Напачатку студзеня 2016 года прэзідэнт Польшчы ўхваліў праўкі да Закона аб радыё і тэлебачанні. У выніку з пасадаў былі звольненыя ўсе кіраўнікі грамадскіх радыё і тэлеканалаў, а самі гэтыя тэлеканалы былі перайменаваныя з “грамадскіх” у “нацыянальныя”. Новых кіраўнікоў радыё і тэлебачання ад гэтага часу прызначаюць не праз конкурс, як раней, а загадам міністра дзяржаўнай казны. “Прэзідэнт будзе сачыць, для яго гэта важна, каб грамадскія СМІ былі бесстароннімі ў адносінах да ўсіх палітычных сіл і каб аб’ектыўная інфармацыя не змешвалася з каментарамі”, — тлумачыла новаўвядзенне кіраўнік канцылярыі польскага прэзідэнта Малгажата Садурска.
Праўкі ў закон аб радыё і тэлебачанні былі раскрытыкаваныя не толькі польскай апазіцыяй. Вельмі крытычна наконт іх выказаўся сябра Еўракамісіі Гюнтэр Ойцінгер, Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) і Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU).
Ці сталі ўнесеныя ў закон праўкі наступам на свабоду слова ў Польшчы, на карысць ці на шкоду пайшлі яны цяпер ужо нацыянальным СМІ і іх аўдыторыі, разважае журналіст Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі.
— З моманту набыцця моцы правак ў Закон аб радыё і тэлебачанні прайшло паўгода – ёсць адчуванне ці прыкметы таго, што гэта на самой справе быў наступ на свабоду слова?
— Унесеныя праўкі змянілі метад абрання дырэктараў грамадскага тэлебачання і радыё. Раней яны абіраліся спецыяльным камітэтам, куды ўваходзілі прадстаўнікі, вылучаныя парламентам і прэзідэнтам. Адпаведна, заўжды было так: хто перамагаў на выбарах — той спрабаваў сваіх людзей прызначыць на пасаду дырэктараў грамадскага тэлебачання і радыё. Не заўжды гэта атрымлівалася, але такім чынам, хоць гэтыя СМІ і лічыліся грамадскімі, усё ж уплыў палітыкі на іх адчуваўся.
Цяпер усё змянілася і нават бачнасці таго, што ёсць нейкі незалежны орган, які абірае дырэктараў не зважаючы ні на якія палітычныя сімпатыі, няма. І гэта адыход ад дэмакратычных стандартаў, паводле якіх дырэктары грамадскіх СМІ павінны абірацца без уліку палітычных поглядаў.
Так, больш няма крывадушша і цяпер ад нас не хаваюць, што прызначэнні адбываюцца ў адпаведнасці з палітычнымі перакананнямі. Але змяніўся і кантэнкт навінаў: я бачу цалкам бессэнсоўную прапаганду, чаго не было раней. Не, і раней гэта тэлебачанне таксама было крыху праўладным, цяпер жа колькасць і памер гэтай прапаганды проста зашкльваюць. Валіць прапаганда ўраду, прэзідэнта, саюзнікаў партыі “Права і справядлівасць”: усё, што робіць урад — разумна і эфектыўна, а ўсё, то робіць апазіцыя — дрэнна, не разумна і не адпавядае інтарэсам краіны І гэта дакладна — два крокі назад.
— Атрымліваецца так: тлумачылі змены неабходнасцю пазбаўлення ад палітычнай карупцыі ў прызначэнні кіраўнікоў грамадскіх медыя, а атрымалі — прызначэнні выключна ў інтарэсах правячай партыі?
— Самае цікавае ў тым, што калі на мінулых выбарах перамагла “Грамадзянская платформа”, то яна і са старым заканадаўствам зрабіла так, каб на кіраўніцтва грамадскіх СМІ былі прызначаныя патрэбныя ім людзі. Тое ж магла цяпер зрабіць і “Права і справядлівасць”, але яны пайшлі далей — змянілі закон. Я думаю, зроблена гэта было найперш для таго, каб узмацніць кантроль найперш над тэлебачаннем.
— Міжволі напрошваюцца паралелі з Беларуссю, дзе кіраўнікі дзяржаўных медыя прызначаюцца выключна кіраўніком краіны…
— Ну, у нас усё ж такі парламенцкая рэспубліка і прызначае дырэктараў міністр. Таму параўноўваць сітуацыю з Беларуссю я не стаў бы…
— Так, калі забыцца на момант, што таго міністра, якія прызначае дырэктараў СМІ, фактычна прызначае прэзідэнт…
— Фактычна так і ёсць. У той жа час, нам даводзяць, што, да прыкладу, у Іспаніі дырэктара грамадскага тэлебачання прызначае парламент звычайнай большасцю галасоў. Маўляў, гэта нармальна, калі пераможца на выбарах такім чынам абірае свайго дырэктара. Падобная сістэма прызначэння дырэктара ВВС у Вялікабрытаніі. Але самае галоўнае, чаму я не хачу параўноўваць сённяшнюю сітуацыю ў Польшчы з Беларуссю — у нас вельмі моцныя і ўплывовыя прыватныя тэлеканалы. У вас такога і блізка няма.
