1899 0

Сяргей Лескець: “Калі б закінуў фатаграфію, стаў бы наркаманам ці спіўся”

05.01.2016 Крыніца: Настасся Роўда для www.baj.by

Сяргей здымае тое, што не прынята, і тое, што пад нагамі, але чаго ніхто не бачыць. Дакументуе эпоху — не столькі дзеля сябе, колькі дзеля нашчадкаў. Ён жыве не ў Мінску і стаіць крыху асобна ад усіх сталічных фатографаў. Але нягледзячы на гэта, яго працу заўважаюць і за межамі Беларусі.

Цяпер Сяргей жыве ў Маладзечне. Шмат ездзіць па вёсках. Ашмяншчына, Астравеччына, Смаргоншчына, Валожыншчына, Вілейшчына добра вядомыя фатографу яшчэ са студэнцкіх часоў, калі ён захапляўся краязнаўствам.

— Я быў найперш гісторыкам. Пасля стаў пісаць для “Нашай Нівы” кніжныя агляды, пазнаёміўся з фатографамі Юляй Дарашкевіч, Андрэем Лянкевічам, якія там працавалі. Мне было цікава, што яны здымаюць, але я гэтага не разумеў і гэта не мела для мяне вялікага значэння. Потым стаў вярстаць часопіс “Куфэрак Віленшчыны”, вывучаць графіку, дызайн. Пачынаў з нуля, навыкаў такіх не было. Хлопцы з Задзіночання беларускіх студэнтаў, якія рабілі розныя самвыдаты, навучылі карыстацца праграмамі “InDesign”, “PageMaker”. А потым сястра набыла мыльніцу, якую я ў яе пазычаў. Мяне найбольш цікавілі этнаграфічныя матэрыялы, я іх і здымаў. Далей перайшоў з дзённага на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, затым — у войска…

— Кім усё ж планаваў быць?

— Ува мне ёсць цікаўнасць даследчыка. Мне падабаецца працаваць з людзьмі, штосьці вышукваць, збіраць, сістэматызаваць. Меркаваў, што буду звязаны з гісторыяй. Калі ж на цікавыя мне гістарычныя пытанні па сваім рэгіёне адказаў, надышоў ступар. Сухая навуковая праца мне не падабалася, яна мала каму зразумелая.

Я меў доступ да аддзелаў рэдкіх кніг, назапасіў шмат матэрыялаў. Сябры навучылі карыстацца ЖЖ, тады якраз быў бум LiveJournal, і я пачаў выкладаць туды свае працы. Па выходных браў ровар і катаўся па розных вёсачках: спатольваў голад краязнаўцы. Пісаў нататкі, фатаграфаваў, закідваў убачанае і пачутае ў інтэрнэт і лавіў ад гэтага кайф.

Потым пайшоў у войска, калі вярнуўся, трэба было аднаўляцца ва ўніверсітэце. Навучанне каштавала немалых грошай, і мая цётка параіла ісці на чыгунку іх зарабляць. Я падумаў і пайшоў. Крыху збіўся са сваёй хвалі, затое набыў першую больш-менш прыстойную камеру. Пазней стаў заганяцца па аб’ектывах і іншых прымочках, але разумныя людзі падказалі, што трэба шукаць сябе, а не бегаць за аб’ектывамі.

— Якая фатаграфія табе была цікавая на пачатку?

— Фатаграфія зацікавіла мяне як дакумент, без фальшу. “Кветачкі і дзевачкі” мяне як фатографа не цікавілі.

Я стаў сачыць за працамі рэпарцёраў-дакументалістаў. Чытаў абмеркаванні фотаработ на блогу ў ЖЖ вядомага расійскага фотажурналіста Сяргея Максімішына.

У той час у войска забралі фатографа Сяргея Гудзіліна. Я сачыў за тым, што ён там здымаў, і шчыра зайздросціў, бо ў мяне не было магчымасці ўзяць з сабой камеру. Мяне захапляла, у якіх умовах ён змог працаваць. Гэта стымулявала штосьці рабіць і прыдумляць.

