НЕ - ВАЙНЕ!
386

Таццяна Гацура-Яворская: Бачу два траўмаваныя народы

02.07.2022 Крыніца: Наша Ніва

Беларуская праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская выказалася наконт хэйту, які ў гэтыя дні гучыць з абодвух бакоў: «Вы ракеты не спыняеце, а вы бітум у Лукашэнкі куплялі».

— Як чалавек, які жыў у атмасферы таталітарызму, а цяпер жыве ў атмасферы вайны, я бачу два траўмаваныя народы, якія накіроўваюць сваю энергію не туды, куды было б карысней, — піша праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская. — Абараняць сваю годнасць, у тым ліку нацыянальную, пажадана заўсёды, і ў перыяд вайны — не выключэнне.

Але некаторыя каментары мне хочацца разбачыць.

З іншага боку, іх часта пішуць людзі, якія паняцця не маюць, што адбываецца ва Украіне. Напрыклад, каментары, што «калі б беларускім палітвязням можна было выбраць, катавальную турму ці Кіеў», то 100% выбралі б Кіеў.

Я думаю, што так гэта і было б, але толькі таму, што палітвязні, таксама як і большасць каментатараў, не жылі ў Кіеве і іншых гарадах Украіны ў перыяд вайны. Ім здаецца, што верагоднасць пападарння ракеты ў вашу хату мінімальная і ў параўнанні з турмой гэта вольнае і нават камфортнае жыццё.

Як чалавек, які да нядаўняга часу знаходзіўся ў Мінску, а зараз жыве ў Кіеве, я лічу гэта памылковым уяўленнем. Як адказала на абвінавачванні ў хэйце ўкраінцаў адна кіеўская беларуска — прыязджайце сюды, тут вельмі мяняюцца адчуванні. 

Сябры, калі вы памятаеце 10—11 жніўня 2020 года ў Беларусі, то вось у такой эмацыйнай атмасферы жыве Украіна ўжо чатыры месяцы. Гэта не стан апошніх двух гадоў, калі людзі жывуць у чаканні ператрусу, арышту і магчымага тэрміну (што таксама жахліва) — гэта чаканне новых смерцяў (што непапраўна і незваротна).

Не, ніхто не бяжыць ужо ў бамбасховішчы, але некалькі разоў за дзень падчас трывогі думае, а можа менавіта зараз дарма не схаваўся. Ніхто не скардзіцца, што псіхічна не вытрымлівае, але незнаёмыя людзі штодзённа рыдаюць на пахаванні.

Я супраць хэйту, але калі я чытаю паведамленні а-ля «калі ўкраінцы будуць нас хаіць, то не будзем дапамагаць», то думаю — калі вы дапамагаеце ўкраінцам, каб ім спадабацца, то можа не трэба?

Вяртаючыся да меркавання, што ў ваенным Кіеве лепш, чым у беларускай турме — а я не ведаю. Часам мяне радуе, што я не ў беларускай турме і магу быць карыснай, часам мне настолькі балюча, што я думаю, у турме, дзе ад цябе нічога не залежыць і твая задача абараняць толькі сваю годнасьць, было б прасцей.

Мне здаецца, я і не выбірала насамрэч, дзе мне быць. Дзе аказалася, там стараюся трымаць планку.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!