Як гэта не парадаксальна, але для партыі “Права і справядлівасць” атрымаць кантроль над грамадскім тэлебачаннем азначала хаця б невялікае пашырэнне плюралізму ў сферы тэлебачання. Справа ў тым, што усе існуючыя ў Польшчы тэлеканалы хоць і з’яўляюцца прыватнымі, але прадстаўлялі сабой праціўнікаў “Права і справядлівасці”. У прыхільнікаў гэтай партыі быў толькі адзін маленькі, па-партызанску зроблены тэлеканал “Рэпубліка”, але ніякага ўплыву на прыватныя СМІ яны не мелі. Цяпер жа, калі яны ўзялі пад кантроль грамадскае тэлебачанне, у іх з’явіўся свой тэлеканал і яны збалансавалі ўплыў прыватных тэлекампаній.
— Вы прыгадалі прыклады прызначэння кіраўнікоў грамадскага тэлебачання ў Іспаніі і Велікабрытаніі, але ж пры гэтым немагчыма казаць, што і там правячая партыя фактычна захоплівае поўны кантроль над грамадскімі медыя?
—Безумоўна. Але я б тут яшчэ падзяліў працэдуру абрання кіраўніка грамадскага тэлебачання і культуру працы такога тэлебачання. Так, у Велікабрытаніі ўрад таксама абірае кіраўніка ВВС. Але, незалежна ад таго — кансерватары пры ўладзе ці лейбарысты — ВВС застаецца аб’ектыўным. І тут мы выходзім на тое, што вялікая праблема менавіта ў палітычнай культуры ў Польшчы, а не ў працэдуры прызначэння. Працэдуры існуюць розныя ў розных краінах: недзе кіраўніка грамадскага тэлебачанне прызначае ўрад, недзе — парламенты, недзе — камітэты ці камісіі. Відавочна адно: калі ўлада пажадае, то яна заўжды знойдзе сродкі, каб паставіць сваіх людзей да кіраўніцтва грамадскіх тэлеканалаў. Важна, каб улада не хацела гэтага рабіць. І вось гэта праблема ў Польшчы. Прычым, не толькі сённяшняя і не толькі дзеючай ўлады.
— Вядучы ток-шоў на грамадскім тэлебачанні Арменіі Тыгран Данілян расказваў, што іх тэлеканал, хоць і атрымлівае значнае фінансаванне з бюджэту краіны, але калі ёсць за што, то моцна крытыкуе дзеючую ўладу. Атрымліваецца, што ў Польшчы з гэтым цяпер яшчэ горш, чым у Арменіі?
— Так, сёння з крытыкай улады на грамадскім тэлебачанні Польшчы складана. У выпусках навінаў таксама гучаць цытаты прадстаўнікоў апазіцыі. Нельга сказаць, што ў нас стала як на вашым БТ, дзе апазіцыя з’яўляецца раз на 4 гады, калі нейкія выбары адбываюцца. У нас прадстаўнікам апазіцыі даюць магчымасць выказаць сваё меркаванне на пэўную тэму ў выпусках навінаў, ёсць ток-шоў — там таксама для іх заўжды знаходзіцца месца. Але тут справа ў балансе часу: колькі эфірнага часу атрымліваюць палітыкі ад улады і палітыкі ад апазіцыі. І як падаюць навіны вядучыя выпуску навінаў: аб’ектыўна ці з нейкімі намёкамі… Таму, не так ўсё страшна, апазіцыя і крытыкі ўлады прадстаўленыя ў эфіры, але ёсць пытанне колькасці эфірнага часу, які яны маюць. І баланс гэты не на карысць крытыкаў.
— Як гэтыя змены адбіліся на журналістах грамадскіх медыя?
— Шмат журналістаў страцілі працу пасля гэтых зменаў. У Варшаве 18 ліпеня была невялікая дэманстрацыя, на якую актывісты апазіцыі прынеслі спіс журналістаў, якія былі звольненыя альбо самі звольніліся з грамадскіх СМІ пасля таго, як пачалі дзейнічаць прынятыя праўкі ў закон. Размова ідзе пра нацыянальныя тэлебачанне і радыё і лакальныя тэлеканалы і там гэтых прозвішчаў было больш за 200. А на іх месца прыйшлі новыя журналісты, для якіх непрыхаваная падтрымка ўлады — натуральная з’ява. Яны адчуваюць, што менавіта так сапраўдная журналістыка і павінна выглядаць.
— Той факт, што супраць такіх зменаў выступілі ў Еўракамісіі і міжнародныя журналісцкія арганізацыі, ніякага значэння не мела?