Потым захацеў папрацаваць над рэпартажамі. Паехаў на будаўніцтва чыгункі на атамнай электрастанцыі як чыгуначнік, узяў з сабой камеру, і калі работу скончылі, паздымаў. Тады каля тэмы АЭС усе круціліся, але ніхто не ездзіў фатаграфаваць, бо ніякага руху не было, стаяла голае поле. А тут чыгунку пракладаюць, нейкае дзеянне. Тады я зразумеў, што гэта – маё, і я буду гэтым займацца.

Потым мая жонка, а тады яшчэ дзяўчына, сказала: “Перабірайся ў Мінск, мне калгаснік не патрэбны”.

І ў пэўнай ступені я ёй за гэта ўдзячны, таму што мне давялося выйсці са сваёй зоны камфорту. Я тады жыў у Заскавічах у бацькоўскай хаце. У мяне была ідэя набіраць грошай і пабудаваць там свой дом. Прысядзібны ўчастак і матэрыялы меліся, патрэбныя былі грошы.

Падаўся ў Мінск, працаваў год ахоўнікам у супермаркеце. Праца спакусіла зручным графікам: два дні працуеш, два дні адпачываеш. Быў час на падпрацоўкі: паздымаў вяселле, дзяўчат у Лошыцкім парку — вось табе грошы, якія ішлі на новыя вандроўкі. Набыў лепшы аб’ектыў. Ёсць такое правіла: камеры мяняюцца, аб’ектывы застаюцца.

Потым звольніўся, перайшоў у іншую фірму. Добра зарабляў, але здарыўся валютны крызіс, і фірма збанкрутавала. На той момант у мяне ўжо было шмат вясельных замоў, партфоліа, але ў выніку грошай зноў апынулася мала. Здымалі кватэру ў Мінску, а яшчэ трэба было дзяўчыну ў кавярню звадзіць… І я вырашыў вярнуцца ў родны горад і займацца тым, да чаго ляжыць душа: паспрабаваць сябе ў журналістыцы.

— З чаго пачаў?

— Праглядзеў усе інфармацыйныя рэсурсы, знайшоў іх электронныя адрасы і разаслаў усім універсальны ліст. Мне адказала Вераніка Трызна з рэдакцыі “Інтэрфакс”. Першае пытанне, якое яна задала: ці сам вырашыў здымаць рэпартаж з чыгункі на АЭС. Я доўга думаў, што адказаць. Скажу, што па замове рэдакцыі, – гэта з мяне здымае ўсю адказнасць. Можа, яно і добра, бо раптам было забаронена здымаць?.. Але набраўся смеласці і адказаў, што сам вырашыў. І правільна зрабіў, бо гэта азначала, што мне не трэба ўвесь час даваць заданні. Мяне запрасілі ў рэдакцыю. Першыя рэпартажы былі досыць прымітыўныя, але з цягам часу я пачаў шукаць штосьці цікавае.

Потым Вольга Рудніцкая запрасіла ў “kraj.by”. Была ўмова — ні з кім больш не супрацоўнічаць.

Я рабіў для партала фотагалерэю вёсак.

Ехаў да Гудагая, аўтаспынам дабіраўся да самага дальняга хутара і пешшу праходзіў 15-20 кіламетраў. Фатаграфаваў, знаёміўся з людзьмі.

Графіку працы не было, я меў час вучыцца. Трапіў да Андрэя Лянкевіча на курс па мультымедыйнай журналістыцы. Рабіў праект пра кантрабандыстаў, некалькі месяцаў ездзіў да іх, размаўляў, здымаў. У апошні момант яны наадрэз адмовіліся ад публікацыі фота. І я зрабіў серыю здымкаў пра дзеда-шамана, у якога спыняўся падчас вандровак па Астравеччыне.

На выніковай сустрэчы курса Андрэй адказваў на нашы пытанні, і ў мяне выбудавалася схема, як чагосьці дамагчыся ў фатаграфіі. Выглядае так: ты ўкладаеш свае грошы, працуеш над праектам, марнуеш свой вольны час і прадаеш гатовы прадукт.

Потым я сышоў з kraj.by і вярнуўся назад у “Інтэрфакс”.

— Што табе дапамагала на пачатку кар’еры ў журналістыцы?

— Звычайна фатографы не ўмеюць пісаць. Для мяне гэта не праблема. Можа быць, тэкст будзе не зусім журналісцкі, але рэдактарам прасцей. Ёсць гатовы матэрыял, яго трэба толькі крыху падправіць.

