1119

“Тэма супрацьдзеяння расійскай прапагандзе вельмі актыўна абмяркоўваецца ў Вашынгтоне”

08.02.2016 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

Былы супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Валер Кавалеўскі сышоў з дыпламатычнай працы ў 2006-м, калі Аляксандр Лукашэнка застаўся на трэці прэзідэнцкі тэрмін. Пасля Плошчы-2010 і адсідкі спачатку на Акрэсціна, а потым у СІЗА КДБ Валер разам з сям’ёй з’ехаў у Амерыку навучацца на магістарсткай праграме Джорджтаўнскага ўніверсітэта.

Пасля навучання былы паспяховы міжнароднік працуе ў рускамоўнай службе “Голасу Амерыкі”, дзе ўважліва сочыць за палітычнымі падзеямі ва Усходняй Еўропе.

– Журналісцкая праца вельмі цікавая для мяне, бо гэта магчымасць асвятляць міжнародныя падзеі, прысутнічаць на іх. Мне заўсёды падабалася разбірацца ў складаных працэсах міжнароднай палітыкі. Таму тут мая адукацыя і досвед вельмі прыдаліся.

Я займаюся напаўненнем сайта, пішу навіны, адсочваю інфармацыю, час ад часу бяру інтэрв’ю. Але фокус маёй увагі – навінавая стужка сайта. Наш офіс знаходзіцца ў Вашынгтоне, дзе размяшчаюцца 45 моўных службаў “Голасу Амерыкі”. На жаль, у Беларусі зараз у нас няма ўласнага карэспандэнта, але ў рэгіёне іх даволі шмат – у Кіеве, Маскве, іншых суседніх сталіцах.

Спадзяюся, гэтую недарэчнасць калі-небудзь выправяць. Я лічу, што наогул не зашкодзіла б  і беларуская служба “Голасу Амерыкі”, якая працавала б на беларускай мове і была скіраваная на асвятленне беларуска-амерыканскай тэматыкі.

– Наколькі часта наогул сёння ў Вашынгтоне гучыць беларускае пытанне?

– Амерыканцаў цікавяць літаральна ўсе праблемы, якія ёсць у свеце. Безумоўна, сёння асноўная ўвага сканцэнтраваная на “Ісламскай дзяржаве”, барацьбе з экстрэмізмам, бежанцах, новым вірусе Зіка. Што тычыцца нашага рэгіёна, то сёння часцей абмеркаванні тычацца расійска-украінскага канфлікту і наогул стасункаў з Расіяй.

Гэтыя праблемы яшчэ больш засланяюць беларускае пытанне, адсоўваюць яго нават не на другі, а на трэці, чацвёрты ці пяты планы. Не думаю, што сітуацыя ў бліжэйшы час зменіцца, бо ні міжнародная сітуацыя, ні сама Беларусь гэтаму не спрыяе. Яна не робіць нічога такога, каб быць заўважанай у станоўчым святле, стаць удзельніцай нейкіх здаровых ініцыятыў.

– Вялікай праблемай для нашага рэгіёна з’яўляецца прапаганда, асабліва з расійскіх СМІ. А ў ЗША гэтая праблема адчуваецца?

– Сітуацыя з расійскімі СМІ – вельмі складанае і важнае пытанне для амерыканцаў. У іх ёсць неблагі досвед па супрацьдзеянні такой прапагандзе: той жа “Голас Амерыкі” быў адным з элементаў гэтай сістэмы супрацьдзеяння. Сёння зноў такія СМІ, як “Радыё Свабода” ці “Голас Амерыкі”, набываюць вялікую актуальнасць. Тэма супрацьдзеяння расійскай прапагандзе і інфармацыйным войнам наогул вельмі актыўна абмяркоўваецца ў Вашынгтоне.

Некалькі разоў на месяц тут можна сустрэць мерапрыемствы з удзелам экспертаў, практыкаў і тэарэтыкаў на тэму супрацьдзеяння прапагандзе. Гэта з’яўляецца вельмі важнай задачай сённяшняга ўраду Злучаных штатаў.

Зразумела, ніхто не будзе адказваць на расійскую прапаганду контрпрапагандай, нейкай сваёй дэзінфармацыяй. Задача для СМІ палягае ў тым, каб данесці да грамадства ў постсавецкіх краінах менавіта аб’ектыўную інфармацыю.

Амерыканскія эксперты лічаць, што Расія выбудавала надзвычай эфектыўную прапагандысцкую машыну і можа вельмі лёгка ўкладаць у яе грошы. У Расіі такія рашэнні прымаюцца вельмі хутка: як адзін чалавек скажа, і так і будзе зроблена. Што да краін дэмакратыі – у ЗША ці Еўрасаюзе ўсё праходзіць доўгую працэдуру ўзгаднення на розных узроўнях, бо грошы ў першую чаргу трэба недзе знайсці, банальна забраць ад нейкіх іншых праектаў.

Таму ў дэмакратычных краінах усё адбываецца больш павольна.

Але я заўважаю, што сістэма пачынае пэўным чынам пераладоўвацца на той парадак рэчаў, якія існуе зараз: што трэба быць больш актыўнымі ў сацыяльных сетках, што інфармацыя павінна быць запатрабаванай і цікавай для постсавецкай аўдыторыі. Каб данясенне праўдзівай інфармацыі было эфектыўным.

У гэтым годзе ў ЗША адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Але я не думаю, што выбраны курс нейкім чынам можа змяніцца. Усе разумеюць, што праблема расійскай прапаганды і дэзінфармацыі вельмі сур’ёзная нават для Амерыкі. І амерыканцы будуць працягваць яе вырашаць.

Фота Марыны Кавалеўскай