— Ведаеце, партыя “Права і справядлівасць” акурат вельмі камфортна сябе адчувае менавіта пры наяўнасці нейкага канфлікту — калі ёсць ўнутраны альбо знешні вораг. Калі можна змагацца, калі ёсць прыхільнікі і праціўнікі, калі ўсё дакладна прапісана. Не, і ў асяродку сённяшняй улады ёсць людзі, якія лічаць, што і з Еўракамісіяй, і з іншымі міжнароднымі інстытутамі неабходна дамаўляцца, бо адбываецца парушэнне пэўных стандартаў, але яны сёння ў меншасці. Ну, і як я казаў, “ПіС” вельмі камфортна сябе адчувае калі знаходзіцца ў пастаянным напружанні — у логіцы канфлікту ім лягчэй кіраваць краінай.
Дарэчы, для апазіцыі гэты канфлікт таксама выгадны: дзякуючы яму яны ў сацапытанках набіраюць дадатковыя балы. Адпаведна, абодва палітычныя бакі ў гэтым канфлікце адчуваюць сябе вельмі добра. Таму цяжка спадзявацца, што, да прыкладу, праз якіх два-тры месяцы гэты канфлікт знойдзе сваё вырашэнне — у гэтым ніхто на самой справе не зацікаўлены. На жаль.
— Больш за дзве сотні журналістаў страцілі працу з-за палітыкаў. Як на гэта адрэагавала журналісцкая супольнасць?
— У Польшчы журналісцкая супольнасць падзеленая і ёсць канфлікт у журналісцкім асяродку. У нас, і я гэта кажу з вялікім жалем, недзе 70 % журналістаў альбо наўпрост падтрымліваюць уладу, альбо — апазіцыю. Так не павінна быць у дэмакратычнай краіне, але журналістаў, якія рэальна хацелі б аб’ектыўна глядзець на падзеі, не так і шмат. Не, тыя, хто падтрымлівае апазіцыю, выступаюць у падтрымку пацярпелых ад новага закону калег, але тыя журналісты, якія падтрымліваюць уладу, не зробяць у падтрымку нічога. Маўляў, калі нас некалі скарачалі, то ніхто з вас у нашу падтрымку не выступіў, то чаму мы зараз мусім гэта рабіць?
Няма ў нас агульнага саюзу ці прафсаюзу журналістаў, які б аб’ядноўваў усіх, незалежна ад таго, якія палітычныя погляды хто мае і ў якіх рэдакцыях працуе. У нас дзве журналісцкія асацыяцыі і яны, як і ў вас, падзеленыя па палітычных перакананнях і прыхільнасцях.
Я бачу ў сённяшняй сітуацыі выклік для ўсяго журналісцкага асяродку Польшчы: неабходна, каб мы падтрымлівалі тых, хто па нейкіх прычынах губляе працу. Хаця, шчыра трэба сказаць: пры сённяшняй уладзе значна больш людзей страцілі працу, чым пасля ўсіх папярэдніх зменаў улады.
— Пакуль мы абмяркоўвалі змены з прафесійнага пункту гледжання, а як на іх адрэагавалі шараговыя палякі, якія не вельмі цікавяцца палітыкай і для якіх не важна — хто, як і з якіх меркаванняў прызначае кіраўнікоў грамадскіх СМІ?
— Для тых, хто не цікавіцца палітыкай і падзеямі ў краіне, нічога не змянілася. Фільмы і тэлесерыялы, як ішлі раней, так і ідуць цяпер, усе футбольныя матчы з удзелам польскай зборнай на Еўра-2016 паказвалі. Больш за тое, для тых, хто не звязаны ні са СМІ, ні з палітыкай больш значнымі з’яўляюцца эканамічныя рэформы новай улады. Да прыкладу, ёсць у нас праграма, па якой на кожнае другое і далей дзіця сям’я атрымлівае штомесяц 125 еўра. Сем’ям якія да гэтага жылі на мінімальны заробак, асабліва ў рэгіёнах, гэта вялікая падтрымка — яны, фактычна, упершыню адчулі сябе сапраўднымі людзьмі! Мая жонка з рэгіёна і сярод яе землякоў узровень жыцця відавочна вырас. І для гэтых людзей больш важна тое, што адбываецца ў іх кішэнях, чым тое, што адбываецца на нейкім там тэлебачанні ў далёкай Варшаве. З гэтым фактарам неабходна лічыцца ўсім бакам унутрыпалітычнага канфлікту ў Польшчы.
— Такім чынам, казаць, што сітуацыя са свабодай слова ў Польшчы апошнім часам пагоршылася, нельга?
— Не ўсё так добра, як гэта падае “Права і справядлівасць”, але і не так дрэнна, як гэта сцвярджае апазіцыя. Пакуль у мяне, як спажыўца інфармацыі ёсць выбар, пакуль я магу з грамадскага, а цяпер нацыянальнага тэлеканала пераключыцца на канал прыватны і пачуць іншую пазіцыю, то сітуацыю са свабодай слова я апішу так — перажывём.