— Кажуць, Беларусь — краіна, дзе нічога не адбываецца. Згодны?

— Сапраўды, калі паглядзець стужку навін замежных агенцтваў: “Associated Press”, “Associated France Presse” (AFP), “Reuters” — у нас з года ў год адно і тое ж. Зрэдку з’яўляюцца нетыповыя кадры, звычайна зробленыя фатографам па дарозе на іншыя здымкі. Першыя гады цікава здымаць тое, што здымаюць усе. Як, да прыкладу, паехаць на Магілёўшчыну паздымаць унікальны жаночы абрад, куды мужчын не дапускаюць. Але потым гэта надакучвае.

Фатаграфія — твой квіток у чужое жыццё. Праз прызму камеры ты бачыш іншых людзей, гэта мяне вабіць.

Я некалькі гадоў здымаю на стужку серыю партрэтаў бабак-шаптух. За гэтыя гады некалькі з тых, каго я збіраўся здымаць, памерлі. Трэба было мяняць першапачатковую задуму, і пакуль я вырашаў, як лепей зрабіць, вярнуўся да праекта “Агра”, які тады быў у замарожаным стане.

З шаптухамі складана. І вышукваць іх не проста, і працаваць з імі. Але там кожны чалавек — космас. Я калі гэты матэрыял даслаў у Акадэмію навук, яны сказалі, што ў іх такога яшчэ не было. Пакуль што гэты праект не апублікаваны, я хачу найперш зрабіць кнігу.

— Не баішся, што пасля публікацыі пачнецца агульнае вар’яцтва і да іх натоўпы пабягуць?

— Я аберагаю свае кантакты — хлушу з імёнамі, з мясцовасцю. Вядомы беларускі этнограф Таццяна Валодзіна з Акадэміі навук дала мне метадычку, у якой патлумачана, як з імі працаваць, каб не нашкодзіць.

— Ты казаў, не любіш здымаць тое, што ўсе здымаюць. Але ўжо многія лічаць папсовым фатаграфаваць вёску. Што ты думаеш на гэты конт?

— У нас усе здымаюць вёску, але здымаюць як: бабулькі, вышыванкі. Усё вельмі павярхоўна. Глыбока працаваць над тэмай ніхто не хоча, бо гэта не заўсёды акупаецца. Калі ж ты крышачку валодаеш англійскай мовай, адкрываецца свет заходняй прэсы. І калі добра распішаш сваю канцэпцыю, ідэю, ганарар будзе як мінімум 200 – 300 еўра. На гэтыя грошы ўжо можна месяц спакойна жыць і працаваць над іншымі праектамі.

Калі глядзеў на працы сусветна вядомых фатографаў, я зразумеў, што многія нетыповыя рэчы можна рабіць на сваёй мясцовасці. Так з’явіўся праект “Агра”, так прыйшла ідэя праекта пра шаптух.

Нядаўна вядомы беларускі кінарэжысёр Віктар Аслюк у інтэрв’ю “Радыё Свабода” разважаў, што з сябе ўяўляе сённяшняя вёска. Ён называў два сучасных сімвалы Беларусі. Першы — аграгарадкі. Другі — Асіповічы — горад, які збудавалі людзі, што прыехалі з вёскі.

Традыцыйная вёска — сімвал нашага адвечнага раю. Той вёскі, якая была раней, ужо няма.

Я доўгі час працаваў з ідэалізаванай вёскай. Гэта міф. Насамрэч вёска іншая. Цяпер я дакументую яе.

— Ці ёсць сувязь паміж тым, што ты нарадзіўся ў вёсцы і здымаеш вёску?

— Я займаюся тым, што найлепш ведаю. Калі хочаш зрабіць нешта глыбокае, мусіш у гэтым варыцца. Я цяпер занатоўваю сучасны горад — тры пакаленні. Больш гараджан фактычна няма. Яны ўсе былі знішчаныя ў вайну. Сучасны горад вырас з вёскі. Цікава, што ранейшыя вяскоўцы з сабой перавязуць. Мы нясём культуру вёскі ў горад. Пакуль што гэта занатоўкі, ці  атрымаецца з гэтага праект — не ведаю.

— Тое, што жывеш не ў Мінску, дапамагае ці замінае табе?

