалкам сысці на хатні рэжым ніяк не можам. Таму на кожным стале ў рэдакцыі ў нас ёсць антысептык і вільготныя сурвэткі, — кажа галоўны рэдактар “Еўрарадыё” Павел Свярдлоў.

На працу з дому перашлі і некаторыя іншыя недзяржаўныя выданні. А вось у дзяржаўных медыя заяўляюць, што працуюць у штатным рэжыме. Такія адказы далі, напрыклад, у інфармагентстве БелТА, рэдакцыі “СБ. Беларусь сегодня” і Белтэлерадыёкампаніі.

 

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У офісе грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" праз клопат пра калег адмянілі ўсе масавыя мерапрыемствы. Некаторыя адукацыйныя курсы пройдуць у анлайн-фармаце. Пакуль офіс арганізацыі працуе ў штатным рэжыме, плануецца, што з панядзелка 23 сакавіка ў офісе будзе дзяжурыць нехта з супрацоўнікаў.

Мы рэкамендуем калегам максімальна прытрымлівацца правілаў гігіены, а пры першых жа сімптомах хваробы заставацца дома і звяртацца да лекараў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!