— Я жыву за кошт таго, што не ў сталіцы. Па-першае, у Мінску пару тузінаў добрых фатографаў, якім рэдакцыі не даюць грошы на раз’езды па Беларусі. Яны пераважна ў Мінску і здымаюць. У мяне ж шмат кантактаў па розных вёсках рэгіёна, ёсць у каго заночыць. Едзеш на пару дзён, дзень ужываешся, дзень здымаеш. Ніхто сюды не едзе? Значыць, я буду тут працаваць.

Зразумела, важна быць у тусоўцы фатографаў. Я ў пэўнай ступені ў ізаляцыі. Яны ў Мінску часцей сустракаюцца. Але ўсё адно перасякаемся, збольшага ўсе знаёмыя.

— Ёсць рэчы, якіх ты прынцыпова не здымаеш?

— Часам, каб не стаць вар’ятам, даводзіцца шукаць глабальнае ў дураце. Калі, напрыклад, кажуць схадзіць паздымаць “Дажынкі”, якія табе проста не цікавыя. Пачынаеш думаць – а раптам сёння-заўтра штосьці зменіцца ў краіне, і гэтага як з’явы больш не будзе. Пачынаеш глядзець на падзею як на прадмет даследавання. З’яўляецца нейтральны позірк на такія рэчы. Ужо не зробіш тыповы здымак для агенцтва: п’яны пасля “Дажынак” на фоне Леніна.

Быў эпізод з бабкамі-шаптухамі. Прыехаў да адной, папрасіў распавесці пра лекавыя травы. Яна ўсё расказала, я на відэа зняў. Тут прыязджаюць маці з дачкой лячыцца. Ніколі не думаў, што мне пашчасціць паздымаць працэс лекавання, бо гэта як табу ў іх. Я ўжо склаў сумку, збіраўся ад’язджаць, а яны выходзяць, і дачка кажа: “Во, бабуля! Патрапіш у камеру!” Я зразумеў, што мне далі дабро здымаць. І кажу шаптусе: “Людзі не супраць, можна я тут пабуду?”. Яна дазволіла.

Ты — фатограф. Пакуль за рукі не дзяруць, здымай. Рабі тое, што лічыш патрэбным. Калі чалавек даў дабро на здымкі – фатаграфуй, што хочаш, не саромся. Каробіць — не важна. Ты проста люстэрка.

Ужо потым, бывае, як пераглядаеш адзнятае, пяршыць у горле, камяк падступае. 

— Якую сваю працу лічыш самай удалай?

— Тую, якую яшчэ не адзняў. Я ўжо зразумеў, што ў Беларусі працуеш для сябе. Публіка неадукаваная, ёсць пяць-дзесяць чалавек, якія зразумеюць, ацэняць тое, што ты зняў.

Гэта таксама і праца на будучыню. Бывае, гартаеш альбом 80-х гадоў, і разумееш, якая была эпоха. Сённяшні дзень ніхто так глабальна не здымае.

Адзін з самых вядомых у свеце ваенных фатографаў Юрый Козыраў казаў, што чаго не здымаў — дык гэта сваё пакаленне, сваіх людзей. Чаму б не паздымаць тое, што ляжыць пад нагамі? Я такі чалавек, які больш дае, чым бярэ. Я разумею каштоўнасць тых людзей, якіх здымаю. Звычайных людзей. Газета “The Guardian”, якая ўзяла мае фота вяскоўцаў, мяне крышачку падтрымала, бо часам падаецца, здымаеш банальнае, руціннае, што нікому не цікава. Было прыемна, калі дзяўчына з Англіі, якая эмігравала з Беларусі ў 1990-я гады, напісала: “Ваў! Ты такія рэчы класныя робіш! Давай працягвай!” І яшчэ даслала цэлы спіс заходніх выданняў, каму гэта можа быць цікава.

— Што, па-твойму, добры, геніяльны, гістарычны кадр?

— Сёння фотажурналістыка, дакументальная фатаграфія не гавораць адным кадрам. Сучасная фатаграфія найперш размаўляе мультымедыя, фотагісторыямі, праектамі. Яна пераходзіць у галерэі, выставачныя залы. Фатаграфія — сучаснае мастацтва, глыбокае даследаванне.

— Як убачыць лепшы кадр?

— Гэта ўсё інтуітыўна. Мне важна здымаць тое і тады, калі, падаецца, ужо няма чаго здымаць. Прыходзіш на мерапрыемства, асноўнае дзеянне, якое пойдзе рэдакцыі, адздымаў, але камеру не хаваеш. Паміж момантамі экшна таксама ёсць рух. Здымаць яго нашмат складаней, але нашмат цікавей. Зрабіць кадр тады, калі, падаецца, нічога не адбываецца.

— Каго назавеш галоўнымі настаўнікамі?

— Фактычна, маімі двума галоўнымі настаўнікамі былі Андрэй Лянкевіч і інтэрнэт, дзе, пры жаданні, усё можна знайсці.

Андрэй аднойчы сказаў: “Не трэба арыентавацца на мясцовыя выданні. “The New York Times”, “The Guardian” — вось ваша планка. Тады будзе штосьці добрае атрымлівацца”.

— Уяўляеш жыццё без фатаграфіі?

— Калі жаніліся з Ірай, трэба было грошы зарабляць на сям’ю. Я тады думаў закінуць усю гэтую творчасць, якая на той час грошы не прыносіла. Жыць як звычайныя людзі: хадзіць на піва па пятніцах, усё такое. Але я б ці стаў наркаманам, ці спіўся. Камусьці рыбалка, камусьці піва, а ў мяне гэта. Зараз жонка не супраць, хобі стала працай і пачало прыносіць грошы.

— Як знаходзіш падыход да людзей?

— Прыязджаеш у вёску і прывозіш тое, чаго там няма. Альбо проста хлеб з горада: з Мінска ці з Маладзечна, не важна. Там жа, на Ашмяншчыне ці Смаргоншчыне, хлеб не такі. У людзей там іншыя каштоўнасці. Я б ніколі не падумаў, што цукеркі, гарэлка ці бальзамчык ім не патрэбныя. А гэта ўсё аўталаўка прывозіць. Затое добры хлеб і селядзец смачны — гэта ўжо іншае, гэта працуе.

— Чым цяпер здымаеш?

— Працую больш на стужку. Калі якасна адсканаваць, карцінка атрымліваецца да 60 мегапікселяў. А рэпарцёрская камера — Canon EOS 5D markII.

Зноў жа — не важна, чым здымаць. Мяне запрасілі да сваякоў на гулянку, на хрэсьбіны. І тут бац — пачынаецца цікавае дзеянне. А я столькі часу хацеў паздымаць, як у вёсцы хрэсьбіны ідуць! Дзякуй богу, сястра нядаўна купіла люстэркавую камеру пачатковага ўзроўню. Я хуценька наладкі пад сябе падагнаў, зняў рэпартаж. Жонка смяецца: п’яны фатограф з крывой камерай. Так што камера – неістотна. Галоўнае, што ты хочаш гэтым сказаць.

— Ёсць фатографы, працы якіх ты лічыш вяршыняй фотамайстэрства?

— У мяне блізу 35 фатографаў, за якімі я сачу. Мне падабаецца брытанскі фатограф Марк Паўэр, амерыканскі дакументаліст Алек Сот, польскі фатограф Рафал Мілах, які працуе ў арт-доку. Адам Блумберг і Олівер Чанарын муцяць такія праекты, дзе не зразумець, ці гэта фатаграфія, ці гэта візуальнае даследаванне. Я спачатку баяўся кагосьці капіраваць, але потым зразумеў, што ўсё роўна гэта твой досвед, тваё бачанне. Ты як губка штосьці ўбіраеш, але нават пасля выціскання вільгаць застаецца. Ты ж візуальна сталееш: чым больш бачыш, тым больш назапашваеш. І ўжо імкнешся пазбягаць клішэ.

Сяргей Лескець. Нарадзіўся 25 чэрвеня 1984 года ў вёсцы Турэц-Баяры ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Праз месяц пасля яго нараджэння сям’я пераехала ў Заскавічы. Вучыўся ў Заскавіцкай школе да 9 класаў, у Турэц-Баярскай — у 10–11 класах. Скончыў БДПУ імя Максіма Танка і Беларускі калегіум. Служыў у войску ў 2006—2007 гадах.

Каментары